Гістарычная памяць — адна на ўсіх

- 11:35Вышэйшая школа

Ва ўнутраным дворыку Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта 8 мая было ажыўлена. Ушанаваць памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны сабраліся студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ўстановы, а таксама іх калегі з Іжэўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя М.Ц.Калашнікава і Ніжагародскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Р.Я.Аляксеева.

Ускладанне кветак да помніка загінуўшых у гады вайны супрацоўнікаў і студэнтаў Беларускага політэхнічнага інстытута адбылося ў межах правядзення штогадовага міжнароднага лёгкаатлетычнага прабегу, які працягнецца да 13 мая і завершыцца ў Брэсце. Перад гасцямі БНТУ выступілі творчыя калектывы і студэнты ваенна-тэхнічнага факультэта ўстановы. А ў канцы праграмы галасы прысутных зліліся ў знакамітай песні “День Победы”.

Сёлетні прабег, гісторыя якога пачалася ў 2003 годзе, стаў пятнаццатым і праходзіў па маршруце Іжэўск — Казань — Ніжні Ноўгарад — Ярцава — Курган Славы — Мінск — Брэст. За дзевяць дзён студэнты разам з выкладчыкамі пераадолелі звыш дзвюх з паловай тысячы кіламетраў. Адужаць такую адлегласць няпроста нават прафесійным спартсменам, таму прабег адбываўся непасрэдна па памятных месцах Расіі і Беларусі.

— Прабег — гэта сімвал народа, гісторыі, а яго вынікі — гэта наша будучыня. Таму мы вельмі ўдзячны Саюзнай дзяржаве за тое, што некалі падтрымала гэтую ініцыятыву, — адзначыў першы прарэктар БНТУ Георгій Вяршына.

Па словах арганізатараў, колькасць жадаючых прыняць удзел у мерапрыемстве з кожным годам павялічваецца. Але каб гэта зрабіць, студэнтам трэба прайсці строгі адбор, па выніках якога вызначаюцца лепшыя прэтэндэнты ад кожнага ўніверсітэта.

Другакурсніцы Іжэўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя М.Ц.Калашнікава Алёна Аляксеева і Анжаліка Канстанцінава расказалі, што прайсці адбор было няпроста. Студэнтам неабходна было прадставіць уласныя дасягненні перад універсітэтам. Акрамя таго, юнакам і дзяўчатам трэба быць актывістамі ў розных сферах і добра вучыцца.

Студэнткі адзначылі, што яны разам з камандай узмоцнена рыхтаваліся да прабегу. І гэтую падрыхтоўку можна было ўбачыць на ўрачыстым мерапрыемстве: іжэўскія госці парадавалі прысутных запальным флэш-мобам.

— Пра прабег мы ведалі даўно (пра гэта ў нас ва ўніверсітэце ведаюць усе). Студэнты, якія прыязджалі ў Мінск, расказвалі пра гасціннасць БНТУ, апісвалі прыгажосць беларускай сталіцы, — падзяліліся актывісткі. Але Анжаліку Канстанцінаву з нашай краінай звязваюць не толькі аповеды старэйшых сяброў. Яе прабабуля нарадзілася ў Смаленску, там жа сустрэла вайну, была партызанкай. Пасля ранення жанчыну пераправілі ў Мінск, дзе яна спачатку лячылася, а пасля працавала фельчарам.

— Паездка ў Мінск для мяне як даніна памяці маёй прабабулі, — гаворыць дзяўчына.

Студэнт-трэцякурснік БНТУ Міхаіл Кузьмянкоў прымае ўдзел у забегу ўжо другі раз — летась малады чалавек наведаў Іжэўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт.

— У наш час, калі многія спрабуюць перарабіць або сказіць гісторыю, зносіны паміж Беларуссю і Расіяй становяцца вельмі важнымі, — выказаў думку хлопец. — Мой дзядуля прайшоў Вялікую Айчынную, а тата — Афганістан. Я спадзяюся, што на маё жыццё і на жыццё маіх дзяцей не прыпадзе ніводны ваенны канфлікт.

Па словах прарэктара па пазавучэбнай рабоце Ніжагародскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Віктара Магутнова, які шмат разоў быў госцем БНТУ, кожны раз у Мінск яго прыводзіць пачуццё патрыятызму, агульнай гісторыі з беларусамі і адказнасць перад сваімі студэнтамі за гэтую гісторыю.

— Такія мерапрыемствы, як прабег, дапамагаюць нашым студэнтам станавіцца сапраўднымі патрыётамі. Калі яны вяртаюцца дадому, то мяняюцца. Мняюцца таму, што сутыкаюцца з гісторыяй. Прабег для нас — гэта ўжо не проста традыцыя, а падзея.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.