Гэта проста фантастыка! Круцяк!

Днямі тэлефануе знаёмая мастачка: “Мікола! Гэта проста фантастыка!

Я званю табе з цэнтра “Галерэя Мінск”. Не вытрымала. Хачу падзяліцца радасцю!

Тут проста незвычайная выстава! Схадзі, не пашкадуеш. Ты ж, я ведаю, любіш прыгожыя і разумныя рэчы!”

Па голасе адчуваю: узбуджаная, радасная, натхнёная.

“У “Галерэі Мінск” выстава? — здзіўлена перапытваю. — Там жа толькі шмоткі прадаюцца. Ну, яшчэ фэшн-паказы час ад часу адбываюцца”.

“Выстава! “The Art of the Brick. Мастацтва “Лега”. Ведаеш канструктар “Лега”? Амерыканскі мастак Натан Савая стварыў неверагодны свет з гэтых цаглінак! Проста фантастыка! Мы прыйшлі сюды ўсёй сям’ёй.
І ўсе мае ў захапленні! Дзеці проста пішчаць!

І муж таксама”. (У маёй знаёмай двое сыноў ва ўзросце 3 і 8 гадоў.)

Я, шчыра кажучы, быў заінтрыгаваны. Праўда, дзеля перасцярогі спытаў: “Паслухай, Надзя, ты там — у сваёй мужчынскай кампаніі. Дык, можа, натхнілася так натхненнем сваіх мужчын? А дзяўчынкам там будзе цікава, як думаеш?”

“Ды канечне! Ну, я ж не хлопчык! І мне тут вельмі-вельмі цікава! Бяры жонку і дачку — і ідзіце! Не пашкадуеце!”

І я ўзяў. І мы пайшлі таксама ўсёй сям’ёй. Не ведаю нават, як апісаць эмоцыі маёй пятнаццацігадовай дачкі. На многія экспанаты яна глядзела проста ў нейкім здранцвенні. Як такое можна зрабіць са звычайных кубікаў канструктара?

І так мы няспешна пераходзілі ад аднаго твора да другога. Нават не заўважылі, што прабылі там ажно 3 гадзіны… Да самага закрыцця, а дзясятай гадзіне вечара.

Нарэшце выйшлі. Дачка сказала ўсяго адно слова: “Круцяк!” Я яшчэ тады падумаў сам сабе, што людзі майго пакалення, калі ім нешта вельмі спадабалася, кажуць, што гэта проста фантастыка; для сённяшніх пятнаццацігадовых нашу “проста фантастыку” замяніў “круцяк”. Але якая розніца — “фантастыка” ці “круцяк”, калі эмоцыі насамрэч зашкальваюць — і ў трохгадовых, і ў васьмігадовых, і ў пятнаццігадовых, і ў саракагадовых, няважна, якога ты полу. Калі безупынна здзіўляешся вынаходніцтву, фантазіі і цярпенню аднаго чалавека. Калі вяртаешся ў дзяцінства і ў думках збіраеш з цаглінак “Лега” сваіх чалавечкаў і свае машыны. Калі выходзіш з выставы, а ў тваіх вачах па-ранейшаму стаяць карцінкі…

Выстава “The art of Вrick. Мастацтва “Лега”, а гэта больш за 100 маштабных фігур з мільёнаў легендарных кубікаў канструктара “Лега”, ужо скарыла мільёны наведвальнікаў у Злучаных Штатах Амерыкі, Францыі, Аўстраліі, Італіі, Германіі і іншых краінах. Гэта, калі можна так сказаць, цэлая філасофія, увасобленая ў вобразах дзясяткаў вядомых герояў і аб’ектаў. Экспазіцыя падзелена на некалькі зал з красамоўнымі назвамі “Майстэрня мастака”, “Сусветная культура”, “Эмоцыі і станы”. Тым часам яе аўтар Натан Савая, выставы твораў якога праходзілі на такіх прэстыжных арт-пляцоўках, як Time Warner Centre ў Нью-Ёрку, Art and Culture Centre у Галівудзе, Spot Gallery ў Парыжы, сціпла заўважае: “Я пачаў гэтым займацца, каб пазбавіцца стрэсу, з якім пастаянна сутыкаўся, працуючы юрыстам на Манхэтэне. Я будаваў скульптуры з дзіцячых цацак, у тым ліку зрабіў свой аўтапартрэт з кубікаў. “Лега” — гэта цэлы свет, непаўторны і складаны”.

Давайце цяпер уявім, што Натан Савая — наш экскурсавод па выставе “The art of Вrick. Мастацтва “Лега”, і пройдземся разам з ім па экспазіцыі, прыпынімся каля самых значных яе аб’ектаў.

Аб’ект “П’едэстал”: “Звычайна на п’едэсталах усталявана нешта, на што вы павінны глядзець. Тут п’едэстал і ёсць тое, на што вы павінны глядзець. Адсутнасць і ёсць мастацтва”.

Аб’ект “Яблыкі”: “Я стварыў гэтыя яблыкі ў якасці эксперымента з маштабам. Спачатку я спрабаваў зрабіць яблык звычайнага памеру, а затым вырашыў паспрабаваць стварыць значна больш маштабную версію”.

Аб’ект “Пісьменнік”: “Дайце сваім творчым ідэям магчымасць свабодна цячы. Калі вы даяце свабоду сваім творчым здольнасцям, ці гэта пісьменніцтва, ці гэта выяўленчае мастацтва, ці гэта музыка — ды што заўгодна, вашы ідэі пачынаюць жыць уласным жыццём. Таму вазьміце свае творчыя ідэі і адпусціце іх на волю”.

Аб’ект “Глобус”: “Гучыць крыху дурнавата і сентыментальна, але ж гэта праўда, што трымаць цэлы свет у сваіх руках — класна. Пакруціце яго — дзе вы прызямліцеся? Стварэнне сфер з “Лега” — гэта сапраўдная задача, якая патрабуе максімум намаганняў. Навучыцца рабіць сферы з кубікаў было вельмі важным крокам у маім развіцці”.

Аб’ект “Аловак”: “Гэта гіганцкі аловак. Ён значна большы за мяне. Выдатны прадмет, калі вам трэба напісаць нешта на столі. Менавіта гэта мне заўсёды і хацелася зрабіць”.

Аб’ект “Рука, якая трымае маленькі прадмет”: “Вось яно — маленечкае настолькі, што яго можна трымаць паміж вялікім і ўказальным пальцамі. Паднясіце яго да святла. Яно прасвечвае? Паглядзіце на яго бліжэй: што гэта? Ну, гэта ж і ёсць Мастацтва. Вось вы мне і скажыце, што гэта!”

Аб’ект “Чалавек, які абдымае”: “Нейкі час назад я вырашыў, што хачу заняцца нечым накшталт стрыт-арту. І, безумоўна, я не мог не выкарыстаць кубікі, бо я ж з імі і працую як мастак. Спачатку з гэтым узніклі невялікія праблемы, але ў рэшце рэшт я прыдумаў свой фірменны знак: чалавек, які абдымае. Чалавек, які абдымае, вельмі любіць абдымкі. Ён абдымае дарожныя знакі. Ён абдымае лаўкі ў парку. Ён абдымае веласіпедныя стойкі. Ён абдымае плот. Ён абдымае практычна ўсё, што можна ахапіць рукамі”.

Аб’ект “Сонечная сістэма”: “Я, вядома ж, разумею, што планеты не складзены стосікам адна на адной. Але я мастак, а не вучоны (што, магчыма, рэдкая ўдача для навуковай супольнасці). Я стварыў гэтую скульптуру, каб натхніць дзяцей на заняткі навукай. Мне спатрэбілася некалькі месяцаў, каб скульптура пачала выглядаць так, як я задумаў”.

Аб’ект “Віяланчэль”: “А гэтую скульптуру я стварыў, каб зацікавіць дзяцей музыкай. Хоць гэтая віяланчэль такога ж памеру, як сапраўдная, не спрабуйце на ёй іграць: яна выглядае як віяланчэль, але гучыць як “Лега”.
Аб’ект “Жоўты”: “Гэта, мабыць, мая самая вядомая работа. Жоўты заўсёды прыцягвае шмат увагі як дзяцей, так і дарослых. Чаму? Я думаю, што мы, дарослыя, разумеем, які катарсіс можа адчуць наша душа, калі расхінуць сябе свету. А дзеці? Можа, таму, што жоўтыя ўнутранасці, якія падаюць на падлогу, выглядаюць так здорава. Для мяне “Жоўты” — гэта работа, якая расказвае пра метамарфозы, якія адбыліся на маім шляху”.

Аб’ект “Амерыканская готыка”: “Гэтая карціна напісана ў рэалістычнай манеры. У ёй мы бачым немаладых мужчыну і жанчыну ў вясковай вопратцы, якія стаяць на фоне фермерскага дома. Мужчына сталёва сціскае ў правай руцэ вілы. Выраз твару абодвух герояў насцярожана-непрыветлівы, які наводзіць на думку пра цяжкасць штодзённай працы ў глушы фермерскай Амерыкі. Пара стаіць настолькі блізка да гледача, што, здаецца, вось-вось загаворыць з ім. Гэтая карціна Гранта Вуда стала кананічнай у ЗША.

Ён нарадзіўся ў сям’і фермераў у Аёве ў 1891 годзе. Вучыўся працяглы час у Мюнхене і Парыжы, і еўрапейская культура аказала на яго вельмі моцны ўплыў. Суровыя твары на яго карціне могуць быць карыкатурай або проста намёкам на акружэнне, у якім вырас Вуд”.

Аб’ект “Давід”: “Гэтая скульптурная выява — самая вядомая візуалізацыя гісторыі Давіда і Галіяфа, у якой мала падобны да героя хлопчык знішчыў гіганта з дапамогай усяго толькі аднаго каменя. Але тут мы бачым не хлопчыка, а ўпэўненага ў сабе маладога чалавека перад бітвай. Адной рукой ён трымае прашчу, перакінутую праз плячо, а другой — камень. Яго ўпэўнены выгляд сімвалізуе паяднанасць ментальнага і фізічнага. Мікеланджэла было дазволена праводзіць анатаміраванне трупаў у бальніцы ў Фларэнцыі для перадачы фігур людзей з анатамічнай дакладнасцю. Работа над гэтай скульптурай заняла ў яго два гады: скульптура створана з цэльнай глыбы мармуру. Паколькі Давід быў створаны аголеным, скульптуру не дазволілі ўсталяваць у саборы, а паставілі насупраць палаца Век’ё ў Фларэнцыі. Цяпер арыгінал знаходзіцца ўнутры палаца, але копія стаіць звонку”.

Аб’ект “Венера Мілоская”: “Венера Мілоская была вядома як Афрадыта з вострава Міласа. Яе знайшоў адзін селянін у 1820 годзе. Лічыцца, што гэта — грэчаская багіня кахання і прыгажосці. У статуі няма абедзвюх рук, але прынята лічыць, што ў адной яна трымала яблык, а другой прытрымлівала драпіроўку. Яе твар сіметрычны, а цела — у выгнутай, амаль S-падобнай позе. Рэпліка з “Лега” запатрабавала шмат гадзін працы. Найбольш цяжка было рабіць з прамавугольных цаглінак розныя складкі і маршчынкі ў драпіроўцы. Цёплыя тоны белых кубікаў — адсылка на белы колер мармуру, матэрыялу арыгінала”.

…Думаецца, вышэйпрацытаваных тлумачэнняў спадара Савая хапае для таго, каб засведчыць: “The art of Вrick. Мастацтва “Лега” — гэта сапраўдная сенсацыя, гэта рэальная радасць для дзяцей і дарослых.

А я тым часам, калі аглядаў выставу “The art of Вrick. Мастацтва “Лега”, не мог ніяк вызваліцца ад асацыяцыі са знакамітай трылогіі Another Brick in the Wall (“Яшчэ адна цагліна ў сцяну”) з самага вядомага альбома The Wall англійскага культавага гурта “Пінк Флойд”. Памятаеце, там яшчэ школьны хор спявае: We don’t need no education. // We don’t need no thought control. // No dark sarcasm in the classroom. // Teacher leave those kids alone. // Hey teacher, leave those kids alone. // All in all it’s just another brick in the wall…

Я цвярозым розумам разумеў, што мая асацыяцыя недарэчная, нават у нейкім сэнсе вычварная. Роджэр Уотэрс рыфмаваў сваё all in all (“усе ва ўсім”, “у канчатковым выніку”) з in the wall (“у сцяне”), падкрэсліваючы адчужанасць чалавека ў несправядлівым свеце 70-х, а Натан Савая рыфмуе прыгажосць цаглінак “Лега” з прыгажосцю нашага з вамі жыцця, нашай з вамі гісторыі, нашага з вамі кахання. І ўсё ж Another Brick in the Wall не перашкодзіць, а толькі будзе пасаваць нашаму з вамі жыццю. Асабліва калі гэтая the Wall — сцяна прыгажосці і кахання.

The art of brick — мастацтва ўкласці сваю цаглінку ў любоў.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *