Гімн маладосці і таленту

Больш за 35 гадоў Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа рыхтуе спецыялістаў для сферы адукацыі і культуры. У каледжы працуе стабільны і дружны калектыў. Ва ўстанове вучацца амаль 500 навучэнцаў па спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, “Замежная мова”, “Дызайн”, “Фізічная культура”. Моладзь  актыўна ўдзельнічае ў грамадска карысных справах, аб’яднаннях па інтарэсах, у навучэнскім самакіраванні, прафсаюзнай навучэнскай арганізацыі, валанцёрскіх атрадах. Каледж актыўна ўзаемадзейнічае з установамі агульнай сярэдняй адукацыі, установамі дашкольнай адукацыі, для якіх рыхтуе кадры.

Зінаіда Казлова, Карына Сакалова, Настасся Асташэвіч.

Гэты год быў азнаменаваны актыўнай дзейнасцю 29 аб’яд­нанняў па інтарэсах фіз­культурна-аздараўленчай, мас­тац­кай, сацыяльна-эканаміч­най, са­цыяль­на-педагагічнай, куль­тур­на-ад­пачынкавай, турыс­тыч­на-края­знаўчай і грамадска-гу­ма­ні­тар­най накіраванасці. На­ву­чэнцы і пе­дагогі пры­маюць ак­тыў­ны ўд зел у міжнародных, рэс­публіканскіх і абласных кон­кур­сах, алімпіядах і спаборніцтвах. За мінулы навучальны год імі за­вая­вана 70 дыпломаў, з іх 9 міжна­род­нага ўзроўню, 13 — рэспубліканскага.

Алена Васільеўна Жураўлёва, дырэктар навучальнай установы, выдатнік адукацыі, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, вялікую ўвагу ўдзяляе прапагандзе і развіццю руху WorldSkills. У скла­дзе дэлегацыі Мінскай вобласці яна прысутнічала на Міжнародным конкурсе WorldSkills, які прахо­дзіў у мінулым годзе ў Казані. Алена Васільеўна ўспамінае незабыўную атмасферу конкурсных дзён, радуецца таленту і крэатыўнасці канкурсантаў.

—  У мінулым навучальным го­дзе каледж стаў пляцоўкай для правядзення абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу WorldSkills па кампетэнцыях “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя”, “Графічны дызайн”, — паведаміла дырэктар. — Удзел у конкурсе WorldSkills мае асаблівае значэнне. Гэта заўсёды выпрабаванне для яго ўдзельнікаў і для самой установы. І гэта зразумела. Ацэньваюць не толькі канкурсантаў, узровень іх прафесійнай падрыхтоўкі, але і саму навучальную ўстанову, як арганізаваны ў ёй адукацыйны працэс. Нягледзячы на хваляванні і конкурсны стрэс, такія спаборніцтвы загартоўваюць характар, дазваляюць даведацца, як ты выглядаеш на фоне іншых і ці ў правільны бок рухаецца твая навучальная ўстанова.

Рух WorldSkills аказвае ўплыў на ўсіх зацікаўленых асоб. Конкурс стымулюе педагогаў на самаадукацыю і самаўдасканаленне, бо немагчыма падрыхтаваць кваліфікаванага спецыяліста, не валодаючы навінкамі ў галіне адукацыі. Навучэнцам ён дае магчымасць паказаць свае ўменні, знайсці памылкі ў сваёй дзейнасці, каб выправіць іх да моманту працаўладкавання, выхоўвае гордасць за сваю прафесію.

Тройка крэатыўных

Сёлета каледж выступаў аж у трох намінацыях. Іх прадстаўлялі ў конкурсе пераможцы абласнога этапу навучэнцы каледжа Зінаіда Казлова (“Дашкольная адукацыя”), Настасся Асташэвіч (“Пачатковая адукацыя”) і Карына Сакалова (“Графічны дызайн”). Экспертамі на конкурсе выступаюць выкладчыкі М.Н.Канавалаў (для яго гэта ўжо трэці ўдзел), Г.У.Яўланава, А.М.Глобаж, А.Г.Кашуба (педагог-псіхолаг, без якога няма ўпэўненасці ў сваіх сілах).

Карыне Сакаловай 18 гадоў. Яна жыве ў гістарычным Нясвіжы. Тут яна нарадзілася і тут атрымлівае прафесію графічнага дызайнера.

Яшчэ з маленства Карыне хацелася перадаць наваколле ў малюнках. Яна, яшчэ добра не ўмеючы, брала рознакаляровыя фарбы і з захапленнем размалёўвала белыя аркушы. З кожным разам яе рука станавілася ўсё больш упэўненай. Калі стала больш дарослай, любімы занятак яшчэ мацней захапіў. Карына пастаянна малявала: на перапынках і на ўроках у школе, дома і на прагулках. Яна марыла паступіць у каледж на спецыяльнасць графічнага дызайну і не ўяўляла свайго жыцця без творчасці.

Цяпер Карына на занятках у каледжы спасцігае асновы спецыяльных прадметаў, удасканальваючы свае навыкі пры выкананні вучэбных заданняў у спецыяльных праграмах Adobe illustrator, Photoshop, Indesign. У вольны час працягвае займацца стварэннем уласных ілюстрацый (менавіта з гэтым напрамкам яна хоча звязаць сваё жыццё ў далейшым). Атрыманыя ў каледжы веды дапамагаюць якасна палепшыць узровень творчых работ. Хобі — ігра на ўкулеле, фатаграфія, лепка — дапамагаюць натхняцца новымі ідэямі і задумамі.

Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў спецдысцыплін М.Н.Канавалава і В.В.Грабёнка Карына інтэнсіўна рыхтавалася да ўдзелу ў сёлетнім конкурсе па кампетэнцыі “Графічны дызайн”.

Карына ўпэўнена, што ўдзел у конкурсе дасць ёй станоўчы і бясцэнны прафесійны вопыт.

Зінаіда Казлова — удзельніца конкурсу па кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”. Нарадзілася дзяўчына ў в.Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна і лічыцца далёкай сваячкай Якуба Коласа і Язэ­па Лёсіка. З ранняга дзяцінства марыла стаць выхавальніцай. Прафесія ёй была добра знаёмая: выхавальніцай калісьці працавала яе бабуля, а зараз па гэтай прафесіі працуе яе сястра. Побач з Зінаідай заўсёды можна было бачыць групкі малых. З ёй заўсёды было цікава: яна на баяне можа сыграць і сплесці з саломы сувенір, для выхаванцаў заўсёды знойдзе добрае слова і займальную гульня. А педагагічнае майстэрства можна было адтачыць на родным пляменніку.

У Мікалаеўшчынскай сярэдняй школе імя Якуба Коласа Зінаіду прымеціла педагог Ала Мікалаеўна Шасцілоўская. Менавіта яна параіла ёй паступаць на спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя” ў Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа.

Тут Зінаіда яшчэ раз пераканалася, што выбар спецыяльнасці быў зроблены правільна. У засваенні прадметаў прафесійнага цыкла ёй удалося дасягнуць высокага майстэрства: у залікоўцы дзяўчыны толькі “дзявяткі” і “дзясяткі”. Любімыя прадметы — педагогіка і псіхалогія. Асаблівую ролю ў яе станаўленні як выхавальніка адыграла выкладчык педагогікі і кіраўнік практыкі Галіна Ула­дзіміраўна Яўланава. Сёння яны разам прадстаўляюць  Мінскую вобласць у кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”.

Прызнанне самой сябе

З дзяцінства я задавала шмат пытанняў. Большасць з іх, праўда, не агучвала, таму што лічыла, што ніхто не здольны даць мне адказ, які змог бы задаволіць маю надзвычайную дапытлівасць. Таму ўсе пытанні захоўвала ў галаве, спадзеючыся, што ў будучыні сама змагу знайсці тое, што шукаю.

І вось я тут. Бо хто, як ні настаўнік, можа даць адказы на ўсе пытанні? Праўда, з часам пытанняў стала больш, а адказаў і зусім няма, але я рада, што выбрала гэты шлях. Я тут, каб… Добра, давайце па парадку.

Я — Настасся Асташэвіч, выпускніца Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”. Чатыры гады назад прыехала ў каледж з Дзяржынска выпускніцай школы, а потым вярнулася ў родную школу, але ўжо настаўніцай.

Я з самага маленства захапілася танцамі. Спачатку займалася ў гарадскім Доме культуры ў калектыве “Вясёлка”. Крыху пазней перайшла ў тэатральную студыю і далей удасканальвала свае навыкі ў калектыве “Яўгенія”. З гэтым калектывам аб’ездзіла ўсю краіну і нават выязджала за мяжу, дзе мы займалі прызавыя месцы. Але гэтага мне заўсёды было мала. Паралельна з танцамі захаплялася бісерапляценнем, батыкам, роспісам па шкле, пап’е-машэ, дэкупажам, лепкай з цеста, рознымі відамі вышывання, саломапляценнем. Акрамя гэтага, заўсёды марыла спяваць, і каледж мне ў гэтым дапамог.

Я заўсёды была і буду поўная энергіі, але не ўсё ў маім жыцці было проста. Кожны раз, пры спробе заняцца нечым новым, у мяне дрэнна атрымлівалася нават элементарнае, і я апускала рукі. Але побач заўсёды аказваліся патрэбныя людзі, якія падтрымлівалі мяне ў цяжкую хвіліну. Асаблівыя словы ўдзячнасці хачу выказаць выкладчыку педагогікі Алене Міхайлаўне Глобаж, якая ўва мне, сціплай, крыху няўпэўненай у сабе другакурсніцы, заўважыла іскру запалу, невычэрпнай энергіі, пазітыву і прапанавала наведаць конкурсныя пляцоўкі III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства. Менавіта з таго дня я зразумела, што хачу паспрабаваць сябе ў гэтым конкурсе.

Я ўпэўнена, што за нас перажываў увесь педагагічны склад каледжа. Бо кожны з іх уклаў у нас часцінку сябе, спрыяў нашаму асабістаму і прафесійнаму росту.

І я вырашыла, што хачу стаць чалавекам дасведчаным, творчым, умелым, гатовым заўсёды прыйсці на дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Такім чалавекам, вядома ж, з’яўляецца настаўнік. Я гатова даваць дзецям усе свае веды і адказваць на ўсе іх пытанні. Пытанняў у іх, вядома, менш не стане (як і ў мяне), але я хоць паспрабую. Я не баюся, што маё жаданне і мая энергія калі-небудзь скончацца. Бо свечка нічога не губляе, калі ад яе полымя запальваецца іншая свечка… Чым больш цеплыні і святла ты аддаеш іншым, тым хутчэй сэрца напаўняецца новай энергіяй.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.