Гісторыя на ўсе часы

- 12:25Культура

Усім вядомая казка пра матулю Казу, яе дзетак і злога Воўка, бліскучы акцёрскі дуэт Веранікі Пляшкевіч і Сяргея Чэкерэса, таленавітыя выхаванцы тэатра эстраднай песні “Сябрынка”, дынамічнае сцэнічнае дзеянне, яркія танцавальныя нумары і знакамітыя хіты ў сучаснай апрацоўцы, а таксама вялізнае старанне прадзюсараў тэатральнага праекта “МюзіклЛэнд” сталі асноўнымі складнікамі музычнага спектакля “Дзінь-дон, я ваша мама!”. У цэнтры мюзікла — гісторыя на ўсе часы пра сям’ю і мацярынскую любоў, якая абавязкова прыйдзецца да спадобы як маленькім, так і дарослым гледачам.

Фота Ганны Неўдах.

Шмат пакаленняў вырасла на цудоўнай савецкай кінаказцы “Мама” з непаўторнымі Людмілай Гурчанка і Міхаілам Баярскім у галоўных ролях. Гісторыя пра Воўка, які выкраў у Казы дзетак, ажыла на экранах у 1976 годзе, а яе песні з кранальнымі вершамі Юрыя Энціна сталі сапраўднымі хітамі. І сёння радкі “Мама — первое слово, главное слово в каждой судьбе” ведае кожны. Згадаць іх і праспяваць разам прапаноўваюць юныя артысты і знакамітыя акцёры ў дні зімовых свят у абноўленай пастаноўцы маладога рэжысёра Дар’і Мядзель.

У дзяцінстве прадзюсары мюзікла Анжаліка Граковіч і Вольга Нікалаеўская любілі глядзець, як цяпер гавораць, савецкую кінакласіку. “Мы выраслі на той плеядзе аўтараў і тых савецкіх фільмах, многія з якіх сапраўды геніяльныя, і нашы дарослыя артысты ў гэтым з намі салідарныя. Калі вырас на кінашэдэўрах, то ўзнікае жаданне штосьці ўвасобіць у рэальнасць. Таму нам падалося, што добрая казка з цудоўным літаратурным і музычным матэрыялам — гэта тое, што зараз неабходна сённяшняму гледачу, — расказала Вольга Нікалаеўская. — Для рэалізацыі нашай задумы зрабіць сучасную пастаноўку пра Казу і Воўка нам былі неабходны не проста таленавітыя дзеці, а маленькія прафесіяналы, якіх мы адшукалі ў тэатры эстраднай песні “Сябрынка” Палаца культуры МАЗ. Іх кіраўнік Таццяна Трухан стала музычным кіраўніком мюзікла. Наш харэограф-пастаноўшчык — Вольга Вялічка, а мастак — Андрэй Жыгур з Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Ён сапраўдны прафесіянал, які можа ажыццявіць любую мастацкую ідэю”.

Фота Ганны Неўдах.

Галоўныя ролі мамы Казы і Воўка па мянушцы Шэры ўвасобіў тэатральна-сцэнічны дуэт, вядучыя артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага — уладальніца медаля Францыска Скарыны Вераніка Пляшкевіч і заслужаны артыст Беларусі Сяргей Чэке­рэс, які стаў для юных артыстаў нефармальным ментарам, дапамагаючы ім парадамі і выхоўваючы асабістым прыкладам. “Так атрымалася, што я ўжо даволі працяглы час не выконваў ролі ў дзіцячых пастаноўках. Таму спектакль з удзелам дзяцей ад мяне патрабуе вялізных затрат, бо з вышыні свайго ўзросту я размаўляю на іншай мове. І калі сутыкнуўся з дзятвой, то зразумеў, наколькі ім складана растлумачыць, што я ад іх хачу. Але я татальны артыст, і мой тэмперамент, маё разуменне акцёрскай справы нельга не ацаніць, — прызнаўся артыст, якому хоць і было крыху складана навучыць акцёрскім хітрыкам хлопчыкаў і дзяўчынак, затое ўжыцца ў ролю Воўка — лёгка. — Я па сваёй сутнасці воўк, якому хутка 47 гадоў, таму я ў гэтым плане дастаткова суровы. І роля ваўчугі для мяне вельмі арганічная”.

Па словах фактурнага Шэрага, беларускі мюзікл 2019-га адрозніваецца ад савецкага 1976-га стылістыкай. “У спектаклі ёсць, як зараз гавораць, няшная мілата, і ў той жа час як антытэза прысутнічае рок. А яшчэ фанаграму зрабілі іншай — у ёй ссунуты тэмпы, за кошт чаго ствараецца дынаміка, — дадаў Сяргей Чэке­рэс. — Наш мюзікл скарочаны, у ім пакінулі толькі лінію асноўнага канфлікту. Мне здаецца, 50 хвілін — гэта аптымальны час, бо калі крыху больш, то не ўсе дзеці змогуць вытрымаць і стомяцца”.

Фота Анастасіі Дзешчыц.

А вось пяшчотная прыгажуня Каза, цётачка Маша, вельмі лёгка знаходзіла агульную мову з юнымі артыстамі. “У дзяцінстве фільм “Мама” быў адным з маіх самых любімых. Таму, калі пачула прапанову сыграць Казу, адразу пагадзілася. Працаваць з дзецьмі — вялізнае задавальненне. Мне вельмі камфортна ў ролі матулі Казы, таму што тэма маці і дзяцей пранізлівая, вечная, — адзначыла Вераніка Пляшкевіч. — Калі хтосьці думае, што ў дзіцячым спектаклі сыграць лягчэй, то ён памыляецца. Заўсёды складана ўтрымаць увагу дзяцей. Калі ты не заваюеш іх адразу, то згубіш, таму з імі трэба быць максімальна шчырым і падрыхтаваным”.

На пытанне, наколькі складаным атрымаўся паўгадавы рэпетацыйны працэс, актрыса адказала, што гэта быў няпросты час. “Асабліва інтэнсіўная работа вялася ў апошні месяц, за які мы паспелі ўсё адрэпеціраваць, — сказала Вераніка Пляшкевіч. — Юныя артысты вельмі адкрытыя, атрымліваеш вялізны зарад энергіі ад іх. І, думаю, гледачы таксама адчуюць яе, а таксама іх радасць, шчырасць і веру ў тое, што адбываецца на сцэне”.

Цудоўны акцёрскі дуэт дапаўняюць артысты з Новага драматычнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, Тэатра юнага гледача, Вялікага тэатра оперы і балета. З прафесіяналамі на адной сцэне выступаюць 25 прадстаўнікоў тэатра эстраднай песні “Сябрынка” ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў. Кіраўнік калектыву Таццяна Трухан падкрэсліла, што для яе выхаванцаў вялікі гонар — супрацоўнічаць з такімі суперпрафесійнымі лю­дзьмі. “Нашы юныя артысты цудоўна падрыхтаваны, у іх выдатная эстрадная школа, але, як аказалася, эстрада і тэатр — гэта два зусім розныя сусветы. І юным спевакам было вельмі складана пераўвасобіцца, бо звычайна яны, так бы мовіць, апранулі ўсмешку і пайшлі спяваць і дарыць настрой. А ў спектаклі прыйшлося вучыцца пражываць кожны момант. Яшчэ няпроста было сумясціць дзеянне і музыку, памятаць сюжэтнасць, хутка трапляць у танальнасць, спраўляцца са складанымі тэмамі мюзікла, — расказала кіраўнік. — Бачу, як змяніліся дзеці: яны сталі акцёрамі, а не проста спевакамі, таму што ў іх падсвядомасці ўжо жыве пэўны вобраз, які яны ўвасабляюць на сцэне з разуменнем справы”.

Фота Ганны Шарко.

Першыя паказы мюзікла, якія адбыліся ў Палацы культуры МАЗ, прайшлі з аншлагам. Маленькія гледачы з цікавасцю і вельмі ўважліва глядзелі спектакль, на любыя пытанні артыстаў актыўна адгукаліся. Хоць гэта і нядзіўна, бо яны бачылі на сцэне сваіх равеснікаў і трапілі ў свет герояў, блізкіх ім па духу. А дзеянні, якія хутка зменьваюцца, запамінальныя рэплікі, дынамічныя музычныя ўстаўкі, яркія касцюмы і вобразы лёгка ўспрымаюцца дзецьмі.

Дарэчы, пяшчотная музычная казка “Дзінь-дон, я ваша мама!” пасля навагодніх свят адправіцца на гастролі па гарадах Беларусі. “Нам вельмі хочацца, каб гэтая добрая гісторыя жыла не толькі ў Мінску, але і выязджала за яго межы і радавала розных гледачоў”, — падзялілася спадзяваннямі Вольга Нікалаеўская.

Вось так тэатральны праект “МюзіклЛэнд” і Палац культуры МАЗ стварылі цудоўную версію знакамітай казкі — сапраўдны прафесійны спектакль цалкам з жывым гукам і сваёй непаўторнай энергетыкай.

Вольга АНТОНЕНКАВА.