Гісторыя на практыцы

- 11:43Краязнаўства

Лета 2018 года. Гімназія № 1 Дзятлава. Пачатак змены кругласутачнага лагера “Юныя археолагі”. Дэвіз змены — “Малая радзіма: эстафета карысных спраў”, у рамках якой прайшло навучанне дзяцей навыкам збору археалагічнай і этнаграфічнай інфармацыі. Вучні набылі вопыт узаемадзеяння з мясцовымі краязнаўцамі, прадстаўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, супрацоўнікамі Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея. Сумесная са спецыялістамі праца дазволіла навучэнцам пашырыць гарызонты ў вывучэнні гісторыі малой радзімы.

Лагер — гэта новы лад жыцця дзяцей, новы рэжым з яго асаблівымі рамантычным стылем і тонам. Першыя тры дні вучні пагрузіліся ў свет шыфраў і загадак, якія атрымлівалі ад архіварыусаў. Шыфр замены, Цэзара, чалавечкаў, якія танцуюць, вызначалі задачы на дзень. Гэта з’яўлялася дадатковым стымулам да выканання заданняў, паглыблення ў тэорыю археалогіі. Яркія эмоцыі выклікалі пошукавыя квесты “У пошуках скарбаў Радзівілаў”, “Сцяжынкамі сядзібы Ігната Дамейкі”, “У пошуках зніклага археолага”, “Таямніцы вячэрняга горада”.

3-дзённы паход на бераг ракі Шчары ў вёску Пархуты стаў цэнтральным і самым цікавым момантам работы лагера. 10 юных археолагаў пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзіма Леанідавіча Лакізы займаліся раскопкамі стаянкі першабытных людзей перыяду неаліту і ранняга бронзавага веку. Эмоцыі дзяцей ад першых знаходак можна параўнаць з адкрыццём Амерыкі Калумбам. Дружная праца археолагаў і школьнікаў прывяла да з’яўлення ўнікальных знаходак: гэта элементы керамікі розных перыядаў і культур, наканечнік стралы, каменнае рубіла, элементы каменнага нажа, нуклеусы, сколы крэмнію, якія першабытныя людзі выкарыстоўвалі для гаспадарчых патрэб.

Археалагічныя раскопкі — гэта не толькі захапленне і адкрыцці, але і цяжкая фізічная праца, якая згуртоўвае каманду. Энергетыка знаходак перадавалася дзецям і дарослым, і ў кожнага з’яўлялася мара знайсці каштоўны артэфакт, зрабіць навуковае адкрыццё. Як аказалася, вывучэнне гісторыі на практыцы — гэта цікава і займальна. На працягу першых гадзін раскопак выхаванцы навучыліся адрозніваць звычайны камень ад артэфакта, элемент керамікі ад гліны. Дадайце да гэтага спробы па здабычы агню спосабам трэння, вячоркі каля начнога вогнішча, векавыя дубы, сустрэчу з прадстаўнікамі жывёльнага свету і лазернае шоу, якое падарыла начная навальніца, і вы зразумееце, якія ўражанні атрымалі юныя археолагі падчас экспедыцыі. Усе знойдзеныя артэфакты ў далейшым будуць даследаваны ў лабараторыях Інстытута гісторыі і прадстаўлены на канферэнцыі, прысвечанай 520-годдзю Дзятлава ў верасні 2018 года.

Таксама дзяцей чакалі экскурсіі па любай Гродзеншчыне, спартыўныя спаборніцтвы, работа над медыяпраектамі, сустрэчы з аднагодкамі, фотасесія “Я люблю свой горад” і калектыўныя гульні. Нягледзячы на ўрачыстасць, закрыццё змены прайшло на сумнай ноце: усім было шкада развітвацца, але было цвёрда вырашана сустрэцца роўна праз год.

Алена РАДОМСКАЯ,
начальнік лагера “Юныя археолагі”.