Гэты дзіўны, дзіўны фестываль

Колькі гадоў ідзе па краіне Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці вучнёўскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”! І з кожным годам ён крочыць усё больш упэўнена, збіраючы пад сваё крыло таленавітых юнакоў і дзяўчат.

Ад паэзіі — да сучаснага танца

Рэцытацыя, аўтограф, арт-партал. Гэтыя словы добра вядомы многім студэнтам, якія маюць прагу да вершаваных радкоў, напісаных класікамі і сучаснікамі, ці самі нараджаюць паэтычныя творы, для тых, хто любіць быць арганізатарам цікавых вечарын або захапляецца сучаснай лічбавай творчасцю. Менавіта з гэтых экспазіцый пачалося знаёмства з талентамі студэнцтва Гомельшчыны.

У выставачнай зале Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны хлопцы і дзяўчаты чыталі вершы, паказвалі ўрыўкі гітарнай вечарыны і традыцыйнага беларускага вяселля. Назапасіўшы станоўчых эмоцый, журы рэспубліканскага фестывалю працягнула работу ў актавай зале, дзе маладыя людзі ўжо чакалі свайго выхаду на сцэну.

Студэнты Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны падзялілі сцэну сваёй установы з юнакамі і дзяўчатамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. На адной пляцоўцы таленты дэманстравалі філолагі, юрысты, фізікі і інжынеры.

БелДУТ паказаў даволі цікавую праграму. Пеўчыя і танцавальныя нумары разбавілі спартыўны эцюд студэнткі 3 курса майстра спорту па мастацкай гімнастыцы Вікторыі Худзяковай, выступленне ўніверсітэцкай каманды Клуба вясёлых і знаходлівых “Нашы”, а ўдзельнікі студыі сучаснай харэаграфіі “КонтрДанс” народнага ансамбля танца “Палескія зоры” прадэманстравала цудоўны чырлідынг. Сваёй пластычнасцю і да ідэалу адпрацаваным сінхронам уразілі танцоры студыі сучаснай харэаграфіі Infiniti dance crew. Гэты нумар, дарэчы, выключна студэнцкі (харэографам сучаснага танца “Унутры сістэмы” стала трэцякурсніца Вольга Вераменка), і яго выкананне было адзначана вядомым беларускім харэографам членам рэспубліканскага журы фестывалю Дзмітрыем Залескім.

Моладзь Гомельскага дзяржуніверсітэта таксама парадавала разнастайнасцю. Сучасныя песні і песні продкаў у сучаснай апрацоўцы перапляталіся з тэатралізацыяй твораў А.Міцкевіча і В.Скамароха, а запальнае самба ў выкананні Пелагеі Казім і Уладзіслава Кацубы ледзь не ўзнімала ўвесь зал з глядацкіх месцаў.

Канцэрт, якога хочацца яшчэ і яшчэ

“Добры канцэрт той, калі глядач сваімі апладысментамі не адпускае артыстаў са сцэны, той канцэрт, якога хочацца яшчэ і яшчэ”, — заўважылі члены журы Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “АРТ-вакацыі” пасля прагляду праграмы, якую прадставілі студэнты Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

З гэтым пагадзіўся і самы важны для творчых студэнтаў Гомельскага медуніверсітэта глядач — рэктар Анатоль Лызікаў.

І сапраўды, нумары скончыліся, а пакідаць залу не хацелася. Выдатная творчасць, прыгожыя сцэнічныя касцюмы, лепшы тэатральны канферанс — усё было арганічна і захапляльна.

Рэспубліканскае журы і гасцей студэнты-медыкі сустрэлі ў холе альма-матар сучасным танцам “Круцей за ўсіх” пад музыку Quest Pistols Show and Open Kids. Рухавы нумар змяніўся выкананнем старадаўняга студэнцкага гімна Gaudeamus у выкананні харавога калектыву народнай вакальнай студыі “Настрой”. А завяршыў прэамбулу паказальнай конкурснай праграмы інструментальны ансамбль “Ліра” адным з твораў Бертальда Кемпферта.

Ужо атрымаўшы пазітыўныя эмоцыі, суддзі чакалі ўбачыць у зале нешта асаблівае, уражальнае. І не памыліліся. Будучыя лекары здзіўлялі сваімі вакальнымі і харэаграфічнымі талентамі, пластыкай, лёгкасцю выканання і нават нейкай інтэлігентнасцю, што ўласціва выбранай імі прафесіі. Дзіўна неабходнымі паказалі сябе і канферансье, якія цудоўна, бы кветкі ў вянок, упляталі кожнае выступленне ў праграму, ствараючы яе цэласнасць і арганічнасць. Асаблівыя ўражанні пакінуў мужчынскі ансамбль з песняй “Драмы больш няма” і ўдзельнікі народнага танцавальнага ансамбля “Каларыт”, якія выканалі стылізаваны беларускі танец “Тураўскае паданне”. Трэба сказаць, што “Тураўскае паданне” захапіла ўсіх без выключэння. Гэта глыбокі, эмацыянальна насычаны танец, у якім адразу бачыцца індывідуальная работа. Мабыць, тым ён і пакарыў строгае журы, што не падобны ні на якія іншыя. Чым яшчэ вылучыліся медыкі, дык гэта сваёй непадробнай зацікаўленасцю: кожны нумар ішоў ад душы, а таму нішто не пакідала гледача раўнадушным.

— Тое, што сёння было прадстаўлена ў вашым універсітэце, — тыя эфектыўныя формы выхаваўчай работы, падыходы да арганізацыі вольнага часу студэнцкай моладзі, масавая занятасць студэнтаў мастацка-творчай дзейнасцю і высокі ўзровень калектываў са званнем “народны”. Народны танцавальны ансамбаль “Каларыт”, народная вакальная студыя “Настрой”, народная тэатральная студыя “Арлекін” з’яўляюцца падставай для развіцця яшчэ аднаго кірунку ў рамках “АРТ-вакацый” — адукацыйна-метадычнага кампанента, — адзначыла ў размове А.С.Лаўрыновіч. — Ваша ўстанова можа стаць рэспубліканскай творчай і метадычнай пляцоўкай, якая будзе трансліраваць і перадаваць свой вопыт работы са студэнцкай моладдзю.

Саксафон і рок-н-рол

Наступнай творчай пляцоўкай фестывалю стаў Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі.

Пачалася сустрэча з прагляду інструментальнага жанру. Адкрыла праграму студэнтка 3 курса факультэта эканомікі і кіравання дзяўчына з моцным голасам Марына Дзем’янкова з песнямі “Так, як усе” і “Усміхайся”. Свой аўтарскі твор “Мае мары” прадставіла першакурсніца Юлія Саковіч. Чароўнай мелодыяй саксафона радаваў публіку студэнт 4 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Анатоль Аксёнаў.

Далей фестываль працягнуўся ў актавай зале, дзе на адной сцэне выступілі студэнты гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта і Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна.

Завяршаліся “АРТ-вакацыі” на Гомельшчыне ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога. І тут журы таксама чакаў прыемны сюрпрыз. Ужо на ўваходзе чулася вясёлая англамоўная песня пад жывую музыку і гучныя воплескі.“АРТ-вакацыі”для палітэхаўцаў — гэта не проста конкурс, а сапраўднае свята, дык чаму б не паспяваць і не патанцаваць прама ў холе вучэбнага корпуса. Атрымалася своеасаблівая генеральная рэпетыцыя, пасля якой, глядзіш, і на сцэну выйсці будзе прасцей.

У праграме, якую прадставіў тэхнічны ўніверсітэт, было шмат добрага вакалу і цікавай харэаграфіі. Запамінальным быў нумар з рэпертуару Жанны Агузаравай “Ленінградскі рок-н-рол” у выкананні салісткі вакальнай студыі “Стыль” Лізаветы Камінскай. А яшчэ палітэхаўцы былі адзіныя з гамяльчан, хто ўключыў у сёлетні фестываль модны паказ. На гэты раз студэнцкі тэатр мод “Поліарт” вырашыў папрацаваць у тэме рэсурсазберажэння і замахнуўся на выраб вопратак з другаснай сыравіны. Атрымалася выдатна.

***

“Моладзь і творчасць — гісторыя будучыні!” — так гучыць у гэтым годзе дэвіз маладзёжнага фэсту. Гэтая тэматыка была выбрана мэтанакіравана. Зараз, калі ўжо маладыя людзі амаль з усіх рэгіёнаў мелі магчымасць раскрыць сябе, паказаць сваё майстэрства, можна гаварыць, што выбар быў зроблены вельмі правільна.

Будучыня нашай краіны — за моладдзю. І сёлетні фестываль яшчэ раз падкрэслівае гэта і нібыта служыць доказам таго, што будучыня будзе ў надзейных руках. Галоўнае, што студэнты развіваюць свае не толькі прафесійныя, але і творчыя таленты, робяць гэта з душой. Кажуць, што студэнцтва — самая шчаслівая і незабыўная пара. Хто прайшоў праз гэта, той не можа не пагадзіцца. А той, хто сёння прадстаўляе студэнцтва і жыве вучобай і творчасцю адначасова, заўтра абавязкова раскажа пра гэтыя шчаслівыя гады сваім дзецям, перабіраючы ўспаміны, у якіх абавязкова будзе месца дзіўнаму фестывалю “АРТ-вакацыі”.

— Мы павінны і далей зацікаўліваць нашу моладзь, даваць ёй магчымасць праяўляць сябе, без сарамлівасці выказваць і дэманстраваць свае творчыя ідэі, — звярнулася на развітанне да кіраўнікоў студэнцкіх клубаў, студый, творчых калектываў Алена Лаўрыновіч. — Шукайце і прапаноўвайце маладым людзям нешта новае, і вы ўбачыце, якая будзе аддача.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *