Гэтыя людзі робяць цуды!

Выдатнае інклюзіўнае мерапрыемства “Гэтыя людзі робяць цуды!” прайшло ў Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі з удзелам юных артыстаў Дзённага цэнтра Чырвонага Крыжа для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, іх бацькоў, валанцёраў сярэдняй школы № 27 Гродна, маладых інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Гродна і навучэнцаў Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху.

Дзеці дзённага цэнтра “стварылі цуд”, удзельнічаючы ў якасці артыстаў у сваім дэбютным спектаклі “Чараўнік смарагдавага горада” тэатральнага калектыву “АНРЫ-ТЭАТР”. Узрадавалі ўсіх яркія сустрэчы — з паралімпійскай чэмпіёнкай Ядвігай Скорабагатай, Ірынай Васільеўнай Фамянковай, ганаровым членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, якая напісала кнігу “Сустрэчны вецер. Аповесць пра Ядвігу Скорабагатую”, прысвечаную славутай лыжніцы, Віктарам Кудлачовым, паэтам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яны перамаглі сябе і “стварылі цуд” у спорце, паэзіі і, наогул, у жыцці.

За плячыма Ядвігі Эдуардаўны — шэсць паралімпіяд, дзевяць медалёў. На нядаўніх XII Паралімпійскіх зімовых гульнях 2018 у Пхёнчхане яна была сцяганосцам беларускай каманды.

Кніга Ірыны Васільеўны Фамянковай дакументальная. Калі на сцэне яна зачытала некалькі радкоў з твора, гераіня сустрэчы, сціплая і нешматслоўная, паўстала моцным і мужным чалавекам, здольным супрацьстаяць цяжкасцям і ісці да вызначанай мэты.

— Кожны з нас здольны перасягнуць самога сябе. Ніколі не трэба здавацца, — заклікала Ядвіга Скорабагатая.
— Яшчэ ў маладыя гады я сказаў сабе, што павінен стаць лепшым, — дадаў Віктар Сямёнавіч Кудлачоў, які, страціўшы зрок у дзяцінстве (падарваўся на міне), стаў выдатным паэтам і таленавітым выкладчыкам музыкі і спеваў.

І гэта гучала як наказ усім прысутным: верыць у сябе і свае неабмежаваныя магчымасці.

Ж.В.ХАДЗЬКОВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Гродзенскай спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху.