Любіць малую радзіму проста — упэўнены навучэнцы жлобінскай гімназіі № 8 імя В.І.Казлова. Асабліва, калі браць прыклад з выдатнага земляка, які мае ганаровае званне Героя Савецкага Саюза.
Гімназія бярэ свой пачатак у 1967 годзе. За паўвекавую гісторыю яна выпусціла не адно пакаленне таленавітых навучэнцаў. Добрай традыцыяй стала і тое, што многія з іх вяртаюцца ў сцены роднай навучальнай установы ў статусе педагогаў. Аднак гімназіяй яна была не заўсёды…
Гісторыя
— Першапачаткова наша ўстанова стваралася як спецыялізаваная школа № 8 з паглыбленым вывучэннем французскай мовы, — расказвае дырэктар Святлана Пятроўна Дашкоўская. — У 2001 годзе на яе базе пачала сваю работу гімназія. У 2006 годзе яе зарэгістравалі як лінгвістычную гімназію, а з 2009 года мы сталі гімназіяй № 8 імя В.І.Казлова Жлобіна. Але ўсе свае поспехі ў сферы вывучэння дзвюх замежных моў (французскай і англійскай) ні ў якім разе не спісалі з рахункаў. Наадварот, навучэнцы сталі пераўзыходзіць уласныя рэкорды і прыносіць новыя ўзнагароды.
Вывучэнне французскай мовы прыносіць гімназіі шмат прычын для гордасці. Па-першае, у Жлобіне гэты вучэбны прадмет выкладаюць толькі тут. А па-другое, перамогі навучэнцаў у алімпіядах і лінгвістычных конкурсах сталі нагодай для наведвання школы паслом Францыі. Апошні візіт адбыўся ў 2019 годзе і пакінуў пасля сябе цёплыя ўспаміны.
Магчымасці
Сёння ў звязцы “вучань — настаўнік” у гімназіі вядзецца актыўная работа над стварэннем канкурэнтаздольнай, статуснай установы адукацыі ў Жлобінскім раёне. Гэта штодзённая праца, якая патрабуе шчырай зацікаўленасці кожнага. У раённым рэйтынгу гімназія № 8 на працягу шэрага гадоў займае лідзіруючыя пазіцыі ў педагагічных, вучнёўскіх і даследчых конкурсах, алімпіядах, паказвае высокія балы на цэнтралізаваным тэсціраванні. Святлана Пятроўна з гордасцю адзначае, што рабіць гэта не складана, бо школа з моманту свайго адкрыцця ніколі не зніжала планку.
— Гімназія вучыць нас думаць, — гаворыць Алена Кавалёва, навучэнка 11 класа і шматразовая пераможца даследчых конкурсаў. — На ўроках мы аналізуем, разважаем і пазбягаем завучвання, хоць часам і яно патрэбна. Таму і ў конкурсах удзельнічаем па ўласнай ініцыятыве. Нас зацікаўліваюць, але не прымушаюць — гэта лепшы рэцэпт паспяховага навучання.
Са словамі аднакласніцы згаджаецца Вераніка Літаш, такая ж актывістка. Летась яна стала пераможцай конкурсу “Залатое пяро “Белай Русі”.
— Гімназія дае магчымасці — за гэта мы яе і любім. Напрыклад, у 2021 годзе каманда нашай гімназіі выйграла нацыянальны этап міжнароднай бізнес-гульні “Пачатковы фермер”, і па ініцыятыве Расійскага саюза моладзі мы прадстаўлялі свой праект у Маскве.
Гордасць
Акрамя інтэлектуальных дасягненняў 8-я гімназія адзіная ў раёне носіць імя героя. На падставе пастановы ад 6 снежня 1967 года “Аб увекавечанні памяці Казлова Васіля Іванавіча” імя Героя Савецкага Саюза прысвоілі Жлобінскай сярэдняй агульнаадукацыйнай працоўнай політэхнічнай школе № 8.
— Гісторыя і традыцыі нашай гімназіі цесна пераплецены з імем Васіля Іванавіча, — расказвае настаўніца гісторыі Наталля Мікалаеўна Еўтухова. — Даказваюць гэта шматлікія перамогі, звязаныя з даследаваннем яго асобы, піянерская дружына і бюст з мемарыяльнай дошкай.
Цікавы факт: першапачаткова ў школе быў музей. У 1980 годзе другі дырэктар Рыгор Захаравіч Ленаў правёў велізарную работу па зборы архіўных матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць Васіля Іванавіча, арганізаваў паходы па месцах баявой славы знакамітага земляка, наладзіў перапіску з яго дачкой. У выніку ў 1980 годзе быў адкрыты гісторыка-краязнаўчы музей імя В.І.Казлова. У цяперашні час дзейнічае экспазіцыя, прысвечаная знакамітаму земляку.
Таксама педагогі гімназіі № 8 стварылі электронны рэсурс “Цэнтр патрыятычнага выхавання”, які стаў пераможцам абласнога этапу конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Гэта віртуальная пляцоўка, прысвечаная Васілю Іванавічу Казлову і ваеннай гісторыі Жлобіншчыны. На ёй размешчаны малавядомыя факты з біяграфіі героя, звесткі аб ваенных дзеяннях на тэрыторыі раёна і аб людзях, якія ўвайшлі ў ваенную гісторыю Жлобіна. Праект нясе вялікі выхаваўчы патэнцыял: узнагароды рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў з 2016 года гэта пацвярджаюць.
Герой Савецкага Саюза Васіль Іванавіч Казлоў — партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі.
Узнагароджаны медалём “Залатая Зорка” Героя Савецкага Саюза, пяццю ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і многімі медалямі.
Імем Васіля Казлова названы вуліцы ў Мінску, Жлобіне і Салігорску, электратэхнічны завод у Мінску, а таксама гімназія № 8 Жлобіна, сярэдняя школа № 5 Салігорска, у якой ёсць музей і бюст В.І.Казлова.
Традыцыі і інавацыі
Важным рэсурсам у працэсе далучэння гімназістаў да гісторыі і культуры з’яўляецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных адносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя”, якім кіруе Святлана Пятроўна Дашкоўская.
— Дзякуючы праекту, ідзе сур’ёзная работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, — дзеліцца намеснік дырэктара Святлана Мікалаеўна Буднікава. — Дзеці ўдзельнічаюць у пошукавых паходах па памятных і святых месцах роднага краю, даследуюць гісторыю і традыцыі, захоўваюць памяць пра гэта ў публікацыях у міжнародных зборніках “Жывая памяць”, “Першы крок у
навуку”.
Валанцёрскія акцыі, урокі мужнасці і духоўнасці сталі новай традыцыяй. З 2021 года ў гімназіі № 8 рэалізуюцца сацыяльна значныя праекты “Моладзь за сямейныя каштоўнасці дзеля жыцця”, “Міласэрнасць”, створаныя ў суаўтарстве з педагогамі і навучэнцамі.
Важную ролю ў выхаванні патрыятызму ў гімназістаў адыгрывае настаўніца гісторыі Наталля Мікалаеўна Еўтухова. Яна пераканана: цікавасць да гісторыі можна выклікаць толькі праз рэальныя прыклады. Аповеды пра подзвігі абаронцаў Айчыны нікога не пакідаюць абыякавымі. Правільная, займальная падача матэрыялу дае магчымасць дзецям адчуць сябе на месцы герояў, развівае іх кругагляд.
Патрыятычныя гадзіны, экскурсіі, лінейкі ў памяць пра Васіля Іванавіча Казлова — усё гэта фарміруе ў гімназістаў павагу і любоў да малой радзімы. Яны самастойна рыхтуюць навуковыя работы пра жыццё земляка-героя і выступаюць з імі перад малодшымі класамі — традыцыя, якой больш за 10 гадоў.
— Калі мы вучыліся ў малодшых класах, старшакласнікі выступалі перад намі на лінейках, піянерскіх зборах і расказвалі пра Васіля Іванавіча. Цяпер гэта робім мы — і неверагодна гэтым ганарымся, — гаворыць11-класніца Насця Гарадзіліна.
Яшчэ адзін дзейсны спосаб выхаваць патрыятызм у падрастаючага пакалення — добрыя справы. У гімназіі ўжо два гады рэалізуюцца сацыяльна значныя праекты “Ветэраны жывуць побач”, “Клопат”. Навучэнцы наведваюць пажылых людзей і аказваюць неабходную ім дапамогу, віншуюць са святамі, дораць сувеніры.
Гісторыя абавязана быць у памяці кожнага. Людзі, якія ахвяравалі ўсім дзеля будучыні нашчадкаў, заслугоўваюць таго, каб пра іх як мінімум гаварылі. Гэта меншае, што мы можам зрабіць і будзем рабіць.
Соф’я ЦЫКУНОВА.
Фота аўтара.