Гісторыя адной батлейкі

- 11:01Выхаваўчая прастора

Батлейка — народны лялечны тэатр — прайшла багаты гістарычны шлях. З’явілася на нашых землях каля 500 гадоў назад дзякуючы манахам-францысканцам і за шматгадовую гісторыю ўвабрала ў сябе народную мудрасць і вопыт нашых продкаў. У ХХ стагоддзі, на жаль, батлейка была неапраўдана забыта. Цяпер яна адраджаецца зноў. І не толькі як частка рэлігійнай культуры ці музейнай экспазіцыі, але і як моцны інструмент выхавання і развіцця дзяцей у дзіцячых садах і школах.

Багаты выхаваўчы патэнцыял народнага лялечнага тэатра ўбачылі і ў нашай школе. Пачалося ўсё з паказаў “Цара Ірада” на ўроках беларускай літаратуры ў 6 класе. Але з часам прыйшло разуменне, што магчымасці батлейкі намнога большыя, чым кароценькія паказы ў межах праграмнага матэрыялу.

Каб прыступіць да больш сур’ёзных пастановак, патрэбна была і больш прафесійная батлейка. Адміністрацыя школы падключылася да праекта і дапамагла зрабіць вялікую драўляную скрыню на 2 паверхі, якая ўпрыгожыла кабінет беларускай мовы. Затым батлейку аздаблялі ўжо самі вучні: прыдумвалі ўзоры і размалёўвалі драўляныя ярусы, шылі фіранкі. Хапіла работы і бацькам. Разам з дзецьмі яны ўзяліся за выраб лялек. Спачатку шылі без усялякіх стандартаў, а пасля стваралі цэлыя канцэпцыі вырабу лялек да кожнага спектакля.

Першае маштабнае мерапрыемства — “Цуд на Каляды” — уключала ў сябе песні калядоўшчыкаў (бацькоў і дзяцей), танцы з карагодамі, аповеды пра батлейку, калядныя традыцыі і, канечне, сам батлеечны паказ. Але падчас гэтага свята батлейка выступала найперш як частка гістарычнага мінулага, а хацелася шырэй выкарыстоўваць яе ў якасці выхаваўчага інструмента сучасных дзяцей.

Так з’явілася задума ладзіць паказы народных казак, бо менавіта яны з’яўляюцца крыніцай мудрасці продкаў, сувязным элементам пакаленняў. Хацелася не проста паказаць пастаноўку, а засяродзіцца на выхаваўчых, развіццёвых, вучэбных аспектах казак.

Разам са старшакласнікамі-акцёрамі сталі распрацоўваць сцэнарыі мерапрыемстваў. Перачытвалі казкі, затым працавалі са зместам выбранай для паказу. Аналізавалі, наколькі зразумелымі будуць тыя ці іншыя словы для дзетак, што толькі пачалі вучыць беларускую мову, падбіралі сінонімы, а часам уносілі карэктывы ў змест. Шукалі адпаведную музыку, вершы, прыказкі і загадкі, прыдумвалі заданні па тэме. Пасля адточвалі акцёрскае майстэрства і ладзілі свята для вучняў пачатковых класаў.

Кожны год рыхтуем да паказу новую казку і шукаем цікавыя ідэі для мерапрыемстваў. Сёлета паказ прысвяцілі правілам бяспечных паводзін — паставілі казку “Коцік, пеўнік і лісічка”, каб паказаць, што незнаёмыя людзі могуць быць небяспечнымі. Пасля спектакля абмеркавалі, якія памылкі зрабіў коцік і якімі хітрымі спосабамі падманвала яго ліса.

На мерапрыемства запрасілі супрацоўнікаў міліцыі, якія нагадалі дзецям правілы бяспекі, падарылі памяткі, а затым разам з героямі казкі замацавалі веды на канкрэтных жыццёвых сітуацыях. Так у нас атрымалася сапраўднае падарожжа па краіне бяспекі з пошукамі скарбаў.

Наша батлейка набірае папулярнасць, на паказы ўжо пры­ходзяць выхаванцы суседняга дзіцячага сада. Ёсць у нас і
іншыя ідэі: напрыклад, ладзіць сямейныя спектаклі па суботах, адкрыць школьную майстэрню па вырабе лялек для батлейкі, зрабіць выставу створаных лялек у школьным музеі і інш.

Батлейка — гэта цудоўны спосаб рэалізацыі творчых здольнасцей вучняў і настаўнікаў, магчымасць выйсці за межы праграмнага матэрыялу. Такая форма работы дазваляе кожны год прапаноўваць новыя ідэі і вобразы і ператвараць іх у жыццё.

Парады для тых, хто таксама хоча стварыць батлейку ў сваёй школе

1. Не імкніцеся адразу да прафесійна зробленай батлейкі, па-майстэрску аздобленых лялек, маштабных мерапрыемстваў. Першую казку лепш выбіраць з невялікай колькасцю персанажаў. Няхай усё развівацца паступова — так вы і дзеці будзеце бачыць вынікі сваёй дзейнасці.

2. Пачніце работу з вучнямі 5—6 класаў, як правіла, яны вельмі ініцыятыўныя і яшчэ не маюць падлеткавых комплексаў.

3. Падключыце да праекта актыўных бацькоў, якія могуць дапамагчы, напрыклад, у стварэнні лялек.

4. З першых дзён уключайце вучняў у творчую работу, пакажыце іх значнасць, напрыклад,  прапануйце разам выбраць казку для паказу з 2—3 варыянтаў.

5. Першыя паказы можна ладзіць для першакласнікаў падчас класнай гадзіны і ў ГПД як казку на добры сон. Так вучні-акцёры будуць менш баяцца памылкі.

6. Калі акцёры ўбачаць, якую радасць прыносіць іх паказ маленькім гледачам, яны самі стануць ініцыятарамі наступных паказаў і вашымі натхняльнікамі!

Вераніка КАВАЛЁВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 20 Мінска.