Гісторыя мужнасці, годнасці і чалавечнасці

- 11:17Навіны рэгіёнаў

Яшчэ многія пасляваенныя гады Аляксандр Мікітавіч Турок сустракаў Дзень Перамогі са слязамі на вачах. У яго сям’і гэта заўсёды было самае галоўнае свята, і зараз ветэран старанна рыхтуецца да яго кожны год, абавязкова чакае гасцей…

Цяжкі лёс быў наканаваны гэтаму чалавеку, але ніякія перашкоды не змаглі зламаць яго і прымусіць адмовіцца ад мары. Гісторыя жыцця Аляксандра Мікітавіча — гісторыя мужнасці, годнасці і чалавечнасці.

У 1941 годзе хлопец Саша марыў стаць настаўнікам, стварыць сям’ю. Але лёс падрыхтаваў яму і многім іншым маладым хлопцам і дзяўчатам іншы шлях… Пачалася вайна. Аляксандр Турок, які ў гэты час толькі паступіў у Навагрудскае педвучылішча, успамінае: “Мы тады яшчэ зусім маладымі хлапчукамі былі ў сорак першым. Памятаю, на вуліцы гулялі, калі пачалася шуміха, усеагульны страх, паніка. З усіх бакоў гучала толькі адзінае слова “вайна… вайна… вайна”. Людзі не ведалі, куды бегчы і што рабіць”.

Аляксандр быў самым малодшым з дванаццаці дзяцей у сям’і. Баючыся за жыццё родных, ён з братам Мікалаем забраў бацькоў і жонку брата ў партызанскі брыгадны сямейны лагер. Аляксандр Мікітавіч быў сувязным партызанскага атрада імя Фрунзэ 1-й Баранавіцкай партызанскай брыгады. Пад канец вайны ён быў накіраваны мінёрам на Другі Беларускі фронт у чацвёртую гвардзейскую штурмавую інжынерна-сапёрную Магілёўскую Чырванасцяжную ордэна Кутузава брыгаду. Сваё баявое хрышчэнне атрымаў пры фарсіраванні ракі Одэр. Гэтая аперацыя заслужана ўвайшла ў ваенную гісторыю як самая імклівая. “Памятаю, найбольш небяспечнымі пры размініраванні былі шрынгміны, або міны-жабы, — успамінае ветэран. — Мінную расцяжку ў траве не бачна, ступаць трэба было вельмі асцярожна. Калі яе закранеш, міна падскоквала на метр у вышыню і выбухала, разрываючыся на аскепкі і шрапнель. На маіх вачах гінула шмат таварышаў. Я ж нейкім цудам не атрымаў ні аднаго баявога ранення”.

Аляксандр Мікітавіч удастоены шматлікіх узнагарод, сярод якіх і медаль “За баявыя заслугі”, і ордэн Айчыннай вайны II ступені, і медаль Жукава… “Усе ўзнагароды, безумоўна, каштоўныя і важныя, — дзеліцца ветэран. — Але, шчыра кажучы, самым каштоўным на вайне была дружба, баявыя таварышы, смеласць і адвага. Наогул, многія чалавечыя якасці праявіліся тады. Асобна я сказаў бы аб любові да Радзімы. У цяжкі час мы выканалі ўсё, чым наша краіна можа ганарыцца”.

Ніколі не забудзе Аляксандр Мікітавіч і апошні дзень вайны, дзень Перамогі. Расказвае, што гэтыя эмоцыі запомніў на ўсё жыццё. У той дзень ён быў у горадзе Расток на поўначы ад Берліна: “Гэта было неперадавальнае шчасце. Усе радаваліся, крычалі, віншавалі адно аднаго, стралялі ў паветра з аўтаматаў, абдымаліся і, вядома, плакалі…”

Дадому ён трапіў не адразу, быў дэмабілізаваны толькі ў 1948 годзе. Вярнуўся ў Беларусь, у вёску Апечкі Стаўбцоўскага раёна — пачынаў там працаваць настаўнікам фізкультуры ў мясцовай школе. Не забыў свою мару стаць настаўнікам — аднавіўся ў педвучылішчы, тры курсы скончыў завочна. Але заўсёды марыў набыць вышэйшую адукацыю, старанна рыхтаваўся да паступлення, а ў 1962 годзе, нарэшце, стаў студэнтам гістарычнага факультэта БДУ.

Там, у Апечках, Аляксандр Мікітавіч сустрэў і сваю Рэнечку — так ласкава і да гэтага часу ён называе сваё першае і адзінае каханне, жонку Рэгіну Іванаўну. Яна была настаўніцай хіміі і біялогіі. Душа ў душу яны жывуць ужо 66 гадоў… Скрозь час яны змаглі пранесці шчырасць, павагу і ўзаемаразуменне. Як прызнаецца сам Аляксандр Мікітавіч, за гады сумеснага жыцця ён ні разу не дазволіў сабе сказаць ніводнага крыўднага слова ў адрас Рэгіны.

У іх нарадзілася трое дзяцей, якія падарылі шчаслівым бабулі і дзядулі сем унукаў і сем праўнукаў.

Сёння бацькоў даглядае іх старэйшая дачка Галіна Аляксандраўна. Вось што яна расказвае пра Аляксандра Мікітавіча: “Гэта лепшы бацька на свеце ва ўсіх сэнсах! Ён заўсёды быў душой кампаніі, любіў танцаваць, спяваць, з выдатным пачуццём гумару. А якім ён быў настаўнікам! Ніколі не выкладаў гісторыю строга па параграфе падручніка. Заўсёды рыхтаваў цікавы дадатковы матэрыял, шукаў невядомыя факты, падзеі. Урокі праляталі незаўважна, стараўся праводзіць іх нестандартна, лёгка. Бацька любіў пажартаваць, але і дысцыпліна на ўроку была ідэальная. Дзеці любілі яго заўсёды!”

За гады педагагічнай дзейнасці Аляксандру Мікітавічу давялося працаваць у трох розных школах Стаўбцоўскага раёна — Апечкаўскай, Кнотаўшчынскай, Рубяжэвіцкай. Калегі адзначалі ў ім выдатную якасць — кожны раз, пераходзячы на новае месца працы, заўсёды пакідаць пра сябе добрую памяць як пра педагога-прафесіянала, так і чалавека слова і справы. У 1971 годзе ён быў прызначаны дырэктарам Рубяжэвіцкай сярэдняй школы, затым з 1978 года ўзначальваў там жа вучэбна-вытворчы камбінат. “Аляксандр Мікітавіч быў з тых кіраўнікоў, да якога заўсёды можна было звярнуцца з любой праблемай, і мы, настаўнікі, ведалі, што ён не адмовіць у просьбе, заўсёды паспрабуе дапамагчы, — успамінае Людміла Цімафееўна Турко, у мінулым настаўніца фізікі. — Чалавечны, аб’ектыўны і справядлівы — гэта пра яго!”

У канцы размовы пацікавілася ў Аляксандра Мікітавіча, што ён як настаўнік, ветэран Вялікай Айчыннай вайны хацеў бы сказаць цяперашняй моладзі. “Вучыцеся, хлопцы і дзяўчаты. Старайцеся, каб не было сорамна старэйшаму пакаленню за вас. Беражыце Радзіму! Будзьце лепшымі за нас!” — пажадаў ён.

Настасся КУЧУР.
Фота аўтара.