“Гэта накшталт прыняцця новай Канстытуцыі”

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па абмеркаванні пытанняў заканадаўчага ўдасканалення нацыянальнай сістэмы адукацыі. 

Абмеркаваць на ўзроўні кіраўніка дзяржавы новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі і змяненні ў правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі дамовіліся яшчэ 24 жніўня на Рэспубліканскім педагагічным савеце. Праект кодэкса быў прыняты дэпутатамі ў першым чытанні і падрыхтаваны да разгляду ў другім.

Па даручэнні Прэзідэнта на нараду былі запрошаны прадстаўнікі нацыянальнай сістэмы адукацыі, як тэарэтыкі, так і практыкі, а таксама эксперты. “Правільна, што тут прысутнічаюць спецыялісты з рэгіёнаў, у тым ліку з глыбінкі”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разгляд найбольш важных актаў заканадаўства ў шырокім коле ў Прэзідэнта даўно стаў традыцыяй. “Карэкціроўка кодэкса і правіл прыёму ў адукацыі накшталт прыняцця новай Канстытуцыі — толькі, зразумела, у гэтай сферы. Нам і нашым дзецям па іх жыць, вучыцца і працаваць. І галоўнае пры гэтым не нашкодзіць”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што за апошнія гады ў краіне многае зроблена ў сістэме адукацыі: створана неабходная заканадаўчая база, забяспечваецца стабільнае фінансаванне, навучэнцам і педагогам аказваецца сацыяльная падтрымка.

“І аддачу ад гэтага мы бачым. Вялікіх прэтэнзій да галіны няма. Сведчаннем таго з’яўляюцца ўмацаванне пазіцый нашай нацыянальнай сістэмы адукацыі на міжнародным узроўні, рост колькасці замежных грамадзян, якія выказваюць жаданне вучыцца ў нас, перамогі нашых дзяцей на міжнародных алімпіядах. Беларускіх выпускнікоў гатовы пасля ВНУ забраць да сябе многія замежныя кампаніі, і ў тым ліку за мяжой”, — заявіў Прэзідэнт.

У той жа час кіраўнік дзяржавы адзначыў неабходнасць далейшага павышэння даступнасці і якасці адукацыйных паслуг.

Плануемыя новаўвядзенні былі падрабязна абмеркаваны на Рэспубліканскім педагагічным савеце. Паралельна праводзіліся грамадскія абмеркаванні і дыялогавыя пляцоўкі, на якіх не толькі прапрацоўваліся прапанаваныя Міністэрствам адукацыі навелы, але і фіксаваліся ініцыятывы ад педагогаў, бацькоў, усіх зацікаўленых.

“Словам, нібыта аб’ёмная работа праведзена. Хацелася б даведацца, ці ўсе прапановы ўлічаны ў ходзе падрыхтоўкі кодэкса і правіл прыёму. Калі не, то чаму?” — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што свет мяняецца вельмі хутка і нацыянальная сістэма адукацыі павінна гэтак жа аператыўна прыстасоўвацца да павеваў часу. “І галоўнае маё патрабаванне як кіраўніка дзяржавы — справядлівае стаўленне да кожнага чалавека, забеспячэнне роўных магчымасцей для атрымання адукацыі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Вось у плане справядлівасці тут ужо нікуды не дзенешся. Гэта першыя крокі нашых будучых грамадзян. Таму гэтыя першыя крокі павінны быць сумленнымі, прыстойнымі і справядлівымі, у атмасферы сумленнасці і справядлівасці”.

Прэзідэнт заявіў, што хацеў бы пачуць пазіцыю кожнага ўдзельніка нарады адносна прапанаваных навацый. Не менш актуальнае, паводле яго слоў, пытанне: наколькі гатова беларуская сістэма адукацыі да новых падыходаў, якія закладваюцца ў кодэкс і правілы прыёму? “Што яны дадуць краіне, вучням, педагогам? Ці не будзе гэта новаўвядзеннем дзеля новаўвядзення? — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. — Напрыклад, хацелася б больш падрабязна пачуць аб увядзенні нацыянальнага дзяржаўнага экзамену, пашырэнні мэтавай падрыхтоўкі. Ці будзе пры такім падыходзе забяспечаны абазначаны мною прынцып?”

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за гэтымі змяненнямі важна не страціць магчымасць убачыць кожнага абітурыента. “Давайце вызначымся, як мы будзем прымаць у ВНУ людзей: або мы захаваем цяперашнюю сістэму, што прасцей за ўсё, або мы яе істотна мадэрнізуем. Мяне насцярожвае толькі адно: за гэтым цэнтралізаваным тэсціраваннем не заўсёды бачым чалавека. Гэта небяспечна”, — лічыць Прэзідэнт.

“Я хачу вас сарыентаваць на шчыры дыялог, паколькі ў сістэме адукацыі дробязей не бывае. Справа ў тым, што мы ўжо не можам дапусціць ніякіх памылак. Сістэма вызначае ў тым ліку развіццё эканомікі краіны, яе ўстойлівасць да сусветных выклікаў. А гэта ўжо пытанні захавання нацыянальнай бяспекі, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — І яшчэ раз: школа павінна быць школай — гэта храм. Усё гэта ў кодэксе павінна быць адлюстравана”.


Міністр адукацыі Ігар Карпенка расказаў на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, што прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў адукацыі дапоўняць інклюзіяй і абавязковай агульнай сярэдняй адукацыяй. 

Ігар Карпенка нагадаў, што праект новай рэдакцыі кодэкса прайшоў шырокае грамадскае абмеркаванне і разгледжаны дэпутатамі ў першым чытанні.

У дакуменце, у прыватнасці, карэкціруюцца нормы, якія тычацца агульных пытанняў удасканалення сістэмы адукацыі. “Прапануецца іншае азначэнне самой адукацыі. Яе мэтай становіцца не толькі рознабаковае развіццё асобы навучэнца, але і фарміраванне ў яго кампетэнцый, пад якімі разумеецца здольнасць ажыццяўляць дзейнасць у адпаведнасці з атрыманай адукацыяй”, — сказаў міністр.

Прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі дапоўнены інклюзіяй і абавязковасцю агульнай сярэдняй адукацыі. “Інклюзіўная адукацыя ўлічвае індывідуальныя асаблівасці кожнага навучэнца, а не толькі навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, як гэта было раней, — растлумачыў Ігар Карпенка. — Абавязковасць агульнай сярэдняй адукацыі дэ-юрэ замацавала на практыцы тое, што ёсць цяпер: усе выпускнікі дзявятых класаў атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю або ў школе, або ў сістэме прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі”.

Навацыяй таксама з’яўляецца рэалізацыя адукацыйных праграм у сеткавай форме: гэта прадугледжвае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі паміж сабой і іншымі арганізацыямі з выкарыстаннем іх рэсурсаў і матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Па матэрыялах БелТА
падрыхтавала Вераніка КЛЮТЧЭНЯ.