Гісторыя лёсу

Больш за 500 пошукавых аб’яднанняў функцыянуе ва ўстановах адукацыі краіны. Іх удзельнікі ўзнаўляюць імёны загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, вывучаюць баявы шлях воінскіх фарміраванняў, працуюць у архівах і на спецыялізаваных пошукавых сайтах, удзельнічаюць у экспедыцыях і паходах па месцах баявой славы, сустракаюцца з ветэранамі, сведкамі ваенных падзей, запісваюць іх успаміны — адным словам, праводзяць вялізную і вельмі карысную работу — складаюць своеасаблівы летапіс памяці нашага народа. Сярод іх — удзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Святагор” ясляў-сада — сярэдняй школы № 15 Полацка.

Нагодай завітаць да полацкіх пошукаўцаў стаў цікавы аповед Вячаслава Прусакова пра гісторыю аднаго пісьма. Менавіта так называецца і работа, прадстаўленая старшакласнікам на канферэнцыі “Нам гэты свет завешчана берагчы” рэспубліканскага злёту пошукавых атрадаў (клубаў). У рабоце расказваецца пра пошук звестак пра баявы шлях, месца гібелі і перапіску з роднымі артылерыста Івана Іванавіча Зверава, які загінуў у ліпені 1944 года пры вызваленні Полацка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Пачалася гісторыя яшчэ ў 70-я гады, калі вучні сярэдняй школы № 6 Полацка (у тым ліку сённяшні намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці 15-й школы Марына Пятроўна Катлярова), з’яўляючыся ўдзельнікамі ўсесаюзнага руху чырвоных следапытаў, дасылалі лісты родным воінаў, якія вызвалялі Полацк, з паведамленнем пра месца гібелі і пахавання салдат. Адзін з такіх лістоў быў дасланы ў Расію. У ім паведамлялася, што камандзір гарматы 45-міліметровай батарэі сяржант Іван Іванавіч Звераў загінуў 5 ліпеня 1944 года пад Полацкам і пахаваны ў брацкай магіле мікрараёна Баравуха-2. У 1982 годзе сын Івана Іванавіча прыязджаў на магілу бацькі, сустракаўся з полацкімі школьнікамі.

І вось 2019 год. У красавіку на электронную пошту школы прыйшоў ліст ужо ад унука — Юрыя Мікалаевіча Зверава, які пражывае ў Арэнбургскай вобласці Расійскай Федэрацыі: “У 1973 і 1974 гадах ад штаба “Следапыты Полаччыны” былі дасланы лісты маёй бабулі і майму тату, дзе нам паведамілі пра месца перапахавання майго дзеда, Івана Іванавіча Зверава. Быў устаноўлены абеліск у раёне Баравуха-2 побач з ракетнай воін­скай часцю. Асабліва хацелася б атрымаць дакладныя каардынаты месца знахо­джання абеліска”. Каардынаты былі дасланы, і ў маі ўжо ўнук героя-артылерыста ўслед за сваім татам завітаў на гасцінную полацкую зямлю, каб пакланіцца праху свайго дзеда на брацкай магіле.

— Брацкія магілы — асаблівае месца, звязанае з гісторыяй Полаччыны. Савецкія воіны 119-й, 311-й, 360-й стралковых дывізій, якія загінулі ў баях за вызваленне Полацка ў 1944 годзе, і воіны, якія памерлі ад ран у шпіталях № 3329 і № 3438, былі пахаваны ў брацкай магіле мікрараёна Баравуха-2. На працягу многіх гадоў установы адукацыі (спачатку школа № 6, потым № 2 і цяпер наша № 15) шэфствуюць над брацкай магілай. Тут праводзіцца аперацыя “Помнік”, высаджваюць кветкі, прыбіраюць тэрыторыю, арганізоўваюцца мітынгі-рэквіемы, школьныя лінейкі, — паведаміла педагог-арганізатар Кацярына Вячаславаўна Жураўлёва.

Брацкія магілы — сапраўды асаблівае месца. За амаль бясконцым пералікам імёнаў — сотні пакручастых лёсаў, тысячы по­дзвігаў, аповед пра якія мог бы лёгка стаць асновай для сцэнарыя кінафільма на ваенную тэматыку. Гэта, напрыклад, лёс Івана Іванавіча Зверава, звесткі пра якога полацкі вучань Вячаслаў Прусакоў шукаў разам з Кацярынай Вячаславаўнай. Вось пра што можна даведацца з узнагароднага ліста аб прадстаўленні Івана Іванавіча Зверава да ордэна Славы ІІІ ступені: “У баі за вёскі Рудню і Езярышчы тав. Звераў праявіў мужнасць і адвагу і, нягледзячы на раненне, застаўся ў страі. 15 снежня 1943 года праціўнік аказваў моцнае агнявое супраціўленне. Тав. Звераў першым выкаціў сваю гармату на прамую наводку і дакладным агнём разбіў 5 кулямётаў і знішчыў да 20 салдат праціўніка. Праследуючы адступаючага праціўніка, тав. Звераў быў паранены, але адмовіўся сысці з поля бою, застаўся ў страі і працягваў біць ворага”.

— Наша школа знаходзіцца ў маляўнічым мікрараёне Баравуха-3. Мы ганарымся не толькі прыгажосцю навакольнага лесу, сваімі педагогамі і навучэнцамі, але і тым, што знаходзімся на вуліцы імя Героя Савецкага Саюза Аляксандра Дзмітрыевіча Валогіна. Імя героя носіць наша піянерская дружына, у гонар яго аформлены куток памяці, а на будынку школы змешчана памятная шыльда, на тэрыторыі пасаджана алея памяці. У 70-я гады піянерская дружына вяла перапіску з маці героя. Вывучаючы матэрыялы пра падзеі 1941—1944 гадоў у Полацку, мы былі, шчыра кажучы, уражаны іх недастатковай даследаванасцю. Доступ да арыгіналаў дакументаў застаецца абмежаваным і ў цяперашні час. Падзеі ў Полацку, які знаходзіўся на стыку Заходняга і Паўночна-Заходняга франтоў, адбываліся ў баку ад вялікіх гарадоў і таму не былі на слыху. Гераізм абаронцаў нашага горада вымяраўся не толькі колькасцю по­дзвігаў, але, на жаль, і жыццямі многіх і многіх людзей. Больш за 150 тысяч загінулі падчас акупацыі Полацка і пры яго вызваленні. Пра гэта сведчаць шматлікія брацкія магілы. Большая частка тых, хто ляжыць у гэтых магілах, як гэта ні горка ўсведамляць, застаецца невядомай, — падзялілася Кацярына Вячаславаўна.

К.В.Жураўлёва расказвае пра лёс А.Д.Валогіна.

Аднак імёны паступова раскрываюцца. Свой уклад у гэтую справу робіць ваенна-патрыятычны клуб “Святагор”. Па словах Марыны Пятроўны Катляровай, стварэнне клуба ў 2013 годзе не было выпадковым. Ён працягвае традыцыі клуба “Памяць”, якім многія гады кіраваў тэхнічны работнік школы Сямён Кліменцьевіч Фейгельман, былы вязень лепельскага гета. Пад яго кіраўніцтвам збіраліся звесткі пра баявы шлях воінскіх часцей, размешчаных у мікрараёне Баравуха, асабліва 37-й гвардзейскай рэчыцкай дывізіі. Пасля яе расфарміравання матэрыялы музея дывізіі былі перададзены ў сярэднюю школу № 15 Полацка.

— З часоў чырвоных следапытаў, калі я была школьніцай, пошукавы рух значна змяніўся. Дакладней, змяніліся асаблівасці яго правядзення, маштабы ж засталіся тыя самыя — вялізныя. Сёння мы з вучнямі працуем у архівах, на спецыялізаваных пошукавых сайтах, з гістарычнымі дакументамі, якія захоўваюцца ў сем’ях ветэранаў, сустракаемся са сведкамі Вялікай Айчыннай вайны, наведваем брацкія магілы, месцы воінскай славы. Раней жа юныя пошукаўцы маглі разам з дарослымі нават удзельнічаць у эксгумацыі цел, а збор рэшткаў зброі, ваенных артэфактаў быў звычайнай справай. Сёння раскопкамі на месцах баёў і брацкіх магіл можа займацца толькі 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён. Наогул, Баравуха — выдатнае месца для ваенна-патрыятычнага выхавання, правядзення пошукавай работы. Клуб проста не мог не ўзнікнуць, паколькі бацькі і дзядулі многіх нашых вучняў — ваенныя. Мы падтрымліваем цеснае супрацоўніцтва з воінскімі часцямі № 2034 і № 55719, арганізоўваем сумесныя мерапрыемствы ў рамках вахт памяці, члены клуба займаюцца ваенна-прыкладнымі відамі спорту, страявой і агнявой, ідэалагічнай і тактычнай падрыхтоўкай, для іх арганізоўваюцца экскурсіі ў воінскія часці, на пагранічныя заставы, падтрымліваецца цесная сувязь з Інстытутам пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, ветэран­скімі арганізацыямі, — паведаміла Марына Пятроўна.

М.П.Катлярова.

Самы галоўны напрамак работы клуба “Святагор” — гэта, канечне, пошук імёнаў, апісанне лёсаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Напрыканцы нашай сустрэчы з полацкімі пошукаўцамі яшчэ адна гісторыя гераічнага лёсу, узятая з узнагароднага ліста. Падчас фарсіравання Дняпра на тэрыторыі Лоеўскага раёна кулямётчык Аляксандр Валогін быў у ліку першых, хто пераправіўся на супрацьлеглы бок. Гітлераўцы сустрэлі дэсантнікаў моцным агнём. Выбіраючы пазіцыю, Валогін трапным агнём знішчаў варожыя кулямёты, контратакі ворагаў. 17 кастрычніка 1943 года гітлераўцы накіравалі супраць савецкіх байцоў танкі і новыя часці пяхоты. У гэты дзень Валогін, умела мяняючы пазіцыю, асабліва трапна знішчаў ворага. Побач разарваўся снарад. Змоўк кулямёт гвардыі малодшага сяржанта. Напарнік яго быў забіты, а Валогін — смяротна паранены. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 15 студзеня 1944 года гвардыі малодшаму сяржанту Аляксандру Дзмітрыевічу Валогіну было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Самарскаму хлопцу на момант гібелі на беларускай зямлі споўнілася ўсяго 19 гадоў. Ён навечна залічаны ў спіс байцоў 37-й гвардзейскай дывізіі, помнік якой адкрыты на тэрыторыі сярэдняй школы № 15 Полацка.

Лёсы Івана Іванавіча Зверава, Аляксандра Дзмітрыевіча Валогіна — гэта толькі маленькая частка вынікаў маштабнай пошукавай работы, якую полацкія пошукаўцы праводзяць на працягу дзесяцігоддзяў. Наперадзе іх чакаюць новыя адкрыцці: вывучэнне лёсу байцоў 37-й гвардзейскай стралковай дывізіі, якая 75 гадоў назад вызваляла Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і потым доўгі час базіравалася ў Полацку.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.