Гістарычная спадчына — агульная

- 12:00Навіны рэгіёнаў

VI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Актуальныя праблемы крыніцазнаўства” на базе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава аб’яднала амаль 200 даследчыкаў з устаноў адукацыі і навукова-даследчых цэнтраў Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі і Польшчы.

Маштабны форум, які традыцыйна праводзіцца кожныя два гады і з’яўляецца адным з найбуйнейшых і найбольш прадстаўнічых навуковых мерапрыемстваў у галіне крыніцазнаўства на постсавецкай прасторы, сёлета ўпершыню адбыўся ў вочна-дыстанцыйным фармаце. Арганізатарамі канферэнцыі выступілі факультэт гуманітарыстыкі і моўных камунікацый ВДУ імя П.М.Машэрава, гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кафедра гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, Санкт-Пецярбургскі інстытут гісторыі Расійскай акадэміі навук, гістарычны факультэт Харкаўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя В.Н.Каразіна, Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці пры падтрымцы Смаленскай абласной грамадскай арганізацыі Расійскага саюза моладзі і Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Работа праходзіла ў дзвюх вочных і трох дыстанцыйных секцыях. 

Як расказаў загадчык кафедры гісторыі і культурнай спадчыны ВДУ кандыдат гістарычных навук Анатоль Дулаў, праблемнае поле канферэнцыі ўключала шырокае кола пытанняў тэорыі, гісторыі і даследчых практык крыніцазнаўства і архівазнаўства і музейнага крыніцазнаўства, крыніцазнаўства гістарыяграфіі, а таксама зварот да комплексаў і асобных крыніц усеагульнай і айчыннай гісторыі ад старажытнасці да нашых дзён. Тэматычны блок у гэтым годзе быў прадстаўлены дакладамі, прысвечанымі крыніцам асабістага паходжання. Рэгіянальны блок склалі матэрыялы, якія характарызуюць крыніцы гісторыі сувязей беларускіх земляў з дзяржавай Нямецкага ордэна ў Прусіі і Лівоніі ў ХІІІ—XVI стагоддзях. Акрамя таго, праграма канферэнцыі прадугледжвала прэзентацыю зборніка архіўных дакументаў і матэрыялаў “Без тэрміну даўнасці. Беларусь: злачынствы нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны. Віцебская вобласць” (Масква, 2020) і манаграфіі кандыдатаў гістарычных навук дацэнтаў Аляксандра Косава і Дзяніса Юрчака “Рэспубліка Беларусь у інтэграцыйных працэсах на постсавецкай прасторы” (Віцебск, 2021). Мінутай памяці арганізатары аддалі даніну павагі Віктару Таранеўскаму (1954—2020) — беларускаму літаратуразнаўцу-медыявісту, перакладчыку і даследчыку шляхецкіх мемуараў XVII стагоддзя, Віцебскага летапісу і Магілёўскай хронікі, а таксама “Лістоў да Юліі” Яна Баршчэўскага. 

Па выніках форуму выдадзены зборнік дакладаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена ВДУ імя П.М.Машэрава.