Героі нашага часу

- 19:24Першае працоўнае месца, Суразмоўца, Суразмоўца

* “Малады спецыяліст” — новы праект “Настаўніцкай газеты”. 

 

Выпускнікі Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа — архітэктар, плітачнік і майстар вытворчага навучання — расказваюць пра шлях у прафесію і дзеляцца планамі на будучыню.  

Кампетэнтныя, амбіцыйныя, энергічныя — яны ўсміхаюцца нам з білбордаў, выклікаюць захапленне на чэмпіянатах WorldSkills, упэўнена стартуюць на вытворчасці, у навуцы і сацыяльнай сферы, развіваюцца і рухаюць прагрэс. А чым яны самі вымяраюць паспяховасць, што лічаць яе гарантыяй, якім бачаць заўтрашні дзень? Наколькі мяняецца гэтая сістэма каардынат з набыццём жыццёвага і прафесійнага вопыту? Аб усім гэтым мы будзем расказваць у новай рубрыцы “Малады спецыяліст”.

 

Валерый Рэйнгольд, Віцебск

— Пасля каледжа мне прапанавалі застацца працаваць майстрам вытворчага навучання. У калектыве прынялі нармальна. Дапамагаем адно аднаму, узнікаюць нейкія пытанні — вырашаем калектыўна. Жыллём спачатку забяспечыў каледж — у нашым інтэрнаце. Потым я ажаніўся. Як маладая сям’я, мы сталі на чаргу ў гарвыканкаме і атрымалі кватэру ў Білева. Год назад нара­дзілася дачка, трэцяе дзіця ў сям’і. Перааформілі крэдыт на льготны. Добрая падтрымка з боку дзяржавы, яшчэ і на пашырэнне пойдзем. Што да матэрыяльна-тэхнічнай базы на першым рабочым месцы, то яна была стандартнага постсавецкага ўзору. Вялікія змяненні наступілі з прыходам новага дырэктара Аляксандра Ласякіна. Пачыналі адбудоўваць і пераабсталёўваць з малога. Паступова абнаўленне стала больш маштабным, а яго вынікі ўжо нельга не заўважыць. Мы адчулі моцную дзяржаўную падтрымку: дапамагалі і Міністэрства адукацыі, і аблвыканкам, і наша галоўнае ўпраўленне па адукацыі. Адкрылі рэсурсны цэнтр. Рамонт памяшканняў — фактычна ўсе работы, якія можам рабіць сваімі сіламі, — выконваем гаспадарчым спосабам. Зараз займаемся першым паверхам у вучэбным корпусе № 3, дзе будуць устаноўлены станкі па апрацоўцы металу. Задзейнічаны і выкладчыкі, і майстры вытворчага навучання, і навучэнцы. Апошнія за кошт гэтага атрымліваюць вялікі вопыт, вучацца працаваць на сучасным абсталяванні, з найноўшымі матэрыя­ламі. Лічу, што наша база — найлепшая ў краіне ва ўсім, што тычыцца будаўнічага профілю. Дырэктар ставіць новыя задачы, заглядвае наперад, да чаго імкнуцца. Жыццё не стаіць на месцы, удасканальвацца сапраўды важна. 

“Што б ты ні рабіў — ты робіш сябе” — гаворыць усходняя мудрасць. Кожны шукае свой шлях. Мне пашчасціла яго знайсці”.

Прафесія майстра вытворчага навучання патрабуе пастаяннага росту ў прафесійным плане. З прыходам у каледж я вёў каменныя работы, на цяперашні час больш сканцэнтраваўся на абліцоўцы пліткай. Акрамя таго, маю каля дзясятка ў дасканаласці асвоеных будаўнічых кваліфікацый, пастаянна вывучаю новыя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы, атрымаў спецыяль­насць інжынера-будаўніка ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, скончыў многа розных карысных курсаў. Цяпер таксама павышаю кваліфікацыю: вырашыў пашы­рыць педагагічныя кампетэнцыі, каб праца­ваць не толькі майстрам, але і выкладчыкам. Прыемна і адказна, што ў гэтым навучальным го­дзе мяне ўзнагародзілі нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэс­публікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”. 

Каледж актыўна і паспяхова ўдзельнічае ў руху WorldSkills. У кампетэнцыі “Абліцоўка пліткай” трымаем лідарства на двух апошніх нацыянальных чэмпіянатах. Спачатку парадаваў Канстанцін Беразенка, якога ад пераможцы аддзялялі ўсяго дзве сотыя бала, і ўсё ж менавіта яго пасля паўгадавой дадатковай падрыхтоўкі выбралі для ўдзелу ў WorldSkills Kazan — 2019. А на мінулым нацыянальным чэмпіянаце Раман Каравікоў папоўніў скарбонку дасягненняў каледжа залатым медалём.

 

Наталля Харашкевіч, Наваполацк:

— Пасля школы заканамерна паўстаў выбар: універсітэт або каледж. Параілася з блізкімі людзьмі, сама да сябе прыслухалася і наважылася з вышэйшай адукацыяй пача­каць, папярэдне ўпэўніцца, ці сапраўды архітэктура — гэта маё. Увагу прыцягнуў тэхнічны каледж у Віцебску. З уступнымі выпрабаваннямі справілася. У спісе на залічэнне ўбачыла сваё прозвішча на першым радку. Колькі радасці было! А надзей і чаканняў яшчэ больш…

Варта сказаць, яны спраўдзіліся. Выдатная матэрыяльна-тэхнічная база каледжа, цікавае навучэнскае жыццё, многа творчасці і, галоўнае, пашанцавала з выкладчыкамі. У падрыхтоўцы нават па агульнаадукацыйных прадметах выразны акцэнт зроблены на тым, што накіравана на спецыяльнасць. Асабліва ўдзячна Наталлі Харытонавай, якая выкладала нам канструкцыі будынкаў і збудаванняў. У яе сапраўдны настаўніцкі талент і велізарны вопыт, бо раней яна працавала ў галіне архітэктуры. Было максімальна цікава вучыцца, даведвацца больш, чым па праграме. 

Каледж скончыла з чырвоным дыпломам. Па размеркаванні ўжо амаль год працую ў Наваполацкім філіяле “Віцебскграмадзянпраекта”. Да мяне аднесліся добра, адразу прынялі ў каманду. З любымі пытаннямі дапамагалі, калі штосьці не разумела. Думаю, у любога маладога спецыяліста так: якая б ні была падрыхтоўка, заўсёды застаюцца за кадрам асобныя моманты, звязаныя непасрэдна з работай. Не падумайце, перавучвацца на месцы не давялося. Проста часам патлумачыць адзін раз — і гэтага поўнасцю дастаткова, падхопліваеш і далей, як трэба, атрымліваецца. 

У планах — вучоба ў БНТУ. Вялікая перавага, што да паступлення дакладна ведаю, навошта мне вышэйшая адукацыя і як праходзяць вытворчыя працэсы ў архітэктуры. 

Калі я толькі прыйшла, мы пераважна праектавалі жылыя шматпавярховыя дамы. Цікава распрацоў­ваць планіроўкі, колеравыя рашэнні і ўдзельнічаць у жыцці арганізацыі. Зараз мая дзейнасць больш накіравана на прамысловыя аб’екты. Пра зарплату шчыра прызнаюся: паступаючы ў каледж, думала, што будзе вышэйшай. Неяк прынята лічыць, што архітэктар — элітная і высокааплатная прафесія. Насамрэч не зусім так. Як мінімум на пачатку зарплаты хапае на жыццё, шыкаваць не даводзіцца. Паступова становіцца лепш. Канечне, можна працаваць звышурочна, на выхадных — адпаведна вырасце заробак, але ж хочацца і адпачыць, і прысвя­ціць час сабе. Хаця можна дадаткова заняцца, скажам, дызайнам, 3D-мадэлі ра­біць. Многае залежыць ад самога чалавека. Як маладому спецыялісту, пры пераездзе мне выплацілі надбаўку. Жыллё прадаставілі ў інтэрнаце, месца жыхарства падабаецца: Наваполацк — маладзёжны горад, дзе мне ўтульна і камфортна.  

Прафесія адназначна не расчаравала. Тут заўсёды прысутнічае доля творчасці, можна павыдумляць, прая­віць сябе, але пры гэтым палёт фантазіі грунтуецца на дакладным разліку. 

 

Канстанцін Беразенка, Мінск:

— Чаму скончыў менавіта ВДТК? Думаю, усе ведаюць, што ў Беларусі гэта найлепшы каледж. Паколькі я імкнуўся ў будаўнікі і жыў у Віцебску, то для мяне гэта максімальна зручна. За час вучобы набыў кваліфікацыі тэхніка-будаўніка, абліцоўшчыка пліткай, цесляра, тынкоўшчыка, муляра. Асвойваў прафесію на занятках і ў працэсе практыкі, дзе нам давяралі выконваць рамонтныя работы. Зразумела, навучэнскае жыццё не абмяжоўвалася парамі ад званка да званка. Удзельнічаў у розных конкурсах і спаборніцтвах, займаўся валанцёрствам: установа супрацоўнічае з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа. Бліжэй да выпуску сур’ёзна пралічваў варыянты адкрыць уласную справу. Адначасова было разуменне, наколькі вялікія рэсурсы ўкладзены ў маю падрыхтоўку, і жаданне аддзячыць альма-матар тым жа, пастарацца перадаць усе набытыя веды і ўменні. Зоркі сышліся: мяне запрасілі на работу майстрам вытворчага навучання. 

Калі ёсць справа, дзе ты лепшы, — не важна, які дыплом маеш: універсітэцкі, аб заканчэнні каледжа ці ўвогуле курсаў. Адукацыя на любым узроўні — шлях, і ні ў якім разе не мэта.

Вучыцца і вучыць — розніца адчувальная. Здаецца, на першым рабочым месцы ўсё знаёма: прадмет выкладання, сцены і людзі тыя ж. У адносінах з педагогамі асаблівых змяненняў не адбылося, бо мы адно аднаго ведалі, працавалі разам. Хіба што на вы да мяне пачалі звяртацца: субардынацыя. А вось адказнасць зусім іншая. Адна справа, калі ты проста засвойваеш інфармацыю, другая — дасведчана ёй дзяліцца. Неабходна было матываваць навучэнцаў, каб яны вучыліся. Педагагічная дзейнасць дала незаменны вопыт, я стаў лепш разумець лю­дзей. Пасля, як і намерваўся раней, пераехаў у сталіцу. Уладкаваўся спачатку ў будтрэст. Потым усё ж такі перайшоў на ўласны хлеб. Задаволены, бо ў цэлым задуманае здзяйсняецца. Заробкі таксама адпавядаюць чаканням — добры майстар заўсёды запатрабаваны. 

 

Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж двойчы — па выніках работы сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь за 2019 і 2021 гг. — быў прызнаны лепшай у краіне ўстановай сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў забеспячэнні якасці падрыхтоўкі кадраў у адпаведнасці з патрэбамі арганізацый. Калектыў ВДТК — пераможца конкурсу “На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь за 2019 год” у намінацыі “Арганізацыя года”. За дасягненне высокіх вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2020 годзе каледж быў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару.

Намеснік начальніка Наваполацкага філіяла абласнога дзяржаўнага ўнітарнага праектнага прадпрыемства “Інстытут Віцебскграмадзянпраект” па агульных пытаннях і ідэалогіі Ганна САМОЙЛАВА: “Па размеркаванні ў нас працуе некалькі выпускнікоў спецыяльнасці “Архітэктура” Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа. Пра кожнага можам сказаць толькі добрыя словы: адказнасць, стараннасць, любоў да прафесіі, сур’ёзная тэхнічная падрыхтоўка, уменне праца­ваць у камандзе. Асобна хоцелася б адзначыць Наталлю Харашкевіч і Ганну Абухоўскую. Дзяўчаты паказваюць выдатныя вынікі па выкананні пастаўленых перад імі задач па праектаванні”.

 

Дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандр ЛАСЯКІН: “Сёння нашы галоўныя задачы — выхаванне мола­дзі і падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў, у першую чаргу для народнай гаспадаркі рэгіёна. Выпускнікі каледжа з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй прыходзяць на вытвор­часць кіраўнікамі сярэдняга звяна — брыга­дзірамі, начальнікамі цэхаў і ўчасткаў, але разам з тым яны ў дасканаласці валода­юць кампетэнцыямі па адпаведных рабочых прафесіях. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі за перыяд падрыхтоўкі навучэнцы асвойваюць некалькі сумежных кваліфікацый па сваім напрамку, што значна пашырае для іх магчымасці далейшага прафесійнага росту. Здараецца, выпускнікі становяцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, пад­рыхтоўка дазваляе. Калі чалавек у прававым полі паспяхова і творча працуе на карысць сабе і людзям, плаціць падаткі, стварае прыбавачны прадукт — таксама добра. У супрацоўніцтве з заказчыкамі кадраў мы ажыццяўляем папярэдняе размеркаванне. Будучы малады спецыяліст прахо­дзіць практыку як на перадавых галіновых вытворчасцях, так і на прадпрыемстве ці ў арганізацыі, дзе потым будзе яго першае рабочае месца. На працягу некалькіх гадоў мы забяспеч­ваем стапрацэнтнае размеркаванне выпускнікоў. 

Як заканадаўцы трэндаў у прафадукацыі, асаблівую ўвагу звяртаем на таленавітых навучэнцаў: даём павышаныя заданні, прыглядаемся. Лепшыя кадры застаюцца ў каледжы і тут поўнасцю раскрываюць свой патэнцыял. Ганарымся тым, што выпускнікі каледжа дасягаюць вышынь. Вынікі WorldSkills Belarus пацвярджаюць: нашы муляры, абліцоўшчыкі пліткай — лепшыя ў краіне. Па геа­дэзіі займаем 2—3-я месцы, у сухім будаўніцтве крыху саступілі на 3—4-я месцы — ёсць над чым працаваць. Па металаапрацоўцы, тэхнічным абслугоўванні аўтатранспартных сродкаў — толькі нядаўна пачалі ім зай­мацца — 4-я пазіцыя, дастойны вынік. Літаральна нядаўна ўручылі дыпломы 109 выпускнікам, з іх 31 працэнт мае павышаны разрад. Можна і больш, аднак да яго прысваення падыходзім вельмі строга і прынцыпова: гэта не самамэта, а знак якасці, за які мы нясём адказнасць”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжам
і героямі публікацыі.