Гэта ўмацуе нашу дружбу

- 11:58Інфармацыйная гадзіна

Пагадненне аб бязвізавым рэжыме паміж Беларуссю і Кітаем уступіла ў сілу 10 жніўня.

Беларусы могуць знаходзіцца ў Кітаі без візы да 30 дзён у адной паездцы, але не больш за 90 дзён у годзе. Такое ж правіла дзейнічае для кітайскіх грамадзян. Калі чалавек захоча заставацца ў краіне больш за 30 дзён або займацца вучэбнай, прафесійнай дзейнасцю, трэба будзе атрымліваць спецыяльную візу. У бязвізавы рэжым закладзены прыватныя паездкі, бізнес-камандзіроўкі, турыстычныя паездкі.

Міжурадавае пагадненне аб узаемным бязвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў было заключана 10 чэрвеня ў Цындаа ў час рабочага візіту Прэзідэнта Беларусі ў КНР. З падпісаннем дакумента Беларусь апынулася ў ліку нямногіх краін Еўропы, у якіх устаноўлены бязвізавы рэжым з Кітаем.

Як адзначаў раней Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін, дзякуючы бязвізаваму рэжыму, жыхары дзвюх краін будуць часцей падарожнічаць і змогуць больш даведацца адно аб адным. “Гэта ўмацуе нашу дружбу”, — сказаў ён.

У Кітаі разлічваюць на рост турыстычных патокаў пасля ўступлення ў сілу бязвізавага пагаднення з Беларуссю, заявіў напярэдадні журналістам прэзідэнт Кітайскага інстытута развіцця Фан Ган у кулуарах беларуска-кітайскага навукова-практычнага семінара “Супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў кантэксце рэалізацыі ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях: выклікі і рашэнні”.

“У Кітаі цяпер даходы грамадзян растуць, і таму ў іх павялічваецца патрэбнасць і магчымасць у выездах за мяжу. Штогод колькасць выездаў з краіны сярод кітайскіх грамадзян узрастае прыкладна на 20—30 працэнтаў. Таму я спадзяюся, што Беларусь стане той краінай, куды ахвотна будуць прыязджаць госці з КНР”, — заявіў кіраўнік інстытута.

Паводле яго слоў, бязвізавы 30-дзённы рэжым таксама дасць магчымасць развіваць супрацоўніцтва не толькі ў галіне турызму, але і ў сферах адукацыі, навукі, тэхналогій.

У сваю чаргу пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды падкрэсліў, што ўстанаўленне бязвізавага рэжыму паміж Беларуссю і Кітаем з’яўляецца асаблівым прыкладам даверу краін адна адной як у двухбаковым плане, так і ў рэгіянальным і сусветным маштабе. “Да Кітая — давер у Еўропе і на постсавецкай прасторы, а да Беларусі — не толькі ў Кітаі, але і ў Азіі і свеце ў цэлым”, — сказаў ён.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта БелТА пра магчымае павелічэнне пасажырапатоку паміж Беларуссю і Кітаем, дыпламат адзначыў, што віза — гэта толькі адзін з бар’ераў, які быў зняты. Аднак яшчэ застаюцца не да канца вырашанымі пытанні прамых рэйсаў, іх кошту, моўнага бар’ера, а таксама арганізацыі зручных турыстычных маршрутаў.

Беларуска-кітайскі навукова-практычны семінар быў арганізаваны Інстытутам эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна з Кітайскім інстытутам развіцця. На мерапрыемстве абмяркоўвалася спецыфіка рэалізацыі праектаў ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях” на тэрыторыі Беларусі. У семінары прынялі ўдзел беларускія і кітайскія вучоныя, прадстаўнікі органаў дзяржкіравання, дыпкорпуса, бізнесу і СМІ.