Да 70-годдзя Перамогі Верамейская сярэдняя школа Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці пачала рыхтавацца яшчэ ў лютым. У сакавіку быў гатовы план святкавання Дня Перамогі. Пачалася актыўная падрыхтоўка. Нехта ездзіў да брацкіх магіл прыбіраць апалае лісце, фарбаваць агароджы. Да далёкіх пахаванняў кветкі ўскладалі загадзя. Рыхтаваліся выставы і акцыі.
І вось надышоў доўгачаканы тыдзень. З 4 мая ў школе на ўсіх перапынках гучала ваенная музыка, былі паказаны відэакліпы. Настаўнікі і вучні галасавалі за тры песні, пад якія прагучаць залпы салюту. Уздоўж лесвічных пралётаў праходзілі дзве стэндавыя выставы: “Фашысцкія лагеры смерці” і “Дзесяць подзвігаў, ад якіх замірае сэрца”. Самае галоўнае пра герояў і самае страшнае пра лагеры дзеці змаглі прачытаць на гэтых плакатах. Навошта? Каб больш гэты жах ніколі не паўтарыўся. 4 і 7 мая навучэнцы паглядзелі на вялікім экране два мастацкія фільмы (“Аперацыя “Тайфун” і “Бітва за Севастопаль”).
Усе класныя гадзіны гэтага тыдня праходзілі ў школьным музеі баявой славы. Юныя экскурсаводы расказвалі сваім таварышам пра подзвігі нашых землякоў, аб’яўлялі хвіліны маўчання. Навучэнцы малодшага і сярэдняга звяна малявалі плакаты, і на першым паверсе школы былі вывешаны найлепшыя работы з выявай брацкіх магіл, Вечнага агню, ветэранаў… Удзельнічала школа і ў раённай акцыі “Дарогамі слаўных перамог”. Дзеці сустрэлі дэлегацыю Лабанаўскай школы, прынялі “галіну Перамогі” і даставілі яе да брацкай магілы вёскі Глінь. А 8 мая з гірляндай з іглічных кустоў і чырвоных гваздзікоў уся школа адправілася на мітынг-рэквіем аграгарадка Верамейкі.
Завяршылася святкаванне салютам. Яго падрыхтоўку і арганізацыю вяла наша школа. Ля брацкай магілы гучала ваенная музыка, а за хвіліну да пачатку застукаў метраном. 627 залпаў прагрымела ў небе над Верамейкамі. Тры стрэлы за кожнага загінуўшага салдата з Верамеек і навакольных вёсак. Святочнае мерапрыемства праходзіла паблізу чыгуначнай станцыі. У гэты час прыбыў прыгарадны цягнік на Магілёў і прастаяў амаль чатыры хвіліны замест адной. Людзі з вокнаў крычалі: “Ура! З Днём Перамогі!”.
Сяргей ЛУКАШЭНКА,
настаўнік Верамейскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна.