Гісторыя Беларусі — у інтэрактыве

- 11:09Адукацыйная прастора

Як матываваць дзяцей на вывучэнне гісторыі Беларусі, зрабіць навучанне цікавым і эфектыўным, накіраваўшы захапленні сучасных дзяцей мабільнымі прыладамі ў адукацыйнае рэчышча, ведае настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 2 Рагачова імя В.М.Калеснікава Вольга Віктараўна Краўчанка. У суаўтарстве з інжынерам-праграмістам Алегам Мікалаевічам Бычковым яна распрацавала трэнажор-даведнік па гісторыі Беларусі для 6 класа, які на конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” адзначаны дыпломам І ступені. Аб асаблівасцях гэтай распрацоўкі — наша гутарка з В.В.КРАЎЧАНКА.

— Вольга Віктараўна, як прыйшла ідэя стварэння мабільнага дадатку?

— Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі актыўна распаўсюджваюцца ў адукацыйнай прасторы ва ўсім свеце. Усе школы нашай краіны маюць свае сайты, паўсюдна ствараюцца камп’ютарныя асяроддзі, дзейніча­юць сотні парталаў настаўнікаў, якія прапаноўваюць адкрытыя адукацыйныя рэсурсы ў выглядзе вучэбных матэрыялаў і аўтарскіх распрацовак у інтэрнэце. Але праблема ў тым, што заданні і матэрыялы часта працуюць толькі ў сетцы інтэрнэт і маюць абмежаванні ў рабоце на розных гаджэтах. З улікам гэтай праблемы ўзнікла ідэя стварэння мабільнага дадатку, накіраванага на арганізацыю сістэмнай дапамогі вучням, настаўнікам і ўсім зацікаўленым пры выкладанні гісторыі Беларусі. Мэта праекта — стварыць умовы для павышэння ўзроўню ведаў навучэнцаў у працэсе навучання і пры падрыхтоўцы да выніковай атэстацыі па гісторыі Беларусі. Дарэчы, матэрыял гэтага мабільнага дадатку адпавядае абноўленай вучэбнай праграме па гісторыі Беларусі для 6 класа і адаптаваны для навучэнцаў, мае простую інтуітыўную навігацыю.

— Раскажыце, калі ласка, пра змест распрацоўкі, асаблівасці яе структуры.

— Мабільны дадатак мае пяць асноўных блокаў: інфармацыйны, наглядны, трэнінгавы, кантралюючы і блок “Канструктар”. У інфармацыйным і наглядным блоках да кожнай тэмы распрацаваны відэаролікі, якія дазваляюць як настаўніку арганізаваць сістэму трэнінгавых урокаў, так і навучэнцам пры неабходнасці вывучыць матэрыял альбо актуалізаваць свае веды. Ва ўрокі інтэграваны дадаткі, якія для свайго прагляду патрабуюць доступу да інтэрнэту. Таксама падрыхтаваны тэматычныя інфармацыйныя слоўнікі па кожнай тэме, якія аснашчаны магчымасцю разгледзець увесь спіс паняццяў і знайсці патрэбнае. Асаблівае месца займае інфаграфіка. Памяткі, што прапаноўваюцца шасцікласнікам, дапамагаюць устанавіць сувязі паміж паняццем, гістарычнай падзеяй і асобамі.

Трэнінгавы блок прапаноўвае навучэнцам у выпадковым парадку справіцца з 10 заданнямі з агульнай базы заданняў. Гэта дазваляе выконваць заданні па адной тэме варыятыўна і не адзін раз, а ў рознай кампаноўцы — некалькі разоў. У дадатку размяшчаюцца трэнінгавыя практыкаванні некалькіх відаў: рашэнне тэстаў з выбарам аднаго ці некалькіх варыянтаў і магчымасцю паглядзець падказку, калі гэта патрэбна; картаграфічныя дыктанты; вызначэнне правільнасці альбо памылковасці прапанаваных сцвярджэнняў.

У кантралюючым блоку сабраны заданні да кожнай тэмы. Настаўнік мае магчымасць арганізаваць выніковы кантроль як па некалькіх тэмах, так і па ўсім курсе ў цэлым. Увогуле тэсціруючая база складаецца з 2020 пытанняў.  У раздзеле “Інтэрактыў” размешчана гульня “Буквомиксер” па складанні слова з патрэбных літар. Падрыхтаваны філворды — воблакі літар, якія ўяўляюць сабой падрыхтаваныя словы па кожным з 30 параграфаў. Навучэнцы з дапамогай націскання на пэўныя літары збіраюць базу са слоў  і такім чынам, запоўніўшы ўсё поле, у колеравай выяве атрымліваюць скарбонку асноўных паняццяў і тэрмінаў, якія могуць быць выкарыстаны настаўнікам напрыканцы ўрока ці паэтапна на ўроку.

Асаблівасць дадатку ў тым, што настаўнік ці навучэнец могуць дапаўняць базу заданняў. Такім чынам, трэнажор-даведнік з’яўляецца гнуткім з пункту гледжання тэматычнага зместу, ёсць магчымасць інтэграваць яго і пашыраць.

— Ці прадугледжвае мабільны дадатак магчымасць дыферэнцыяцыі заданняў?

— Так. Настаўнік, працуючы з гэтым трэнажорам, можа дыферэнцыраваць навучанне: са слабымі навучэнцамі можна працаваць  у сістэме “Трэнажор”  (зялёным колерам запальваюцца правільныя адказы, а чырвоным — няправільныя), з больш падрыхтаванымі — у сістэме “Кантроль”.

Прычым у працэсе работы навучэнцы будуць мець асабісты лічыль­нік паспяховасці, што дасць магчымасць працаваць у індывідуальным тэмпе ў адпаведнасці са здольнасцямі.

— Ці прайшоў апрабацыю трэнажор-даведнік?

— Гэты праект быў апрабаваны летась. Выкарыстанне мабільнага дадатку робіць працэс навучання лёгкім і даступным. Ён дапамагае развіць у навучэнцаў кемлівасць, увагу і памяць, стварыць умовы да актывізацыі пазнавальнай цікавасці да прадмета, садзейнічае абагульненню, замацаванню ведаў па раздзелах праграмы, выяўляе распаўсюджаныя памылкі навучэнцаў і дазваляе ажыццявіць работу па іх карэкцыі. Яго прымяненне прывяло да павышэння якасці ведаў вучняў. Улічваючы ўсё гэта, ужо сёлета пачалася падрыхтоўка мабільнага дадатку па гісторыі Беларусі для 7 класа.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.