Героям Савецкага Саюза прысвячаецца…

Алею Перамогі ў гонар землякоў — герояў Вялікай Айчыннай вайны адкрылі ў сярэдняй школе № 38 Віцебска.

Ва ўрачыстасці 7 мая прынялі ўдзел начальнік аддзела па адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна абласнога цэнтра Павел Краско, старшыні Віцебскага гарадскога савета ветэранаў Ларыса Аленская і Першамайскай раённай арганізацыі ветэранаў Леанід Цітоў, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі горада, педагогі і навучэнцы школы, жыхары мікрараёна.

— Адкрыццю алеі папярэднічала сур’ёзная работа ўсяго калектыву, — паведаміла ды­рэктар сярэдняй школы № 38 Віцеб­ска Ірына Гаявая. — Мы цесна супрацоўнічаем з ветэранскімі і грамадскімі арганізацыямі, у школе дзейнічае музейны пакой “Дзяцінства, апаленае вайной”, экспазіцыя якога расказвае пра малалетніх вязняў фашызму. Да 75-годдзя Вялікай Перамогі мы арганізавалі насычаны падзейны марафон, і цэнтральным мерапрыемствам стала менавіта сённяшняе. Мэта яго блізкая сэрцу кожнага беларуса — захаваць для будучых пакаленняў памяць пра гераізм нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, нашых дзядоў і прадзедаў, хто аддаў жыццё ў імя мірнай, незалежнай і квітнеючай Радзімы. А непасрэдна ідэя адкрыць на тэрыторыі школы алею Перамогі – гэта вынік даследчай дзейнасці навучэнцаў і педагогаў, гутарак з ветэранамі і сведкамі Вялікай Айчыннай вайны, малалетнімі вязнямі гітлераўскіх канцлагераў, маніторынгаў і анкетавання, праведзеных у калектыве і сярод бацькоў. Створаная агульнымі намаганнямі экспазіцыя “Героі Савецкага Саюза — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, ураджэнцы Віцебска” ўнікальная і значная для ўсяго горада, таму што падобных няма на тэрыторыі віцебскіх школ і гімназій.

Пасля ўрачыстага мітынгу гасцей свята запрасілі на першую экскурсію па алеі Перамогі, якую правялі навучэнцы кадэцкага класа сярэдняй школы № 14 Віцебска. Плануецца, што ў далейшым экспазіцыя стане месцам правядзення школьных, раённых і гарадскіх акцый, экскурсій, урокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў, урачыстых мітынгаў, сустрэч з ветэранамі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 38 Віцебска.