Гісторыя і сучаснасць на адной сцэне

- 11:17Навіны рэгіёнаў, Рознае

У навучэнцаў Гомельскага абласнога ліцэя забаў не так шмат. Гэта і зразумела, бо старшакласнікі прыходзяць сюды, каб атрымаць больш глыбокія веды, падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання і ў выніку стаць студэнтамі той установы вышэйшай адукацыі, аб якой мараць.

Тым не менш культурна адпачываць на працягу навучальнага года ліцэісты таксама паспяваюць. Экскурсіі і традыцыйныя ўнутрыліцэйскія мерапрыемствы дазваляюць пашырыць кругагляд і праявіць творчыя здольнасці, якія, вядома, ёсць не толькі ў гуманітарыяў, але і ў матэматыкаў, фізікаў, хімікаў… Натхняе юнакоў і дзяўчат на актыўную культурна-творчую дзейнасць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Людміла Уладзіміраўна Герасіменка. Па першай адукацыі яна культуролаг, а таму да арганізацыі кожнага мерапрыемства падыходзіць прафесійна.

Адно з найбольш яскравых ліцэйскіх мерапрыемстваў — літаратурна-драматычная гасцёўня, якая ладзіцца штогод напрыканцы навучальнага года. Тэматыка гасцёўні кожны раз розная, арыентаваная на важныя падзеі ў краіне. Напрыклад, мінулы раз у аснове было 70-годдзе Вялікай Перамогі. У гэтым годзе гасцёўня прысвечана Году культуры. “Творы, народжаныя любоўю” — так гучала назва сёлетняй ліцэйскай гасцёўні, якая была арганізавана пры падтрымцы Гомельскай абласной філармоніі.
Канцэртная зала Гомельскага гарадскога цэнтра культуры, якая ўмяшчае больш як 560 чалавек, была запоўнена: ліцэісты, іх сябры, выкладчыкі, бацькі, навучэнцы ўстаноў адукацыі з розных рэгіёнаў вобласці і проста жыхары горада прыйшлі сюды, каб дакрануцца да музычных твораў мінулага і сучаснасці, акунуцца ў гісторыю жыцця і дзейнасці сусветна вядомых музыкантаў, мастакоў, літаратараў.

Увесь спектакль (а гэта быў спектакль — не інакш!) працягваўся дзве гадзіны, але не было ніводнага гледача, якому б надакучыла і які захацеў бы пакінуць залу. Галоўныя дзеючыя асобы на сцэне — самі ліцэісты. Адны выконвалі ролі знакамітых людзей, якія пакінулі нам геніяльныя творы, іншыя выступалі з канцэртнымі нумарамі. Незвычайнасць і асаблівы настрой усёй праграмы заключаўся ў эклектыцы: лепшыя ўзоры сусветнай класікі ў спалучэнні з сучаснымі матывамі, бясспрэчна, заваёўвалі сэрцы гледачоў. Нават самыя прыдзірлівыя з іх знайшлі сярод мноства твораў нешта блізкае сваёй душы.

Цэнтральнай тэмай гасцёўні гэтага года стала каханне.

— Гэта ж галоўны сэнс жыцця, — лічыць Людміла Герасіменка. — Вы паглядзіце, свае найлепшыя творы Паганіні, Рахманінаў, Ясенін, Мікеланджэла і іншыя геніі стварылі менавіта ў тыя моманты жыцця, калі іх сэрца напаўняла каханне.

Ліцэйская гасцёўня — гэта не проста культурна-масавае мерапрыемства. Гэта моцная адукацыйная і выхаваўчая работа. У Людмілы Уладзіміраўны ёсць залатое правіла — ніколі нікога не прыцягваць да дзейнасці сілком. Аднак гэта і не патрэбна. Многія навучэнцы самі прыходзяць да арганізатара гасцёўні і прапаноўваюць разгледзець іх у якасці акцёраў. А тыя, каго намеснік дырэктара заўважае дзякуючы свайму прафесійнаму вопыту, таксама ніколі не адмаўляюцца ад прапановы прадэманстраваць свой талент на публіцы.

Памкненні свайго намесніка і ліцэістаў цалкам падтрымлівае і дырэктар абласнога ліцэя С.А.Рыдны. Ён заўсёды не толькі сярод гледачоў у зале, але і сярод выступаючых на сцэне. На гэты раз, напрыклад, Сяргей Анатольевіч адкрываў гасцёўню, чытаючы верш пра каханне. Калі ёсць такая падтрымка, то не скончыцца і энтузіязм. Гэта як у Маякоўскага: “Если звезды зажигают, значит, это кому-нибудь нужно”.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.