Гэта наша турбота, а не янота!

Да гэтага часу не ведаеце, навошта ў вашым двары рознакаляровыя кантэйнеры? Ведаеце, але ўсё роўна не раздзяляеце паперу, шкло і пластык? Тады мы ідзём да вас!

Сёлета ў рамках рэалізацыі экалагічнага праекта членаў Маладзёжнага парламента Віялеты Біч і Мікіты Кіклевіча “Мы выбіраем зялёны колер” члены экалагічнага атрада сярэдняй школы № 5 Навагрудка правялі ў гарадскім парку гульнявую праграму “Гэта наша турбота, а не янота!” для навучэнцаў школ Навагрудскага раёна.

Напярэдадні свята вучні сумесна з педагогамі пашылі роставыя лялькі — кантэйнеры для раздзельнага збору смецця. Яркія лялькі зацікавілі не толькі дзяцей, але і дарослых. Кожны з удзельнікаў гульні меў магчымасць прыбраць тэрыторыю паркавай зоны ад смецця і занесці яго ў незвычайныя кантэйнеры.

Хлопчыкі і дзяўчынкі спадзяюцца, што жыхары горада яшчэ раз задумаюцца над праблемай бытавых адходаў. Бо толькі сумеснымі намаганнямі і адказнасцю кожнага можна палепшыць экалогію свайго горада, Радзімы і наогул свету!

Таццяна САЗАНОВІЧ,
педагог-арганізатар сярэдняй школы № 5 Навагрудка.