Гімназія максімальнай рэалізацыі

Якімі павінны быць сучасная ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі і яе кіраўнік? Неаднойчы была сведкай, калі педагогі, навучэнцы і выпускнікі гімназіі № 2 Віцебска на гэтае пытанне адказвалі: “Вядома ж, як у нас!” Што характэрна, у іх ёсць усе падставы так сцвярджаць. Як калектыву ўдаецца ўтрымліваць лідарства на адукацыйнай прасторы і з кожным разам дасягаць усё больш значных поспехаў, расказвае дырэктар гімназіі Канстанцін Леанідавіч Кісялёў — абсалютны пераможца Абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства кіраўнікоў устаноў адукацыі “Кіраўнік года — 2019”, член савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

— Паводле папулярнага меркавання, чалавеку праз кожныя 7 гадоў неабходна мяняць месца работы, бо далей у яго зніжаюцца ініцыятыва, матывацыя, крэатыўнасць, пачынаецца застой. Вы з гэтым згодны?

— Пра вывады амерыканскіх вучоных паўгода назад з усмешкай успамінаў, адзначаючы свой невялікі дырэктарскі юбілей: 10 гадоў мінула, як я ўзначаліў гімназію. Па ідэі, ужо трэці год проста абавязаны быць эмацыянальна спустошаным. Толькі на справе з кожным новым навучальным годам ідэй усё больш, і жадання тварыць дадаецца, і ўсё часцей наведвае нешта дадзенае звыш, што завецца натхненнем… Прафесія педагога a priory дае магчымасць штодзённай рэалізацыі, свежасці пачуццяў і эмоцый, патрабуе бесперапыннага самаўдасканалення і самаразвіцця. Найважнейшай прычынай майго жадання і далей развівацца разам з гімназіяй з’яўляецца наш пастаянны прагрэс: у выніках, арганізацыі адукацыйнага працэсу, рэсурснай базе. На сённяшні дзень гімназія № 2 Віцебска — сфарміраваны адукацыйны брэнд рэгіёна, магутная шматпрофільная ўстанова адукацыі, адна з самых запатрабаваных у горадзе і вобласці, вядомая нават за межамі нашай Радзімы.

— Цікава, як для вас усё пачыналася на дырэктарскай пасадзе?

— У канцы жніўня 2009 года я з незвычайным хваляваннем у якасці кіраўніка пераступіў парог гімназіі № 2, некалі знакамітай сярэдняй школы № 9 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы, са сцен якой з рэгулярнай перыядычнасцю выходзілі знакамітыя дзяржаўныя дзеячы і дыпламаты, спартсмены і мастакі, перакладчыкі і ўрачы. Гімназіі, дзе працаваў калектыў вопытных і па-сапраўднаму прафесійных педагогаў. Установы адукацыі, дзе ў 80-х і пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя марылі вучыць сваіх дзетак ледзь ці не ўсе бацькі нашага горада…

— Але ж той момант і згаданыя 80—90-я амаль два дзясяткі гадоў раз­дзяляюць. Адкуль такая, выбачайце, састарэлая спасылка?

— На здзіўленне, пры ўсіх пералічаных плюсах, высокім метадычным майстэрст­ве педагогаў, амбіцыйным і творчым калектыве, устойлівай і эфектыўнай сістэме іншамоўнай адукацыі знутры я пабачыў істотныя праблемы ў вучэбнай, выхаваўчай, метадычнай, інавацыйнай, кадра­вай, фінансава-гаспадарчай, маркетынга­вай дзейнасці ўстановы. Матэрыяльна-тэхніч­ная і вучэбна-тэхналагічная база відавочна мела патрэбу ў абнаўленні, прычым тэрміновым і неадкладным. Самыя адораныя навучэнцы нярэдка пераходзілі ў гімназію Б (дадзім такое ўмоўнае азначэнне) з мэтай паглыбленага вывучэння матэматыкі і інфарматыкі, у гімназію В — каб дасягац­ь сур’ёзных вынікаў у вывучэнні хіміі і біялогіі. Іншымі словамі, поле варыятыўных магчымасцей для рэалізацыі патэнцыялу гімназістаў было дастаткова вузкім і грунтавалася толькі на лепшай у гора­дзе сістэме навучання замежнай мове. Па выніках абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (важным паказчыку для ўстаноў адукацыі новага тыпу, вядучым арыенцірам для якіх павінна быць развіццё інтэлектуальнай адоранасці) гімназія займала толькі 6-е месца ў вобласці; на заключным этапе мы ледзь уваходзілі ў сотню лепшых. Ды і перамогі па вялікім рахунку былі плёнам намаганняў трох педагогаў: Наталлі Чарновай па англійскай мове, Алены Токаравай па іспанскай і Сяргея Крывенкі па геаграфіі — яскравае сведчанне недастатковай работы іншых настаўнікаў па раскрыцці інтэлектуальнага патэнцыялу, адсутнасці сістэмы работы з адоранымі навучэнцамі. Інавацыйнай дзейнасцю ў 2009 годзе гімназія займалася толькі на раённым узроўні і вельмі малая колькасць педагогаў была далучана да яе. Атрымаўшы спецыяльнасць “Менеджар у сферы адукацыі” пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, я быў гатовы павышаць метадычны ўзровень настаўнікаў праз рэалізацыю інавацыйных і эксперыментальных праектаў. Традыцыі — сур’ёзная і важная рэч. Дрэнна, калі яны становяцца чымсьці закасцянелым: знікае жаданне падумаць пра альтэрнатыву, арганізацыя работы пачынае ператварацца ў руціну, мерапрыемствы — у шаблон. Самым вялікім расчараваннем для мяне стаў чэрвень 2010 года. Жадаючых вучыцца ў 1 класе гімназіі набралася крыху больш, чым дыктавалі кантрольныя лічбы прыёму, а ў 5 клас да нас прыйшлі ўсяго восем дзетак з іншых школ. Настрой канчаткова сапсавала выпадкова пачутае выказванне адной абаяльнай прадстаўніцы органаў кіравання адукацыяй, нібыта наша ўстанова — горшая з усіх гімназій горада… Гэта стала апошняй кропляй: пакляўся сабе, што мы карэнным чынам зменім падобныя меркаванні.

— На чым грунтуецца эфектыўнасць і выніковасць работы ўстановы адукацыі?

— А хто нясе адказнасць за ўсе напрамкі яе дзейнасці? Я на ўсё жыццё запомніў лекцыю выдатнага беларускага педагога і вучонага Мікалая Запрудскага пра крытэрыі эфектыўнай школы, дзе ў якасці асноватворнага паказчыка вылучана лідарства дырэктара ў адукацыйным працэсе. І выяўляцца яно павінна, на мой погляд, у вядучай ролі кіраўніка ў вызначэнні стратэгіі развіцця ўстановы адукацыі, кіраванні гэтым развіццём. Мы стварылі праграму, у якой вызначылі місію нашай гімназіі, мэты, задачы і напрамкі работы, прыярытэты і чаканыя вынікі. У аснову была закладзена ідэя максімальнай рэалізацыі духоўна-інтэлектуальнай індывідуальнасці навучэнца, што адпавядае прынцыпам устойлівага развіцця сучаснага інфармацыйнага грамадства, нацыянальным інтарэсам дзяржавы з улікам стратэгіі і патрэб інавацыйнай эканомікі. Ад традыцыйнай “лінгвістычнай” гімназіі мы кадрава, ментальна перайшлі да канцэпцыі шматпрофільнай установы адукацыі на базе дасканалага валодання замежнымі і дзяржаўнымі мовамі. Не буду спыняцца на ўсіх тонкасцях выбудаванай стратэгіі развіцця — паверце, яна даволі маштабная і разгалінаваная. Тым не менш хацелася б спыніцца на трох асноўных складніках — па маім глыбокім перакананні, іх заўсёды трэба брац­ь пад увагу кіраўніку адукацыйнай арганізацыі. Найперш, любая ўстанова павінна мець сваё аблічча, непаўторную індывідуальнасць. Гэта можна вызначаць як “школа-брэнд”, можна гаварыць пра канкурэнтаздольную школу ці назваць неяк інакш — сутнасць не ў назве. Для мяне галоўнае ў атмасферы даверу і паспяховасці адначасова, прывабнасці для навучання і працы, творчасці і рэалізацыі магчымасцей, здольнасцей і інтарэсаў кожнага ў навучэнскім і працоўным калектыве. Менавіта таму мы не проста захавалі, а памножылі традыцыі гімназіі № 2 у арганізацыі іншамоўнай адукацыі. Так, англійская мова з’яўляецца профільным прадметам ва ўсіх класах пачынаючы з 8-га; з 5 класа пачынаецца вывучэнне другой замежнай мовы (іспанскай, нямецкай, французскай або кітайскай на выбар); з 8-га нашы навучэнцы маюць магчымасць вывучэння шведскай і польскай моў. Такім чынам, усяго ў гімназіі выкладаецца 7 замежных моў, і мы з гонарам адзначаем, што падобная сістэма іншамоўнай адукацыі не мае аналагаў у Рэспубліцы Беларусь!

— А якія астатнія два складнікі?

— Кадры вырашаюць усё, таму асновай сваёй кіруючай дзейнасці я бачу дасведчаны падбор, расстаноўку і навучанне педагогаў. Нам удалося стварыць адзін з самых моцных педагагічных калектываў Віцеб­шчыны з сапраўднымі зоркамі педагагічнага алімпу практычна па ўсіх напрамках. Гаворка пра аўтарытэтных прафесіяналаў, хто прыняў рашэнне далучыцца да гімназічнага калектыву — такіх як матэматыкі Аляксандр Шугаль і Святлана Матросава, трэнеры па праграмаванні Вераніка Лакціна і Мікалай Кастэнка, гісторык і грамадазнаўца Вольга Чаплыгіна, біёлагі Маргарыта Дзямідаш і Уладзімір Коцур, філолагі Людміла Прусава і Ніна Даўбешка, а таксама пра нашых настаўнікаў, хто за апошнія гады дасягнуў значнага прагрэсу, сярод якіх філолагі Алена Маісеева і Вольга Каламійцава, настаўніца англійскай мовы Ганна Міненка і, напэўна, лепшы географ краіны Сяргей Крывенка. Многія з іх, дарэчы, з’яўляюцца нашымі выпускнікамі. Да работы мы прыцягнулі васьмярых выкладчыкаў вышэйшай школы, кандыдатаў і дактароў навук, якія дапамагаюць выхо­дзіць на новыя рубяжы нашым адораным навучэнцам. У мяне часта пытаюцца: “Як у вас атрымалася сабраць такія кадры?” Падзялюся маленькім сакрэтам. Не прымяншаючы фінансавага стымулявання як дзейснага метаду матываванасці работнікаў, скажу, што да нас настаўнік ідзе не за казачнымі барышамі — іх у бюджэтнай арганізацыі і быць не можа. Ідзе за спакойнай, добразычлівай атмасферай, індывідуальна выбудаванай пад яго інфраструктурай адукацыі, увагай да любых жыццёвых і прафесійных патрэб. Не менш важны момант — стварэнне адзінай гімназічнай супольнасці. Гаворачы аб поспехах гімназіі, заўсёды ўжываю займеннік “мы”: за кожнай — нават самай маленькай — перамогай стаяць узаемазвязаныя дзеянні многіх людзей. Удзельнікамі адукацыйнага працэсу з’яўляюцца навучэнцы, іх законныя прадстаўнікі і педагогі, а яшчэ прадстаўнікі выканаўчай і заканадаўчай улады, шэфы і спонсары, выпускнікі, ды і проста ўсе неабыякавыя да лёсу ўстановы людзі. Згуртаваць іх усіх для дасягнення пастаўленых мэт — адна з галоўных задач кіраўніка.

— На працягу 10 гадоў гімназічная супольнасць напружана працавала. Якімі вынікамі сумеснай дзейнасці, на вашу думку, гімназія можа ганарыцца?

— Спачатку пра тое, што адразу бачна: мы разам зрабілі знешняе аблічча гімназіі сучасным і эстэтычна прывабным, правялі рэканструкцыю даху, цэнтральнага ганка, санвузлоў, актавай і спартыўнай залаў, замянілі вокны, добраўпарадкавалі тэрыторыю, набылі новую мэблю і абсталяванне, цалкам змянілі афармленне кабінетаў, калідораў і рэкрэацыі — гімназічная прастора стала камфортнай, бяспечнай і па-дамашняму ўтульнай. Калі палічыць усе выдаткаваныя рэсурсы, то атрымаецца вельмі значная сума. Карыстаючыся выпадкам, хочацца падзякаваць многім людзям, якія ў наш не самы фінансава спрыяльны час выразна ўсведамляюць: інвестыцыі ў адукацыю — самыя надзейныя і доўгатэрміновыя! Відавочны эфект меў пераход да шматпрофільнасці. Дзякуючы ўдзелу ў рэспубліканскім эксперыменце па апрабацыі вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах рэалізацыі профільнага навучання мы стварылі эканамічныя, інфармацыйна-тэхналагічныя, гістарычна-філалагічныя класы, стварылі ўмовы для максімальнай рэалізацыі нашых навучэнцаў у любой адукацыйнай галіне: цяпер ужо ў нас імкнуцца вучыцца таленавітыя дзеці. На працягу 5 гадоў мы ўваходзім у дзясятку лепшых школ краіны, у мінулым навучальным годзе сталі трэцімі ў краіне і першымі ў вобласці па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў па вучэбных прадметах. Сёлета ў фінале азначанага конкурсу нашы навучэнцы заваявалі 5 дыпломаў па пяці напрамках, мы зноў у тройцы лідараў. Вучні нашай ўнікальнай Алены Маісеевай атрымалі два дыпломы І ступені ў дзвюх секцыях, па рускай мове і рускай літаратуры — такога ў краіне, па-мойму, яшчэ не было. У плане падрыхтоўкі і ўдзелу ў конкурсе (канферэнцыі) мы назапасілі багаты вопыт, і, зыходзячы з яго, маем дзве прапановы па ўдасканальванні яго арганізацыі і правядзення. Па-першае, усе рэспубліканскія фіналісты ў гуманітарных секцыях вызначаюцца на абласных этапах, у той час, як адбор удзельнікаў секцый прыродазнаўча-матэматычнага кірунку ажыццяўляе БДУ — лічым, што і тут мэтазгодна зрабіць адбор цэнтралізаваным і зыходзіць з вынікаў абласных канферэнцый. Па-другое, з мэтай большай аб’ектыўнасці і празрыстасці крытэрыяў мы прапануем весці відэазапіс выступленняў навучэнцаў падчас канферэнцый — аналагічная практыка добра зарэкамендавала сябе пры правя­дзенні рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Вяртаючыся да асноўнага пытання, трэба дадаць: за перыяд з 2010 па 2019 год на базе гімназіі былі рэалізаваны 11 інавацыйных і эксперыментальных праектаў, з іх чатыры рэспубліканскага ўзроўню. У рамках рэспубліканскага праекта сумесна з філалагічным факультэтам ВДУ імя П.М.Машэрава на нашай базе створаны вучэбна-навукова-метадычны лінгвістычны цэнтр, які праводзіць сур’ёзную работу не толькі ў гімназіі, але і ў маштабах вобласці. Мы падтрымалі існуючыя традыцыі ў арганізацыі выхаваўчай работы і далі пачатак шэрагу новых праектаў і конкурсаў, цікавых і сацыяльна значных калектыўных творчых спраў, некаторыя з нашых ініцыятыў выйшлі за межы гімназічнай прасторы і фактычна набылі характар раённых і гарадскіх мерапрыемстваў.

— Поспехі калектыву пад вашым кіраўніцтвам высока ацэньваюцца. Спыняцца на дасягнутым не збіраецеся?

— У ліпені 2015 года гімназія была занесена на Рэспубліканскую дошку гонару. Мы першая ўстанова адукацыі Віцебшчыны, якая дабілася падобнага прызнання нацыянальнага значэння. Аднак самае галоўнае не гэта. Нам сталі па-сапраўднаму давя­раць жыхары Віцебска, дзеці і іх бацькі. І гэта самы красамоўны доказ таго, што гімназія зноў набыла заслужаны аўтарытэт, стала прэстыжнай. А значыць, мы яшчэ крыху наблізіліся да сваёй мэты — стварэння ўстановы адукацыі, якая будзе рыхта­ваць інтэлектуальную эліту нашага грамадства, хто заўтра будзе вызначаць аблічча нашай Радзімы. Мы вырашылі многія, хаця і далёка не ўсе праблемы, і цвёрда пераканаліся, што ўсе праблемы вырашальныя пры належным жаданні і кампетэнцыях. У нас высокія, нават амбіцыйныя чаканні ад педагогаў і навучэнцаў, якія я не баюся агучваць на любым узроўні: стаць самай выніковай установай агульнай сярэдняй адукацыі краіны і на доўгія гады замацавацца ў гэтым статусе. Зразумела, планка пастаўлена высокая. Аднак мы вельмі ўпарта і цярпліва трэніруемся, каб у адзін цудоўны момант эфектна і ўпэўнена яе дасягнуць!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.