Гімназічны кірмаш

Звонка, гучна запрашалі зазывалы на кірмаш “Квітней, Беларусь!”, які адбыўся ў гімназіі № 1 Баранавіч. Каля 350 навучэнцаў, настаўнікаў і бацькоў прыйшло на свята. Ранкам у холе гімназіі пачалі працаваць станцыі, на якіх ахвотныя маглі зарабіць спецыяльныя гімназічныя грошыкі (прыдумаў адмысловую “валюту” вучань восьмага класа Эльдар Пятроў).

Пяцікласнікі зарабілі гімназічныя грошыкі на спартыўных спаборніцтвах “Беларускія гульні” пад кіраўніцтвам Васіля Міхайлавіча Андруховіча.

У віктарыне “Па сцежках Якуба Коласа і Янкі Купалы” бралі ўдзел вучні дзясятых класаў. На гэтай станцыі працавалі студэнты Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта разам са сваімі выкладчыкамі Вольгай Міхайлаўнай Шавель і Наталляй Уладзіміраўнай Ермаловіч.

Гульня “З меха па загадцы” стала спосабам заробку грошай для шостых класаў. Васьмікласнікі пачалі кірмаш з гульні “Тлумач, значэнне слова растлумач!”, а таксама наведалі майстар-клас па этыкеце, які правяла Алена Васільеўна Грыгор’ева.

Настаўнікі Леанід Мікалаевіч Васілько і Таццяна Іванаўна Бельмача правялі гісторыка-геаграфічную віктарыну “Што? Дзе? Калі?” для дзявятых класаў. У гульні “Слова не верабей, выпусціш — не зловіш!” актыўна ўдзельнічалі сёмыя класы.

На станцыі “Зарабляем грошы ведамі!” дзякуючы эрудыцыі вучні атрымалі магчымасць купіць печыва, білеты на канцэрт, зрабіць прычоску ці макіяж.

Вынікам кірмашу стаў гала-канцэрт “Квітней, Беларусь!”

Ларыса ТАРАСЮК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Баранавіч.