Гэты шчаслівы, шчаслівы, шчаслівы… свет дзяцінства!

- 15:11Культура

28 сакавіка, феерычным гала-канцэртам у Палацы прафсаюзаў завяршыўся ІІ Рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”

Супер! Магутна! Свежа! Ашаламляльна! Капітальна! Ну, так зачапіла! Часам пранімала аж да слёз! Проста клас! Якія толькі эпітэты не гучалі падчас і пасля заключнага гала-канцэрта ІІ Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” у сталічным Палацы прафсаюзаў! Цёплыя словы ўзаемнай удзячнасці арганізатараў гэтага фэсту і педагогаў, расчуленыя твары дзяцей, шчаслівая эйфарыя ўсёй бітком набітай глядзельнай залы… і складзены дзецьмі вялізны, амаль на ўсю шырыню падмосткаў пазл “Я малюю свет!” (так называўся апошні нумар гала-канцэрта, пасля чаго яго ўсе ўдзельнікі выйшлі з-за куліс на сцэну Палаца прафсаюзаў і ўзяліся за рукі). Харэаграфічная замалёўка "Дудачка-стукалка". Выконвае ўзорны ансамбль народнага танца "Праменьчык" з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста.Не стрымаў эмоцый нават намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык, які напрыканцы канцэрта таксама выйшаў на сцэну і прызнаўся: “Вы ведаеце, я напачатку думаў прывесці тут нейкую статыстыку, маўляў, колькі таленавітых дзетак займаецца ў нашых установах дадатковай і агульнай сярэдняй адукацыі, колькі педагогаў з імі працуюць, колькі дзіцячых калектываў ёсць у нашай краіне… Але, паглядзеўшы гэты канцэрт, зразумеў, што сухія статыстычныя лічбы тут будуць крыху недарэчы. Мяне перапаўняюць эмоцыі, мяне агортвае незвычайная радасць і за нашых дзяцей, і за нашых педагогаў, якія іх выхоўваюць, і за арганізатараў, якія змаглі зладзіць такое цудоўнае свята, — і тут, у Мінску, і ў абласцях ды раёнах на папярэдніх этапах конкурсу! Дзякуй вам усім за працу! Дзякуй за тое, што вы так ставіцеся да творчасці ў пазашкольны час, за тое, што тым самым падтрымліваеце ўзровень нашай дадатковай адукацыі і мастацкай дзейнасці ў сярэдніх агульнаадукацыйных установах. Пагадзіцеся, што толькі па форме агляд-конкурс “Прывітанне, свет!” можа лічыцца аматарскім ці самадзейным, але па змесце гэта прафесійнае мерапрыемства. І я думаю, што гэтых надзвычай таленавітых дзяцей, якія сёння выступалі на гала-канцэрце, чакаюць яшчэ многія іншыя вялікія прафесійныя сцэны!”
Віктар Якжык таксама ўручыў тры спецыяльныя прызы за подпісам міністра адукацыі Сяргея Маскевіча: упраўленню адукацыі Віцебскага аблвыканкама — за высокі ўзровень арганізацыі і правядзення абласнога этапу ІІ Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”; упраўленню адукацыі Мінскага аблвыканкама — за лепшы сцэнарый і рэжысуру канцэртнай праграмы абласнога этапу агляду-конкурсу; камітэту па адукацыі Мінскага гарвыканкама — за вялікі ўклад у мастацка-эстэтычнае выхаванне дзяцей і моладзі.

На гэтым свята нібыта і скончылася, але… так хочацца ўсё адкруціць назад!
А назад — гэта значыць, ажно да верасня-кастрычніка 2012 года, да першага этапу агляду-конкурсу, калі ва ўстановах дадатковай і агульнай сярэдняй адукацыі пачалі праводзіцца першапачатковыя адборы лепшых творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў.

Стылізаваны народны танец "Купалінка". Выконвае ўзорны ансамбль эстраднага танца "Прэстыж" Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці.Потым быў другі этап — раённы, яшчэ пазней, натуральна, абласны. Дарэчы, ва ўсіх абласных цэнтрах і Мінску адбыліся свае асобныя конкурсныя гала-канцэрты, у якіх прынялі ўдзел больш за 2000 дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. Яны выступалі ў такіх намінацыях, як “Харавая творчасць”, “Харэаграфічная творчасць”, “Вакальная творчасць”, “Інструментальная музыка”, “Тэатры моды” і “Тэатральная творчасць”. Паралельна ва ўсіх рэгіёнах краіны адбіраліся лепшыя візуальныя творы, для якіх былі прадугледжаны свае намінацыі: “Выяўленчае мастацтва” і “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць”. Цікавае пытанне: а колькі наогул дзяцей прыняло ўдзел у аглядзе-конкурсе “Прывітанне, свет!” на ўсіх этапах? Агульная лічба пакуль падсумоўваецца, але вядома, што ў некаторых абласцях, напрыклад у Брэсцкай, сваё прывітанне свету сказалі больш за 20 тысяч дзяцей і падлеткаў! Можна толькі здагадвацца, якая будзе лічба па ўсёй рэспубліцы. Вось яно — сапраўднае яднанне, спроба зірнуць на агульную карціну мастацкай творчасці юных і маладых людзей, адшукаць і падтрымаць самых таленавітых з іх… Тое, урэшце, дзеля чаго і праводзіцца раз у два гады рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, арганізаваны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Заключныя мерапрыемствы конкурсу праходзілі на працягу трох дзён. 26 сакавіка ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбылося адкрыццё выставы работ пераможцаў і прызёраў у намінацыях “Выяўленчае мастацтва” і “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць”. Усяго тут прадстаўлена больш за 350 твораў, выкананых у самых розных мастацкіх відах і жанрах: жывапіс і графіка, кераміка і саломапляценне, выцінанка і вышыўка… Літаральна ўся плошча НЦМТДіМ, у тым ліку і холы ды калідоры (а не толькі ўласна выставачная зала), ператварылася ў адну агромністую экспазіцыю. Цікава, дарэчы, што літаральна за дзень да ўрачыстага адкрыцця выставы 25 сакавіка ў цэнтры праходзіла адкрыццё дзён палесцінскай культуры ў Беларусі, і, такім чынам, супрацоўнікі дыпламатычных корпусаў, што працуюць у нашай краіне, змаглі ўбачыць і ацаніць мастацкія работы беларускіх дзяцей. Як пажартавала, звяртаючыся да дзяцей на адкрыцці экспазіцыі “Прывітанне, свет!”, намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Кацярына Кузьменка: “Лічыце, што вашы работы паглядзела паўсвету!”. Танец "Саламяныя хлапчукі". Выконвае ўзорны ансамбль танца "Папараць-кветка" са Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці.А загадчык аддзела дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці і выставачнай работы НЦМТДіМ Тамара Сідарэвіч у гутарцы з нашым карэспандэнтам так пракаменціравала сённяшнюю выніковую выставу: “Якасць экспазіцыі гарантавана тым, што ў складзе журы, якое ацэньвала і адбірала лепшыя работы, сапраўдныя прафесіяналы: дацэнт кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Іван Кліменка (старшыня), дацэнт кафедры тэкстылю і дызайну адзення БДАМ Таццяна Шаблоўская, загадчык аддзела навукова-асветніцкай работы Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Ірына Скварцова, спецыялісты нашага цэнтра. Яны ўжо не першы год адсочваюць дынаміку дзіцячай мастацкай творчасці, рэальна ацэньваюць здабыткі і хібы ў гэтай сферы. Члены журы выязджалі ў рэгіёны, кансультавалі мясцовых педагогаў, скіроўвалі іх на патрэбны вынік. І вось ён, вынік! Выставу адназначна можна лічыць зрэзам усяго лепшага, што на сёння зроблена нашымі дзецьмі пад кіраўніцтвам педагогаў у выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Вядома, мы вітаем заняткі дзяцей усімі відамі мастацтва і ўсё-такі прыярытэт аддаём рабоце ў рэчышчы народнай творчасці, самых розных відах народнага дэкаратыўнага мастацтва. А адметнай рысай сённяшняй выставы з’яўляецца асобная тэматычная экспазіцыя выцінанкі. Варта заўважыць, што гэта самы даступны від творчасці (акрамя паперы і нажніц, нічога і не трэба), але далёка не самы просты. Ён, так бы мовіць, мае вялікае адукацыйнае напаўненне, што для нас вельмі важна. Невыпадкова паралельна мы распрацоўваем у нашым цэнтры рэспубліканскі мастацкі праект па выцінанцы “Чароўныя ўзоры”.

27 сакавіка ў глядзельнай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў ІІ Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”: дыхтоўны канцэрт, цёплыя словы арганізатараў і членаў журы, ізноў дывертысменты і апладысменты… У прыватнасці, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка адзначыла на цырымоніі: “Няважна, якую прафесію выберуць пераможцы, — музыканта, дызайнера ці інжынера — важна тое, што яны будуць творчымі людзьмі.Кампазіцыя "Начны танцор". Выконвае ансамбль духавых інструментаў з барысаўскай сярэдняй школы №20.  Асаблівую падзяку мы выказваем педагогам: агеньчык можа запаліцца толькі ад агеньчыка. Дзякуй за тое, што “гарыце” самі і запальваеце творчасцю дзяцей. І яшчэ адна наша падзяка членам журы, якія, аб’ездзіўшы ўсе вобласці, знайшлі таленты і дапамаглі ім заявіць пра сябе на ўсю краіну”. У сваю чаргу вядучы спецыяліст Міністэрства адукацыі Алена Ануфровіч заўважыла, што агляд-конкурс “Прывітанне, свет!” — свята не толькі творчасці, але і працы. Без штодзённай працы над сабой, без працы педагога талент ніколі сябе не праявіць. З пажаданнямі натхнення да ўдзельнікаў конкурсу звярнуўся і старшыня рэспубліканскага журы (у выканальніцкіх намінацыях), кампазітар, кіраўнік народнага вакальна-інструментальнага ансамбля “Чырвоныя зоркі” НЦМТДіМ Генадзь Маркевіч.

28 сакавіка, як ужо ведае чытач, у Палацы прафсаюзаў быў гала-канцэрт… Не хочацца паўтарацца і зноў апісваць захапленне, якое выклікала гэтая дзея. Але як тут не адзначыць цудоўную работу галоўнага рэжысёра свята мастацкага кіраўніка НЦМТДіМ Міхаіла Умпіровіча, дзякуючы якому прысутныя маглі ўбачыць не толькі ўласна канцэртную праграму, але яшчэ і… выяўленчыя работы конкурсу “Прывітанне, свет!”. Менавіта яны ўвесь час дэманстраваліся на вялікім экране ў якасці візуальнай падтрымкі канцэртных нумароў, прычым былі вельмі акуратна падабраны пад стыль таго ці іншага нумара.
Або як тут не адзначыць асобных выканаўцаў, якія выходзілі на сцэну і прымушалі млець у захапленні ўсю залу: узорны ансамбль эстраднага танца “Прэстыж” Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, дэкламатарку верша Янкі Купалы “Матцы” Дар’ю Пармяненкаву з мінскага ЦДАДіМ “Эўрыка”, узорны ансамбль танца “Папараць-кветка” Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці, уладальніцу незвычайнага “народнага” голасу Паліну Бурло з сярэдняй школы № 161 Мінска, інструментальны ансамбль “Лыжачнікі” з Фарынаўскай сярэдняй школы Полацкага раёна, узорны харэаграфічны ансамбль “Дзяцінства” з Барысаўскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, тэатральны калектыў “Кветкавы горад” з мінскай сярэдняй школы № 27, ансамбль духавых інструментаў з барысаўскай сярэдняй школы № 20, саліста Паўла Лашчэўскага са слонімскай сярэдняй школы № 8, майстроў бальнага танца Арцёма Пазняка і Карыну Калыхан з Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі, брэйк-дансераў з мінскага ЦДАДіМ “Вікторыя”, узорны тэатр моды “Наш стыль” з Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, узорны вакальны ансамбль “Песенька” з мінскага ПДіМ “Золак”, Таху Рахап са жлобінскай сярэдняй школы № 12… Вельмі прашу: няхай не крыўдуюць на мяне тыя ўдзельнікі гала-канцэрта, каго я не назваў. Пералік усіх быў бы, дальбог, занадта доўгі. У гала-канцэрце прынялі ўдзел 30 калектываў!

Руская народная песня "Валёнкі". Выконвае Даша Астроўская (СШ №14, г.Ліда). Напрыканцы ж пару кароткіх каментарыяў сяброў рэспубліканскага журы агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!”.
Загадчык аддзела арганізацыйна-масавай работы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Наталля Камзалава: “Калі гаварыць пра тэндэнцыі, то сёлета вельмі парадавала тое, што мы пабачылі значны пад’ём у інструментальным жанры, у жанры тэатра моды. Прычым адметна, што многія калектывы думаюць ужо не толькі ўласна пра выканальніцкае мастацтва, але і пра тое, як прэзентаваць сябе, як упісацца ў агульную канцэртную праграму. На вельмі высокім узроўні паказала сябе харэаграфія, невыпадкова для харэаграфічнай творчасці мы прадугледзелі ажно шэсць кірункаў: народна-сцэнічны танец, народны стылізаваны танец, эстрадны танец, бальны танец, сучасная харэаграфія і нават сола. У якасці ж магчымых пажаданняў на будучае: хацелася б, канечне, каб быў шырэй прадстаўлены такі жанр, як народныя спевы, асабліва ва ўзроставай катэгорыі 6—12 гадоў. Тут, вядома ж, таксама былі свае зорачкі, як, напрыклад, Паліна Бурло з Мінска або Даша Астроўская з Ліды — унікальныя дзяўчынкі! Але ж іх так мала… Куды больш мы сёння захапляемся эстрадай! А што тычыцца размеркавання ўзроўню выканальніцкага майстэрства дзяцей па рэгіёнах, то адзначу найперш грандыёзны рывок наперад Мінска. Выступленні мінскіх дзяцей на конкурсе “Прывітанне, свет!” два гады назад і сёлета — гэта неба і зямля. Дакладней, зямля і неба! Таму, дарэчы, мінчане пабралі так многа прызавых месцаў…”

Кіраўнік подыум-школы “Fashion-style” НЦМТДіМ Ігар Іваноў: “Вельмі прыемна, што модай сёння цікавяцца і актыўна займаюцца ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны, у тым ліку ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі. Безумоўна, мы разглядалі ўдзельнікаў не як прафесіяналаў, а менавіта як дзяцей, якія праз прызму моды спрабуюць выказаць сябе, сваё бачанне свету. І тут такія ўсе розныя! Нехта працаваў у стылістыцы нацыянальнага касцюма, некага натхняў авангард, хтосьці стараўся прасачыць паўсядзённую моду “кэжуэл”… Прычым усё гэта было прадстаўлена як у старэйшай узроставай катэгорыі (13—18 гадоў), так і ў дзіцячай (6—12). А гэта ж вельмі важна для дзяцей — выказацца, знайсці сябе, навучыцца такому артыстызму ў паводзінах і знешнім выглядзе. Хочацца, каб гэтыя дзеці пранеслі прыгажосць моды праз усё сваё жыццё”.

Мікола ЧЭМЕР.

gilevitch@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

P.S. Поўны расклад пераможцаў і прызёраў ІІ Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” па намінацыях можна знайсці на сайце Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі па вэб-адрасе www.nchtdm.com, а разгорнуты фотарэпартаж з заключных мерапрыемстваў агляду-конкурусу шукайце на партале педагагічнай прэсы www.ng-press.by.