Гісторык з душой матэматыка

У нашым акружэнні калі-нікалі сустракаюцца людзі, якія быццам свецяцца знутры. Яны захоўваюць унутраную гармонію і ахвотна дзеляцца гэтым з тымі, хто іх акружае. Менавіта да такіх людзей можна аднесці і настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 1 Салігорска Мінскай вобласці Вольгу Георгіеўну Жураўлевіч. Гэта строгі, але справядлівы настаўнік, здольны натхніць, падбадзёрыць, а калі трэба — і суцешыць добрым словам. Вера педагога ў сваіх выхаванцаў робіць іх больш упэўненымі, прымушае перастаць сумнявацца ў правільнасці сваіх дзеянняў і дазваляе дасягнуць поспехаў. Вучні В.Г.Жураўлевіч займаюць прызавыя месцы на этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Сёлета за плённую работу педагог адзначана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

Вольга Георгіеўна адносіцца да людзей, зносіны з якімі заўсёды выклікаюць станоўчыя эмоцыі. Вось і мяне адразу зачаравала яе прыемная ўсмешка, бяздонныя вочы, меладычны голас. У вольны час настаўніца любіць чытаць кнігі — гістарычную, фантастычную, дэтэктыўную літаратуру — і вырошчваць кветкі. Якіх толькі раслін няма ў яе садзе! Ружы, крокусы, вяргіні, хрызантэмы… А яшчэ Вольга Георгіеўна — цікавы субяседнік і расказчык.
— Усё дзяцінства планавала стаць будаўніком, — расказвае В.Г.Жураўлевіч. — Марыла пра вялікія будоўлі, новыя гарады, тым больш што падарожнічаць было не прывыкаць: бацька быў ваеннаслужачым, таму сям’я часта мяняла месца жыхарства, а я — школы. Але ў 9—10 класах, калі ўладкаваліся ў Салігорску, мяне заваражыла настаўніца гісторыі Алена Міронаўна Рагожкіна. Яе ўрокі былі захапляльнымі, праляталі непрыкметна. Таму, нягледзячы на тое, што мне заўсёды лягчэй даваліся дакладныя дысцыпліны (матэматыка, фізіка), і настаўнікі гэтых прадметаў давалі парады паступаць па гэтым профілі, я ўсё ж зрабіла выбар на карысць гісторыі. Хаця калегі называюць мяне “гісторык з душой матэматыка”, бо мне пастаянна хочацца ўкласці гістарычны працэс у пэўныя межы: табліцы, схемы, усё раскласці па пунктах, ва ўсім знайсці логіку і заканамернасці.
Пасля заканчэння гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта ў 1990 годзе Вольга Георгіеўна прыйшла ў гімназію і ўжо амаль 25 гадоў працуе ў ёй. Як прыгадвае настаўніца, першыя ўрокі былі вельмі хвалюючымі. Больш за ўсё малады педагог перажывала не за змест урока, а за дысцыпліну: як успрымуць дзеці, ці будуць слухаць. Рыхтавалася вельмі адказна: сама малявала схемы, плакаты, чытала шмат дадатковай літаратуры, у тым ліку і метадычнай. Цяжэй за ўсё спачатку было разлічыць час урока: яго то не хапала, то чамусьці заставалася з лішкам, хаця падавалася, што ўсё было прадумана і прадугледжана.
Сёння з вышыні свайго вопыту настаўніца з усмешкай прыгадвае першыя крокі ў прафесіі. Сваю асноўную задачу яна бачыць не ў тым, каб укласці ў галовы дзяцей пэўны аб’ём гістарычнай інфармацыі, а ў тым, каб развіваць творчае, прадукцыйнае мысленне, навучыць арыентавацца ў вялізным патоку інфармацыі, аналізаваць мінулае і цяперашняе, рабіць уласныя высновы, мець свой пункт гледжання, фарміраваць даследчыя навыкі, уменне працаваць самастойна. Вольга Георгіеўна імкнецца паказаць сваім выхаванцам, што ва ўсіх падзеях ёсць логіка і заканамернасць. Яна вучыць дзяцей не проста механічна запамінаць матэрыял, а ўлічваць тое, што эканоміка цесна звязана з палітыкай і знаходзіць свой адбітак у культуры. Вядома, запомніць аб’ём дат, прапанаваных у падручніку гісторыі, проста немагчыма, а таму настаўніца імкнецца да таго, каб навучэнцы ў цэлым ведалі логіку гістарычнага працэсу, знакавыя эпахальныя падзеі, самыя значныя імёны.
— Сучасны ўрок — гэта інтэрактыўны ўрок, — адзначае настаўніца. — Безумоўна, гісторыя вельмі шматгранная, таму заўсёды ёсць спакуса захапіцца на ўроку выкладаннем цікавых, прыцягальных гістарычных фактаў. Разумеючы, што сёння дзеці чытаюць усё менш і менш, хочацца захапіць іх прадметам, зацікавіць, каб не засталося абыякавых. А яны і не супраць выступаць у ролі слухачоў і гледачоў, пераконваючы, што так яны лепш запамінаюць. Але практыка паказвае, што толькі актыўныя і інтэрактыўныя метады навучання даюць найлепшы вынік, бо дазваляюць далучыць да вучэбнага працэсу кожнага вучня і ў поўнай ступені рэалізаваць задачы сучаснай адукацыі. Сучасны ўрок — гэта ўрок актыўнай творчай работы, пошуку, урок, на якім падтрымліваецца інтэлектуальны тонус, таму для мяне перадумова паспяховага ўрока — добразычлівая творчая атмасфера, дзе кожнае дзіця ўцягнута ў пазнавальную дзейнасць і ў канцы ўрока робіць, няхай маленькае, але ўласнае адкрыццё, бачыць вынік прыкладзеных намаганняў.

Нягледзячы на тое, што вопыт работы ў настаўніцы вялікі і ёсць шмат напрацовак, да кожнага ўрока Вольга Георгіеўна рыхтуецца, як да адкрытага. Спачатку перачытвае ўвесь даступны матэрыял па тэме, каб асвяжыць у памяці падзеі, потым падбірае дадатковы матэрыял: карты, дакументы, відэафрагменты, ілюстрацыі, праглядае метадычныя распрацоўкі ў дапаможніках ці часопісах. І толькі пасля гэтага пачынае прадумваць, як найбольш эфектыўна выкарыстоўваць падабраныя матэрыялы на ўроку: дазіроўку інфармацыі, разумнае спалучэнне тлумачэння і самастойнай работы, падбор адпаведных метадаў і прыёмаў работы.
“Важна не тое, каб цябе зразумелі, а каб не зразумець было немагчыма” — адзін з педагагічных прынцыпаў настаўніцы. Вольга Георгіеўна выкарыстоўвае такія метады, як “Алітэрацыя” (вучню прапануецца паняцце, і на кожную яго літару неабходна прыдумаць слова ці словазлучэнне, якое адлюстроўвае яго сутнасць), “Займі пазіцыю” (меркаванні вучняў раздзяляюцца, аднадумцы аб’ядноўваюцца і аргументуюць свой пункт гледжання, адстойваюць яго), “Медыяазбука” (на кожную літару алфавіта падбіраюцца ілюстрацыі, фотаздымкі, якія потым дэманструюцца, і вучань па іх павінен вызначыць падзею, гістарычную асобу), “Ажыві карцінку” (бярэцца сюжэтная карціна, і навучэнцам трэба скласці паведамленне ад імя дзеючых асоб). Эфектыўнымі з’яўляюцца і “Мазгавы штурм”, “Кластар”, “Чыстая дошка”, “Шэсць капелюшоў” і інш.
Падабаецца навучэнцам выкарыстанне метаду “ПАПВ-формула”. Старшакласнікам прапануецца выказаць і аргументавана даказаць сваю думку чатырма сказамі, выкарыстоўваючы ПАПВ-формулу: П — пазіцыя (у чым заключаецца пункт гледжання), А — абгрунтаванне (доказ у падтрымку пазіцыі), П — прыклад (факты, якія ілюструюць доказ), В — вынік (выснова, заклік да прыняцця пазіцыі). Вынікам работы з’яўляецца не толькі засваенне ведаў навучэнцаў і ўсвядомленае іх прымяненне, але і пашырэнне ўяўленняў старшакласнікаў, выпрацоўка імі ўласнай пазіцыі, а таксама развіццё ўмення прыводзіць важкія аргументы і доказы. Акрамя таго, навучэнцы ўсведамляюць, што можа існаваць некалькі пунктаў гледжання на адзін і той жа прадмет, а ўменне выслухаць іншую думку і прыняць аргументацыю інтэлектуальна ўзбагачае чалавека. В.Г.Жураўлевіч лічыць дастаткова прадукцыйнай і групавую работу навучэнцаў, якая дазваляе навучыцца працаваць у камандзе, размяркоўваць ролі, прыслухоўвацца да меркавання аднакласніка, адстойваць думку, выпрацаваную ў камандзе.

У сваёй рабоце настаўніца аддае перавагу інфармацыйным тэхналогіям. “Адной з мэт сучаснай адукацыі з’яўляецца фарміраванне асобы, адаптаванай да жыцця ў інфармацыйным грамадстве з усімі яго магчымасцямі, пагрозамі, выклікамі і рызыкамі. Таму настаўнік павінен ісці ў нагу з часам і ўмела ўцягваць у адукацыйны працэс усю разнастайнасць сродкаў інфарматызацыі, развіваць у навучэнцаў матывацыю да атрымання ведаў і самаадукацыі”, — лічыць Вольга Георгіеўна.
За 10 гадоў, што настаўніца працуе з ІКТ, створана каля 100 прэзентацый да ўрокаў і больш за 10 інтэлектуальна-пазнавальных гульняў, распрацаваны электронны дапаможнік для падрыхтоўкі да экзамену па гісторыі Беларусі за курс базавай школы, які быў адзначаны дыпломам І ступені на Рэспубліканскай канферэнцыі “Інтэлект ХХІ стагоддзя”, аформлена партфоліа ў выглядзе сайта. А таксама В.Г.Жураўлевіч сістэматызавала комплекс прыёмаў і метадаў выкарыстання інтэрактыўнай дошкі для 5—7 класаў.
— У сённяшніх навучэнцаў патрэба ў візуалізацыі інфармацыі значна вышэйшая, а інтэрактыўная дошка з’яўляецца інструментам візуальнага прадстаўлення даных, — адзначае Вольга Георгіеўна. — Пры выкарыстанні дошкі ў мяне не ўзнікае неабходнасці затрачваць час на змену наглядных матэрыялаў. У выніку гэтага павялічваецца час, які можна затраціць на вывучэнне новага ці замацаванне вывучанага матэрыялу, паскорыць тэмп урока. Ды і навучанне дзяцей ніколі яшчэ не станавілася такім прыцягальным і захапляльным. Электронная дошка дазваляе навучэнцам пераадолець псіхалагічны бар’ер, неўсвядомлены страх і боязь каля дошкі, лёгка ўцягвае іх у вучэбны працэс. Працуючы з дошкай, дзеці ўпэўнена раскрываюць свае здольнасці.
Працэс навучання гісторыі становіцца больш эфектыўным, дзякуючы выкарыстанню такіх інструментаў інтэрактыўнай дошкі, як колер, запісы на экране, аўдыё- і відэаўкладанні, функцыя Drag&Drop, вылучэнне асобных частак экрана.
Інтэрактыўную дошку Вольга Георгіеўна выкарыстоўвае пры тлумачэнні новага матэрыялу як экран для дэманстрацыі камп’ютарных прэзентацый, відэа, інтэрнэт-рэсурсаў, табліц, схем; пры рабоце з гістарычнымі картамі, з контурнай картай, з пісьмовымі гістарычнымі крыніцамі; пры кантролі, замацаванні, абагульненні і сістэматызацыі ведаў навучэнцаў.
— Інтэрактыўная гістарычная карта дазваляе мне ператварыць звычайныя заняткі ў захапляльнае падарожжа па часе, а навучэнцу не толькі засвоіць пэўны раздзел школьнай праграмы, але і сістэматызаваць атрыманыя веды, — тлумачыць В.Г.Жураўлевіч. — Метадычныя прыёмы выкарыстання інтэрактыўных карт разнастайныя. Шырокія магчымасці пры правядзенні ўрока прадастаўляе ўключэнне слаёў карты ў розных спалучэннях. Метад накладання карт дазваляе навучэнцам супастаўляць, аналізаваць факты, вылучаць гіпотэзы, даказваць і абвяргаць іх, рабіць высновы. Праверку ведаў можна арганізаваць, папрасіўшы навучэнцаў адлюстраваць падзеі на базавым слоі карты. Пасля гэтага можна ўключыць адпаведны дадатковы слой і абмеркаваць адказ навучэнца. Інтэрактыўная карта дае магчымасць змяняць маштаб: павялічваць і памяншаць выяву, перамяшчаць яе па экране. Гэтая функцыя можа быць карысна пры вывучэнні войнаў, ходу змаганняў. Дадатковы матэрыял, размешчаны на картах, змяшчае даведачную інфармацыю па тэмах унутранай і знешняй палітыкі, ваеннай гісторыі, мастацтве і культуры.
Вынікі работы настаўніцы сведчаць пра тое, што прымяненне ІКТ на ўроках дазваляе педагогу скараціць час пры падрыхтоўцы да ўрока, стварыць базу індывідуальных картак з заданнямі, дыферэнцыраваных праверачных работ, тэстаў, фарміраваць у навучэнцаў яркія і аб’ёмныя ўяўленні аб мінулым і ствараць ілюзію прысутнасці, калі дзіця падарожнічае з якім-небудзь героем у геаграфічнай прасторы і часе; устанаўліваць міжпрадметныя сувязі, перш за ўсё з інфарматыкай. Акрамя таго, прыцягваць актыўных вучняў да збору матэрыялу для прэзентацыі да ўрока, для стварэння вучэбных праграм пад кіраўніцтвам настаўніка, павысіць матывацыю да навучання.
Сваю работу з інфармацыйнымі тэхналогіямі Вольга Георгіеўна плануе працягваць і далей. У мінулым годзе настаўніца прайшла навучанне па ўкараненні сэрвісаў Web 2.0 у вучэбны працэс і сёлета плануе прымяніць атрыманыя веды на практыцы, прыцягнуць да распрацоўкі сэрвісаў навучэнцаў. Акрамя таго, педагог хоча заняцца дыстанцыйным навучаннем. У планах В.Г.Жураўлевіч — дапрацаваць электронны дапаможнік для выпускнога экзамену па гісторыі за курс сярэдняй школы, уключыць у яго прэзентацыі, канспекты, схемы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.