Гісторыя адной Перамогі

- 11:52Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Настаўніца сярэдняй школы № 2 Верхнядзвінска Віцебскай вобласці Дзіна Тамашэвіч увайшла ў лік пераможцаў конкурсу сярод маладых педагогаў на лепшы ўрок гісторыі “Вялікая Айчынная: урокі вайны і гісторыя агульнай Перамогі”, арганізаванага Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы і Міжнародным інфармацыйным агенцтвам “Россия сегодня”.

Усяго на конкурс свае метадычныя распрацоўкі даслалі 202 настаўнікі гісторыі — 82 з Беларусі і 120 з Расіі. Яны прэзентавалі сцэнарыі мультымедыйнага школьнага ўрока па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на адну з пяці прапанаваных тэм. Пасля двух этапаў журы, куды ўвайшлі эксперты ў сферы ваеннай і гістарычнай навукі, адукацыі, прадстаўнікі ўлады і сродкаў масавай інфармацыі абедзвюх дзяржаў, выбрала 10 фіналістаў. Вынікі конкурсу былі падведзены ў Маскве падчас круглага стала “70 гадоў міру: урокі вайны і гісторыя агульнай Перамогі”.

1
Дзіна Мікалаеўна працуе ў галіне адукацыі 4 гады і ўпершыню прыняла ўдзел у такім маштабным спаборніцтве педагогаў. Тэмай свайго ўрока яна абрала асобу чалавека на вайне, расказала вучням пра землякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай. Пры дапамозе мультымедыйных сродкаў настаўніца здолела не толькі данесці школьнікам інфармацыю пра значныя падзеі і гістарычныя факты, пазнаёміць з біяграфіямі ўраджэнцаў Верхнядзвінскага раёна, але і ўвогуле стварыць адпаведны настрой і эмацыянальны фон, абудзіць у школьнікаў пачуццё патрыятызму і павагі да сваёй Радзімы і герояў, дзякуючы якім атрымана Вялікая Перамога і закладзены падмурак мірнага самастойнага жыцця будучых пакаленняў. Такі грунтоўны падыход дазволіў Дзіне Тамашэвіч заняць ганаровае 3 месца на конкурсе, а перамог настаўнік гісторыі з Новаваршаўскай гімназіі Омскай вобласці (Расія) Канстанцін Дзіянаў, другім стаў Мікіта Біленка з Тулы (ліцэй пры Тульскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Л.М.Талстога, Расія).
Лепшых педагогаў узнагародзіў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. Ён адзначыў, што, нягледзячы на малады ўзрост, усе фіналісты паказалі сябе дасведчанымі спецыялістамі, здольнымі не толькі даць вучням глыбінныя веды пра тую ці іншую гістарычную падзею, але і навучыць самастойна мысліць і разважаць, развіць у іх творчыя здольнасці. Рыгор Аляксеевіч павіншаваў усіх лаўрэатаў: Аіду Агаеву (Рэспубліка Дагестан, Расія), Вікторыю Бабчук (Краснадарскі край, Расія), Настассю Бондараву (Гродзенская вобласць, Беларусь), Аксану Вярнігара (Магілёўская вобласць, Беларусь), Андрэя Кніжнікава (Мінск, Беларусь), Глеба Ліхабабіна (Смаленск, Расія) і Аляксандра Самохіна (Мінская вобласць, Беларусь).
Акрамя падарункаў, фіналісты атрымалі набор літаратуры адпаведнай тэматыкі. Для маладых педагогаў былі арганізаваны экскурсія ў Цэнтральны музей Вялікай Айчыннай вайны, сустрэча з дырэктарам Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі Ігарам Пермяковым, навукова-практычныя семінары і майстар-класы.

Наталля КАМЛЁВА.
Фота аўтара.