Гэта наш год, краязнаўцы!

- 10:52Краязнаўства

Лепшыя педагогі-краязнаўцы краіны, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Беларускай Праваслаўнай Царквы, навукоўцы, грамадскія дзеячы сабраліся 29 сакавіка ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства, каб падчас Рэспубліканскага краязнаўчага форуму абмеркаваць пытанні адукацыйнага патэнцыялу школьнага краязнаўства, спалучэнне яго тэорыі і практыкі.

Падобныя штогадовыя краязнаўчыя сустрэчы даўно сталі традыцыйнымі. І кожная з іх актуальная, паколькі дае педагогам-краязнаўцам з розных куточкаў краіны ўнікальную магчымасць ужывую абмяняцца вопытам работы, азнаёміцца з новымі напрацоўкамі ў краязнаўчай дзейнасці, заслухаць выступленні калег па пытаннях выкарыстання рэгіянальнай адукацыйнай прасторы ў мэтах грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі, разгледзець шляхі ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі па далучэнні моладзі да пазнання сваёй малой радзімы.

М.М.Скамарошчанка: “Калі гаварыць пра даследаванні па найноўшай гісторыі Беларусі, то без звароту да дакументаў з фонду Нацыянальнага архіва аўтару вельмі складана прэтэндаваць на дастатковую глыбіню і паўнату раскрыцця тэмы. Менавіта выяўленню публікацый дакументаў з фондаў Нацыянальнага архіва была ўдзелена сур’ёзная ўвага аўтарамі-складальнікамі адпаведных раздзелаў у выданнях серыі “Памяць”, якія па праве можна аднесці да базіснай літаратуры для краязнаўцаў”.

— Нам, супрацоўнікам Міністэрства адукацыі, заўсёды прыемна сустракацца з такой практыка-арыентаванай аўдыторыяй, якой з’яўляюцца педагогі-краязнаўцы. Менавіта вы ў сваёй штодзённай педагагічнай практыцы ўвасабляеце лепшыя рысы грамадзян-патрыётаў і закладваеце асновы патрыятычнага выхавання ў сваіх навучэнцаў. -Наогул, краязнаўства — гэта той падмурак, на якім будуецца сістэма патрыятычнага выхавання, а вы тыя людзі, якія ўсе свае намаганні накіроўваюць на тое, каб нашы дзеці выраслі сапраўднымі грамадзянамі і патрыётамі, — паведаміла кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Ларыса Васільеўна Емяльянчык.

Л.В.Емяльянчык: “Краязнаўства спалучае ў сабе і музейную педагогіку, і вывучэнне мінулага і сучаснага нашай Радзімы, і захаванне народных традыцый і культуры Бацькаўшчыны. У Год малой радзімы ёсць унікальная магчымасць актывізаваць гэтую работу, накіраваць яе на вывучэнне гісторыі роднага краю, на захаванне гераічнага мінулага краіны. Год малой радзімы будзе выдатным імпульсам, каб знаходзіць яшчэ неадкрытыя старонкі нашай гісторыі”.

Ці павінны гэтай важнай справай займацца толькі настаўнікі самых краязнаўчых вучэбных прадметаў, як мова і літаратура, гісторыя, геаграфія? Канечне, не. На думку намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Іванавіча Сягодніка, краязнаўцам павінен быць кожны настаўнік (і матэматык, і фізік, і хімік), бо займацца выхаваннем патрыятызму без краязнаўства немагчыма.

Уладыка Веньямін: “Згадваюцца словы класіка: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”. Тут нам трэба закласці добры падмурак для маладога пакалення, каб наша моладзь, калі будзе ў іншых краях, не спакушалася тым, што дзесьці матэрыяльнае жыццё лепшае. Канечне, нічога дрэннага няма ў тым, што людзі праз падарожжы, інтэрнэт знаёмяцца з іншымі краінамі, аднак калі такое знаёмства пераходзіць мяжу, то маладыя людзі не застаюцца працаваць на карысць сваёй краіны. Гэта сведчыць пра тое, што любоў да малой радзімы ў іх не была закладзена ў дзіцячым або юнацкім узросце”.

Сваімі думкамі наконт важнасці папулярызацыі краязнаўчай справы падзяліўся і епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі, старшыня сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, уладыка Веньямін: “Любоў да радзімы, вялікай і малой, цалкам натуральная для чалавека, бо гэта закладзена Творцам. Каб паспяхова займацца выхаваннем, нам важна асэнсаваць гісторыю і культуру народа, улічваць стан душы дзяцей, духоўны стан нашага народа ў той ці іншы перыяд гісторыі, як гэта накладвала адбітак на жыццё народа, грамадства і краіны ў цэлым. Цікаўнасць, характэрную для дзяцей, нам варта скіраваць у патрэбнае рэчышча. Спачатку вывучыць гісторыю свайго краю, народа, тады спазнаваць і іншыя краіны, аналізаваць. Калі будзе закладзена любоў да малой радзімы, то гэты аналіз не будзе грунтавацца толькі на эканамічных прынцыпах або знешніх, ён будзе абапірацца на глыбокае разуменне, што такое добра і што такое дрэнна, што натуральна для чалавека, пра што гаворыць нам маральны закон. Калі маладыя людзі будуць выгадаваны на такіх прынцыпах, то змогуць шмат карыснага зрабіць для нашай краіны і грамадства”.

Напярэдадні адкрыцця форуму яго ўдзельнікі азнаёміліся з прэзентацыяй краязнаўчай дзейнасці навучэнцаў устаноў адукацыі Мінска “Вытокі малой радзімы”. “Я і мой род” — так называлася інтэрактыўнае прадстаўленне роду Паражнюкоў калектывам сярэдняй школы № 1 Мінска. Савет літаратурнага музея П.Панчанкі сярэдняй школы № 199 паведаміў пра духоўную спадчыну малой радзімы “У акенца тваё”. Вынікамі краязнаўчых даследаванняў падзяліліся прадстаўнікі сярэдніх школ № 47 і № 60 Мінска.

— Прэзентацыя сапраўды ўразіла. Яна падштурхнула ўсіх нас да разумення таго, што кожны настаўнік павінен быць краязнаўцам. У першай прэзентацыі прагучала імя Рахіль Абрамаўны Нікольскай. Яна была маёй выкладчыцай! І ведаеце, як гэтая краязнаўчая кропачка падчас прэзентацыі адбілася на маім сэрцы? Я адразу ўспомніў педагога, згадаў, як яна глыбока выкладала этнаграфію. Памятаю нават, якую адзнаку мне паставіла. Менавіта на такіх кропачках грунтуецца наша краязнаўства, — падзяліўся галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты” Уладзімір Аляксандравіч Гілеп.

У.А.Гілеп: “Радзімазнаўства, краязнаўства павінна стаць такой плынню ў нашым грамадстве, якая нагадвала б не толькі пра патрыятызм, але і пра твой род, бо, калі будзе жывы твой род, будзе жыць і твая радзіма, і малая, і вялікая. Менавіта з вывучэння радаводу дзеці часта далучаюцца да краязнаўства”.

На думку дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алены Уладзіміраўны Ануфровіч, будучыня і моц любой дзяржавы залежаць ад маральнага аблічча падрастаючага пакалення, узроўню яго адукацыі і культуры. Грамадзянска-патрыятычнае, духоўна-маральнае выхаванне, накіраванае на далучэнне моладзі да агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей, як адзначана ў Канцэпцыі бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, набывае асаблівую актуальнасць у сённяшні час. У пошуку шляхоў фарміравання маральных каштоўнасцей у маладога пакалення мы ўсё часцей звяртаемся да краязнаўства.

А.У.Ануфровіч: “У сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь створана і ўдасканальваецца цэласная сістэма краязнаўчай работы на ўсіх узроўнях адукацыі. Краязнаўчая работа ва ўстановах адукацыі арганізавана па розных напрамках. Сёння ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі функцыянуе 2599 аб’яднанняў па інтарэсах турыстычна-краязнаўчага профілю, у якіх займаюцца 33 589 навучэнцаў. Значная частка гэтых аб’яднанняў працуе па краязнаўчым кірунку”.

— Краязнаўчая работа з’яўляецца больш эфектыўнай пры выкарыстанні сістэмных і доўгатэрміновых арганізацыйных форм работы з дзецьмі і навучэнскай моладдзю, таму Міністэрства адукацыі ўдзяляе асаблівую ўвагу правядзенню ва ўстановах адукацыі акцыі краязнаўчай накіраванасці “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, ваенна-патрыятычнай “Мы гэтай памяці верныя”, праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Галоўная роля ў развіцці краязнаўства належыць музеям. Сёння ва ўстановах адукацыі працуе 1415 музеяў розных профіляў, ганаровае званне “народны” носяць 94 музеі ўстаноў адукацыі. Падзяліцца сваімі ўражаннямі і дасягненнямі юныя даследчыкі змогуць у межах профільных злётаў, якія праводзяцца штогод на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. У гэтым годзе рэспубліканскі злёт юных краязнаўцаў пройдзе з 10 па 18 чэрвеня, рэспубліканскі злёт навучэнцаў, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах ваенна-патрыятычнай накіраванасці, адбудзецца ў ліпені — з 7 па 15, рэспубліканскі злёт юных экскурсаводаў пройдзе зноў у ліпені — з 18 па 26, — паведаміла загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання РЦЭіК Аляксандра Яўгенаўна Кравец.

А.Я.Кравец: “Год малой радзімы асабліва важны для нас, краязнаўцаў. Можна сказаць, што гэта наш з вамі год. Краязнаўства і ёсць штогадовае пазнанне сваёй малой радзімы, свайго краю ў непарыўнай сувязі з пазнаннем Беларусі”.

Падчас вывучэння мінулага малой радзімы, краязнаўцы сустракаюцца са старажыламі, запісваюць іх успаміны, звяртаюцца і да архіўных дакументаў. “Склад дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь не толькі колькасна шматлікі (захоўваецца больш за 1 мільён спраў, і ў кожнай можа быць ад аднаго дакумента да некалькіх соцень), але і тэматычна вельмі разнастайны. Кожны архіўны фонд па-свойму ўнікальны і цікавы. Усім, хто жадае падрабязна азнаёміцца са складам дакументальнага комплексу архіва, рэкамендую звярнуцца да даведніка фонду Нацыянальнага архіва або да інфармацыі, размешчанай на афіцыйным сайце ўстановы”, — паведаміў загадчык аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мікалаевіч Скамарошчанка.

Узровень запатрабаванасці архіўных матэрыялаў як з боку навукоўцаў, так і з боку грамадскасці традыцыйна вельмі высокі. Праца з архіўнымі дакументамі патрабуе ад даследчыкаў — як аматараў, так і прафесіяналаў — не толькі пэўных спецыфічных навыкаў і ведаў, але і цярпення, гатоўнасці да працяглай метадычнай работы. Аднак карпатлівая сістэматычная праца стане гарантам цікавых знаходак і нават сенсацыйных адкрыццяў.

Менавіта такія знаходкі і здзяйсняюць педагогі, удзельнікі форуму. Палітра прадстаўленага педагогамі краязнаўчага вопыту багатая і разнастайная. Гэта і арганізацыя масавых мерапрыемстваў (напрыклад, вэб-квестаў), і правядзенне музейнай тэатралізацыі, і праца з крыніцамі інфармацыі. З гэтым вопытам “Настаўніцкая газета” будзе абавязкова знаёміць чытачоў, бо кожны настаўнік (як, дарэчы, і журналіст) павінен быць краязнаўцам. Год малой радзімы — гэта наш год.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.