Герб, сцяг, гімн  — галоўныя атрыбуты дзяржавы

- 12:18Портфолио

Інфармацыйная гадзіна  для навучэнцаў II ступені агульнай сярэдняй адукацыі 

Мэта:

  • прывіццё асноўных каштоўнасцяў, ідэй, перакананняў, якія адлюстроўваюць сутнасць беларускай дзяржаўнасці, фарміраванне актыўнай дзяржаўнай і асабістай пазіцыі навучэнцаў у станаўленні моцнай і аўтарытэтнай дзяржавы.

Задачы:

  • спрыяць усведамленню беларускай дзяржаўнасці, разумення традыцый, ідэй і культуры беларусаў, далучэнне вучняў да нацыянальнай спадчыны;
  • фарміраванне павагі  да  дзяржаўных сімвалаў, азнаямленне з правіламі іх выкарыстання.

Форма: інфармацыйная гадзіна.

Абсталяванне: ноўтбук, тэлевізар, тэматычная выстава “Галоўныя сімвалы беларускай дзяржаўнасці”, запіс гімна Рэспублікі Беларусь, выявы герба і сцяга, слайд-прэзентацыя  “Мая Радзіма — Беларусь”, раздатачны матэрыял.

Ход мерапрыемства:

(Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Усе ўдзельнікі слухаюць яго стоячы.)

(Выявы герба і сцяга ўмацоўваюцца каля дошкі. Настаўнік прапануе прысутным уважліва іх разгледзець і запомніць.)

Настаўнік: Добры дзень! Сёння мы правядзём інфарміну аб сімвалах нашай Радзімы, з дапамогай якіх прынята прадстаўляць нашу краіну ў свеце. Пазнаёмім з іх значэннем і роляй у жыцці кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

 З самага дзяцінства нашы бацькі выхоўваюць у нас любоў да Радзімы. Кожны народ спрадвеку абараняў і аберагаў Радзіму — тэрыторыю свайго развіцця і пражывання, нацыянальную культуру, сфарміраваныя вопытам пакаленняў звычаі, ганарыўся і ганарыцца сваёй гісторыяй, славіў і славіць гераічных, працавітых продкаў.

Вядучы (1): Рэспубліка Беларусь — не толькі назва дзяржавы, але і свайго роду сімвал. Слова “сімвал” утворана ад грэчаскага “symbolon”, што ў перакладзе на беларускую мову азначае знак, апазнавальная прыкмета. Яднанню народа служылі шматлікія агульнапрынятыя сімвалы ў адзенні, упрыгожваннях, жыллёвых пабудовах. Гэтыя сімвалы, носьбіты сучаснай інфармацыі, выкарыстоўваліся ў паўсядзённым жыцці простага народа, пры дварах кіраўнікоў. Мы нарадзіліся на беларускай зямлі, узгадаваліся і жывём на Беларусі.

Чытальнік:

Я — беларус, я нарадзіўся

  На гэтай казачнай зямлі.

Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх

  Адвеку прашчуры жылі.

Я — беларус, я ганаруся,

Што маю гэтае імя!

Аб добрай славе Беларусі

Ў свеце знаюць нездарма!

Я — беларус і я шчаслівы,

Што маці мову мне дала,

Што родных песень пералівы

  І зблізку чую, і здаля.     

                           Ніл Гілевіч

Вядучы (2): Якая прыгожая назва ў нашай краіны — Беларусь! А яшчэ мы завём яе — Радзіма, Бацькаўшчына. Радзіма, бо тут мы нарадзіліся. Бацькаўшчына — бо яна нам дасталася ад нашых бацькоў, а ім ад іх бацькоў — нашых дзядоў. А далей — ад прадзедаў, ад прапрадзедаў… І так аж да самых далёкіх продкаў. (Прапануецца ўспомніць прыказкі і прымаўкі пра Радзіму.)

  • Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка.
  • Родная зямелька, як зморанаму пасцелька.
  • Хто за Радзіму гарой, той сапраўдны герой.
  • У сваім краі, як у раі.
  • Чалавек без Радзімы, што салавей без песні.

Вядучы (1):У свеце налічваецца каля  200 дзяржаў. Кожная краіна мае свае апазнавальныя сімвалы. І наша рэспубліка не выключэнне. У Асноўным Законе Рэспублікі Беларусь (Канстытуцыі), сказана, што галоўнымі дзяржаўнымі сімваламі нашай краіны з’яўляюцца герб, сцяг і гімн, якія былі зацверджаны 14 мая 1995 года на рэферэндуме.

Першае ўпамінанне пра Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны герб было ў 1919 годзе, калі 3 лютага на І Усебеларускім з’ездам Саветаў была прынята першая Канстытуцыя БССР. Паколькі ў розных краін і народаў розная гісторыя — розная ў іх і сімволіка. На гербах і сцягах можна ўбачыць грозных львоў, драпежных арлоў, кароны і крыжы, сонца, месяц, зоркі і нават лісток клёна. А пачнём, вядома ж, з гісторыі.

Вядучы (2): Больш за 1000 гадоў назад у свеце ўжо існавалі строгія правілы стварэння і нашэння гербаў. Галоўная ўмова — усе гербы і сцягі павінны істотна адрознівацца і не паўтараць адзін аднаго. Напрыклад, у жорсткіх бітвах выкарыстоўваліся, перш за ўсё, асаблівая форма і афарбоўка шчытоў, а таксама асаблівыя віды зброі. Продкі беларусаў карысталіся акруглымі шчытамі, афарбаванымі ў чырвоны колер, насілі белыя льняныя кашулі і аддавалі перавагу ў сутычках дзідам і баявым сякерам. Шчыт самага знакамітага ваяра, упрыгожаны “шчаслівымі прыметамі”, або “знакамі лёсу”, з часам пераўтварыўся ў герб.

Чытальнік:

Излучает он чудесный свет.

У него высокая судьба,

И, пожалуй, в целом мире нет

Благородней нашего герба.

Не гривастый лев и не орёл

И не рыцарь, вскинувший клинок,

Утреннего солнца ореол,

Из колосьев и цветов венок.

                                         Бронислав Спринчан

Вядучы (1): Ёсць нават спецыяльная гістарычная навука — геральдыка, якая займаецца апісаннем гербаў і іх гісторыяй, даследуе паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне гербаў, інстытут іх карыстання.

У нашым паўсядзённым жыцці Дзяржаўны Герб мае вельмі шырокае прымяненне. Кожная дэталь мае вялікае значэнне і дае бачныя, наглядныя і ў той жа час важныя звесткі пра нашу краіну і народ. Слова “герб” паходзіць ад польскага “herb”, якое ў сваю чаргу ўтварылася ад нямецкага “erbe”, што перакладаецца як спадчына. Герб, калі разглядаць у шырокім значэнні гэтага слова, — перш-наперш спадчынны знак адрознення.

Чытальнік:

Наш герб і наш сцяг — гэта сімвал свабоды,

Высокай культуры і дружба народаў.

У ім веліч яднання сялян і рабочых,

Хто бачыць Радзіму квітнеючай хоча.

Лунае наш сцяг над Домам Урада,

Над дахамі школы, дзіцячага сада,

У гонар герояў і алімпійцаў,

А ў святы — ад вёскі і аж да сталіцы.

Усе выявы і колер, маюць глыбокі сэнс і даюць нагляднае ўяўленне аб нашай краіне і народзе. І зараз мы вам раскажам, што азначае кожны знак беларускага герба.

Вядучы (1): У сярэдзіне герба размешчаны контур межаў Беларусі. Ён сімвалізуе тэрытарыяльную цэласнасць краіны і азначае, што Беларусь не мае патрэбы ў чужой зямлі, але зберажэ кожную пядзю сваёй. Контур краіны апраўлены вянком з каласоў, пераплеценых з аднаго боку ружовымі кветкамі канюшыны, з другога — блакітнымі кветкамі лёну.

 Склад вянка ў нашым гербе таксама невыпадковы. Усё тут сімвалізуе працу і багацце. Вянок спрадвеку быў узнагародай пераможцу і ўвасабляў перамогу. А яшчэ гэта сімвал памяці і сувязі паміж нашчадкамі і продкамі. Вянок з залатых жытніх каласоў са старажытных часоў мае святы сэнс для ўсіх славянскіх народаў. Славяне верылі, што пучок або сноп хлебных каласоў — лепшы спосаб звароту да чароўных сіл з просьбай аб дараванні новага ўраджаю і росквіту.

Ніжэй контуру межаў нашай рэспублікі змешчаны зямны шар і ўзыходзячае над ім сонца з залатымі праменямі.

Зямны шар — знак таго, што Рэспубліка Беларусь адна з дзяржаў у свеце. Яна ўспрымае ўсе народы Зямлі як раўнапраўных сяброў і партнёраў, гатова з імі сябраваць і гандляваць, абменьваючыся вырабамі і ведамі. Яднанне зямлі і сонца — галоўны знак жыцця. Яны адлюстроўваюць надзеі на росквіт Беларусі на аснове трывалай сувязі з роднай зямлёй-карміцелькай і з мудрасцю народа, які любіў працаваць на гэтай зямлі.

У верхняй частцы герба знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка — сімвал чалавека і чалавецтва, знак мужнасці і высокіх памкненняў. Азначае гатоўнасць кожнага жыхара да абароны сваёй Радзімы.

Герб абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой унізе зроблены надпіс залатога колеру “Рэспубліка Беларусь”.

Вядучы (2): Такім чынам, герб нашай краіны раскрывае сябе як яркая і запамінальная кніга пра беларускі народ. У ім адлюстраваны асноўныя нацыянальныя духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, праца, імкненне да ўдасканалення сваёй асобы і ўсяго грамадства, міралюбнасць і адначасова гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду і суверэнітэт.

Герб упрыгожвае ўрадавыя ўстановы, усе важнейшыя дакументы і пячаткі ўтрымліваюць выяву Дзяржаўнага герба, і выкарыстоўваюцца ўсімі дзяржаўнымі органамі краіны.

Вядучы (1): Яшчэ адным дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Сцяг. Дзяржаўны сцяг выказвае істотна важныя звесткі пра нашу краіну. На Беларусі сцяг вядомы з сярэднявечча. Нашы далёкія продкі, славяне, падчас ваенных сутыкненняў і бітваў выкарыстоўвалі сцягі, каб адрозніць сваіх ад чужых. Сцяг уяўляў сабой доўгі шэст з умацаванымі на верхавіне галінкамі дрэў, пучкамі травы ці конскіх валасоў. Пазней да шаста прымацоўвалі кавалкі яркіх тканін рознай формы. Гэта і былі першыя сцягі.

У 1991 годзе, калі Беларусь набыла незалежнасць, сцяг быў бел-чырвона-белы, але ў 1995 годзе ён быў заменены на чырвона-зялёны.

Страна моя родная, Беларусь,

Пусть над тобой всегда свободно реет

Наш флаг, в котором радостно слились

Цвета, которые нам всех милее.

Зелёный — цвет полей, лугов, лесов,

И красный цвет — цвет жизни и надежды,

И белый цвет как символ всех веков,

Хранящих в сердце и любовь, и верность.

Вядучы (2): Дзяржаўны сцяг РБ уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з двух гарызантальна размешчаных палос: верхняй — чырвонага колеру і ніжняй — зялёнага колеру. Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі. Кожны колер нашага сцяга мае сваё тлумачэнне.

Чырвоны колер са старажытных часоў служыць знакам Сонца, сімвалізуе кроўныя сувязі, брацтва, барацьбу за правую справу. Адначасова гэта знак шчаслівага жыцця. «Чырвоны» ў старажытнарускай мове азначала «прыгожы», «ганаровы». Напэўна, таму ў даўніну знатныя людзі насілі чырвоныя шапкі і чырвоныя боты.

Зялёны колер — гэта колер прыроды. Колер палёў, лугоў, лясоў, якія здаўна займалі асноўную частку тэрыторыі нашай краіны. Зялёны —яшчэ і колер дабра, росту, развіцця, дабрабыту і міру.

Белы колер —перш за ўсё колер свабоды. Нездарма лічаць, што назва нашай краіны звязана з нязгаснай воляй народа да свабоды. Разам з тым белы — колер маральнай чысціні і мудрасці. І менавіта гэтыя якасці павінен свята захоўваць у сваёй душы сапраўдны грамадзянін беларускай зямлі.

Сцяг Беларусі мае адну яшчэ вельмі важную, характэрную рысу — гэта чырвоны народны ўзор ці, іншымі словамі, арнамент.

Лічыцца, што Беларусь была адной з першых краін, якая выкарыстоўвала нацыянальны арнамент у якасці элемента дзяржаўнага сцяга. Пазней нацыянальныя арнаменты з’явіліся на сцягах Казахстана і Туркменістана, пасля набыцця імі незалежнасці.

Арнамент па сутнасці свайго паходжання — гэта сімвалічны малюнак, графічны спосаб прыцягнення вышэйшых боскіх сіл. Яшчэ ў тыя далёкія часы, калі не існавала пісьменнасці, з дапамогай падобных узораў людзі звярталіся з просьбамі і пажаданнямі да вышэйшых, чароўных сіл, вышывалі вопратку, упрыгожвалі хаты, збрую, бытавы посуд — гаршкі, кубкі, куфэркі.

Вядучы (1):  На Дзяржаўным сцягу РБ намалявана частка найбольш старажытнага арнаменту «Узыходзячае сонца», які ў 1917 годзе стварыла простая сялянка Матрона Маркевіч з вёскі Касцелішча Сенненскага павета. Гэты арнамент сімвалізуе перш за ўсё працавітасць і працоўнае майстэрства.

На белы колер накладзены беларускі нацыянальны арнамент, які аб’ядноўвае чырвоны і зялёны колеры ў графічны малюнак, напоўнены высокім сэнсам. Такім чынам, тры паласы Дзяржаўнага сцяга — гарызантальныя чырвоная і зялёная, вертыкальная белая з чырвоным арнаментам — нясуць пажаданне дабра, поспеху і росквіту ўсім грамадзянам Беларусі і ўсім народам Зямлі.

Дзяржаўны сцяг у нашым паўсядзённым жыцці мае вельмі шырокае выкарыстанне. Яго можна ўбачыць на будынках органаў рэспубліканскай, абласной і мясцовай улады, будынках нашых пасольстваў за мяжой, сесіях ААН, падчас правядзення мітынгаў і дэманстрацый, парадаў, Алімпійскіх гульняў, у гонар чэмпіёнаў, на будынках у святочныя дні, у дні жалобы (сцягі з чорнымі стужкамі).

Дзяржаўны сцяг заўсёды лунае над Рэзідэнцыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, над прадпрыемствамі, арганізацыямі і навукова-даследчымі інстытутамі, навучальнымі ўстановамі, воінскімі часцямі.

Вядучы (2): Такім чынам, беларускі сцяг расказвае гісторыю беларускага народа, заклікае да самых высокіх памкненняў, да свабоды, росквіту і дружбы народаў.

Сцяг роднай краіны ахоўваюць ад любой абразы. У баі выратаванне сцяга азначае выратаванне вайсковай часці і лічыцца доблесным, гераічным учынкам. У гады Вялікай Айчыннай вайны загінула нямала людзей, якія цаной свайго жыцця збераглі дзяржаўны сцяг і сцяг сваёй часці. Страта сцяга воінскага падраздзялення прадугледжвала яго расфарміраванне.

Аб тым, наколькі вялікая павага да дзяржаўных сімвалаў, гаворыць тое, што ў другую нядзелю мая ў нашай краіне штогод адзначаецца День Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўны Гімн, таксама як і Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны герб, з’яўляецца афіцыйным сімвалам дзяржавы.

Слова “гімн” ад грэчаскага “humnos” урачыстая, хвалебная песня, узнікла больш за 1000 гадоў таму назад. У жанравых адносінах існуюць самыя розныя гімны: рэвалюцыйныя, вайсковыя, рэлігійныя, спартыўныя. Прысвячаюцца гімны і пэўным гістарычным падзеям, святам, нацыянальным героям.

 Дзяржаўны гімн — афіцыйна зацверджаная гукавая эмблема краіны. Яшчэ ў старажытныя стагоддзі людзі ў вялікія святы, пры перамогах над ворагам ці пазбаўленні ад якой-небудзь павальнай хваробы, засухі, паводкі або пажараў спявалі агульную песню або малітву. Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь з’явіўся пазней за Дзяржаўны герб і Дзяржаўны сцяг. Сучасны варыянт гімна зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 02.07.2002 № 350.

Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца твор на музыку Нестара Сакалоўскага і словы Міхаіла Клімковіча і Уладзіміра Карызны.

 Дзяржаўны гімн гучыць пры сустрэчах і провадах афіцыйных дэлегацый розных краін, пры правядзенні воінскіх рытуалаў, урачыстасцей, звязаных з дзяржаўнымі святамі.

Калі выконваецца Дзяржаўны гімн, яго трэба слухаць стоячы, пры гэтым мужчыны павінны зняць галаўныя ўборы.

У Дзяржаўным гімне РБ ёсць такія словы:

Мы, беларусы, — мірныя людзі,

Сэрцам адданыя роднай зямлі,

Шчыра сябруем, сілы гартуем,

Мы ў працавітай, вольнай сям’і…

Дзяржаўныя сімвалы Беларусі адлюстроўваюць таксама асноватворную ідэю роўнасці ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь незалежна ад сацыяльнай, нацыянальнай або рэлігійнай прыналежнасці.

Настаўнік: Герб, Сцяг і Гімн — галоўныя сімвалы незалежнасці, якія перадаюць гісторыка-культурную спадчыну нашага народа, якія падкрэсліваюць нацыянальны дух і годнасць беларускіх грамадзян.

Гэта тыя тры сімвалы, за якімі суверэнітэт Беларускай дзяржавы. Перш-наперш Беларусі сённяшняй, але за імі стаіць і Беларусь заўтрашняя.

Тая самая Беларусь, якая, упэўнена заняўшы, кажучы словамі Янкі Купалы “свой пасад між народамі”, паслядоўна, мэтанакіравана і разам з тым упэўнена робіць усё дзеля таго, каб ва ўсім свеце ведалі, што ёсць такая прыгожая, непаўторная, вабная краіна, назва якой — Рэспубліка Беларусь.

Чытальнік:

Мяжуе з Польшчай, Украінай,

Расіяй, Латвіяй, Літвой,

Твой родны край, твая Айчына,

Жыццё тваё і гонар твой.

I ты яе запомні імя, як неба, сонца і зару.

Твая зямля, твая Радзіма,

Названа  светла — Беларусь. (Ю. Свірка.)

(Ладзіцца абагульняльная віктарына.)

Віктарына:

  1. Назавіце вобласці Рэспублікі Беларусь. (Гродзенская, Мінская, Віцебская, Магілёўская, Брэсцкая, Гомельская.)
  2. Асноўны закон Рэспублікі Беларусь. (Канстытуцыя.)
  3. Назавіце Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. (Гімн, сцяг, герб.)
  4. У якім годзе была прынята сёняшняя сімволіка? (14 мая 1995 года.)
  5. Калі адзначаецца дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга РБ? (Другая нядзеля мая.)
  6. Якая навука вывучае гербы? (Геральдыка.)
  7. Якія выявы ёсць на беларускім гербе? (Контур межаў Рэспублікі Беларусь, вянок з жытніх каласоў, сонца, зямны шар, пяціканцовая чырвоная зорка.)
  8. Колькі колераў мае наш сцяг? (3 — чырвоны, зялёны і белы.)
  9. Які колер пераважае на нашым сцягу і што ён азначае? (Чырвоны — знак Сонца, кроўныя повязі, брацтва.)
  10. Чым адрозніваюцца сцягі? (Колерам, малюнкам.)
  11. Што сімвалізуе арнамент на сцягу? (Працавітасць.)
  12. На дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь намалявана частка найбольш старажытнага арнаменту. Кім і калі была выканана гэта праца? (У 1917 годзе стварыла простая сялянка Матрона Маркевіч з вёскі Касцелішча Сенненскага павета.)
  13. У якіх выпадках гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь?
  14. Для чаго патрэбна дзяржаўная сімволіка?
  15. Якая сімволіка  была перад цяперашняй? (Сцяг — бел-чырвона-белы, герб — “Пагоня”.)
  16. Чые сцягі ў чырвона-зялёных танах вы ведаеце? (Бангладэш, Балгарыя, Балівія, Венгрыя, Іран, Італія, Літва, Камерун, Мексіка, Партугалія.)
  17. Хто за (….) гарой, той сапраўдны герой. (Радзіму.)
  18. Чалавек без (….), што салавей без песні. (Радзімы.)

Рэфлексія: (магчымыя высновы інфармацыйнай гадзіны):

– дзяржаўная  сімволіка — частка нашай гісторыі, увасабленне трагічных старонак, адлюстраванне жыцця народаў нашай краіны;

– усе павінны добра ведаць гісторыю дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь;

 – стаўленне да Герба, Сцяга і Гімна — гэта стаўленне да самой дзяржавы, яно павінна быць уважлівае.

 (Напрыканцы  мерапрыемства  ўсе  удзельнікі  ў падарунак атрымліваюць памяткі і буклеты.)

Наталля  ШВАКЕЛЬ,
настаўніца гісторыі, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы  № 9 Ліды.