Гераічны ўчынак

- 11:33Сацыяльны ракурс

1 мая не для ўсіх быў вясёлым святочным днём. Увечары гэтага дня ў шматпавярховым доме па вуліцы Солтыса ў Мінску адбылося ўзгаранне кватэры на 6 паверсе. Дым і полымя выпадкова ўбачылі навучэнцы Каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе РІПА Аляксандр Аляксанаў і Уладзімір Мардас. Яны пачулі крыкі аб дапамозе і кінуліся па лесвіцы ўверх. Хлопцам прыйшлося ўзламаць металічныя дзверы, трапіць у кватэру і вывесці на лесвічную пляцоўку гаспадыню. Аляксандр і Уладзімір заставаліся з жанчынай сталага ўзросту да прыбыцця ратавальнікаў.

Учынак навучэнцаў не застаўся незаўважаным, хаця  хлопцы не хваліліся, а сціпла адказвалі на пахвалу словамі,  што так зрабіў бы кожны. Гэтымі днямі ў каледжы ў прысутнасці навучэнцаў, педагогаў і ганаровых гасцей адбылося ўшанаванне хлопцаў за іх высакародны ўчынак. Сярод удзельнікаў сустрэчы былі намеснік кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска А.Кудзерманаў, дырэктар каледжа А.Рыбак, намеснік начальніка ўпраўлення па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС палкоўнік унутранай службы А.Ганусевіч, першы намеснік начальніка Партызанскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях маёр унутранай службы Д.Сяргейчык, намеснік старшыні Партызанскай раённай арганізацыі г. Мінска “Белая Русь” В.Даўгалёва, другі сакратар Партызанскага РК БРСМ А.Голахаў. Такое высокае прадстаўніцтва яшчэ раз пацвердзіла значнасць учынку навучэнцаў, іх неабыякавасць да наваколля, кемлівасць і самаадданасць.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 54, 18 мая.

Ала КЛЮЙКО.