Гінгівіт цяжарных

Падчас цяжарнасці ў арганізме жанчыны адбываецца безліч змен. На жаль, не ўсе яны носяць станоўчы характар. Адной з непрыемнасцей, якія падпільноўваюць вас, з’яўляецца гінгівіт. Захворванне гэтае настолькі распаўсюджанае сярод цяжарных жанчын, што ў стаматолагаў нават ёсць такая фармулёўка “гінгівіт цяжарных”.

 Чаму менавіта падчас цяжарнасці?

Калі вы ўважліва вывучылі свой план наведвання ўрачоў, то абавязкова адзначылі для сябе наяўнасць у ім стаматолага. Справа ў тым, што зубы падвяргаюцца вельмі сур’ёзнай нагрузцы, і праблема не ў тым, што вы цяпер будзеце есці “за дваіх”. У многіх жанчын падчас цяжарнасці кіслотнасць поласці рота змяняецца. Гэта адбываецца з-за дзейнасці гармонаў, а таксама і таму, што ў харчаванні пераважаюць вугляводы. У кіслым асяроддзі мікробы развіваюцца значна хутчэй.

Ёсць яшчэ адзін момант. Арганізму патрэбен кальцый, прычым у вялікай колькасці, бо костачкі дзіцяці фарміруюцца менавіта з кальцыю, які яно атрымлівае ад маці. Калі вы не забяспечыце сябе кальцыем у дастатковай колькасці, то ён будзе проста забірацца з вашых касцей і зубоў, якія з’яўляюцца своеасаблівым дэпо гэтага мінералу. Эмаль зубоў робіцца мякчэйшай і танчэйшай з-за недахопу кальцыю, бактэрыі размнажаюцца. Вось і ўсе ўмовы для развіцця самых распаўсюджаных хвароб поласці рота: карыесу і гінгівіту. Справа ў тым, што гінгівіт — гэта першы крок да парадантозу. Таму пажадана выявіць яго на самых ранніх стадыях ці ўвогуле папярэдзіць яго з’яўленне. Амаль 50% дарослых лю­дзей пакутуюць на гінгівіт і нават не падазраюць аб гэтым. А сярод будучых матуль у сярэднім 20% хварэюць на гінгівіт. Але толькі ў 1,5% з іх гінгівіт — гэта вынік “работы” гармонаў цяжарнасці. Астатнія выпадкі — гэта проста абыякавыя адносіны да свайго здароўя.

У чым выяўляецца гінгівіт цяжарных?

Месцы прылягання дзясен да зубоў, а таксама прамежкі паміж зубамі, так званыя міжзубныя сасочкі, запаляюцца, могуць разрастацца. Пры найменшай траўме дзясны краваточаць. Ёсць добрыя навіна: у тым выпадку, калі гінгівіт з’яўляецца толькі ў перыяд цяжарнасці, ён можа знік­нуць адразу пасля родаў. Але занадта разлічваць на гэта не варта. Бо вы маглі прос­та не ведаць аб існаванні хваробы раней.

Як клапаціцца аб зубах падчас цяжарнасці?

v Рэгулярна чысціць зубы пасля кожнага прыёму ежы, а менавіта, кругавымі рухамі ад дзясны да зуба. Лепш за ўсё выкарыстоў­ваць мяккую ці паўжорсткую зубную шчотку, каб не раздражняць адчувальныя дзясны. Паміж зубамі варта дадаткова чысціць спецыяльнай ніткай (флосам).

  • Адзін-два разы за час цяжарнасці прайдзіце агляд і правядзіце прафесійную чыстку зубоў у стаматолага, каб ліквідаваць налёт у цяжкадаступных месцах.
  • Абавязкова адпраўце мужа да стаматолага! Колькі б намаганняў вы ні прыкладалі, каб забяспечыць “стэрыльнасць” поласці рота, усё будзе марным, таму што першы ж пацалунак мужа верне “шкодную” мікрафлору.
  • Калі ў першыя тры месяцы вас му­чыць млоснасць, не чысціце зубы адразу пасля яды, таму што зубная эмаль адчувальная да салянай кіслаты страўніка. Прапалашчыце рот адразу пасля яды і пачысціце зубы праз дваццаць хвілін.
  • Не злоўжывайце салодкім і кіслым. Калі вельмі хочацца шакаладу, то лепш адразу з’ядаць паўпліткі, чым есці па маленькім кавалачку на працягу дня. І не забудзьце пасля гэтага абавязкова пачысціць зубы!
  • Абавязковай умовай для здаровых зубоў з’яўляецца правільнае харчаванне. Гэта значыць: мінімум адзін раз у дзень — агародніна, фрукты, зерневыя прадукты. Час ад часу перакусвайце свежай і сырой ежай і не надта пераварвайце стравы.

Мама, паклапаціся аб сваім здароўі! Гэта будзе адным з праяўленняў любові і клопату аб дзіцяці!

Наталля КУЛАГІНА.