Гісторыя настаўніка гісторыі

- 11:59Людзі адукацыі

“Адкрыць усе вокны ў свет” — так назвала свой аповед пра настаўніка гісторыі і грамадазнаўства ліцэя № 1 Ліды Іосіфа Іосіфавіча Залескага мая калега ўласны карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” па Гродзенскай вобласці Надзея Вашкелевіч. Гэта быў яе матэрыял пад нашай пастаяннай рубрыкай “Адукацыя ў асобах”. Лепш і не скажаш — Іосіф Іосіфавіч, несумненна, адна з самых яркіх асоб у адукацыі Беларусі, якая адкрывае вучням складаны, цікавы, неадназначны свет сваіх прадметаў на працягу ўжо ледзь ці не 40 гадоў.

Усё яго жыццё звязана з гісторыяй. Спачатку ўраджэнец Лідскага раёна з сялянскай сям’і вучыўся ў Гродзенскім універсітэце, потым працаваў у сельскай школе роднага раёна, быў дырэктарам, пэўны час працаваў у органах дзяржкіравання, школах Ліды, у ліцэі № 1 выкладае ўжо 14 гадоў. І выкладае так, што ніхто не сумняваецца: чалавек на сваім месцы, педагог па прызванні. Галоўны доказ гэтага, на мой погляд, тое, што вучням на яго ўроках і факультатывах цікава. Нездарма ж каля 20 хлопцаў і дзяўчат, якія вучыліся ў І.І.Залескага, былі і з’яўляюцца студэнтамі Беларускага дзяржаўнага і Гродзенскага дзяржаўнага імя Янкі Купалы ўніверсітэтаў, выбралі спецыяльнасці, звязаныя з гісторыяй і грамадазнаўствам, некаторыя самі сталі настаўнікамі гісторыі. Ад зін з былых вучняў Іосіфа Іосіфавіча нават выкладае гісторыю ў ГрДУ, рыхтуецца абараніць кандыдацкую дысертацыю — гэта Аляксандр Арлу­кевіч.

 Канечне, прывіць такую цікавасць да сваіх прадметаў здольны толькі апантаны імі чалавек, якому наўрад ці хопіць школьных заняткаў, каб задаволіць сваю і вучнёў­скую патрэбу ў вывучэнні прадмета. Іосіф Іосіфавіч, акрамя ўсяго, кіраваў стварэннем школьнага музея, узначальвае раённую алімпіядную школу, выкладае ў абласным профільным лагеры “Навука”, трэніруе абласную каманду навучэнцаў па гісторыі (каманда выдатная, не першы год становіцца лепшай).

Педагог рыхтуе да алімпіяд, зразумела, і сваіх ліцэістаў. За час работы ў ліцэі падрыхтаваў дзясяткі пераможцаў і лаўрэатаў раённага і абласнога этапаў алімпіяды па гісторыі, сем — яе заключнага этапу. І дзясяткі тых, хто атрымаў дыпломы розных ступеней раённага і абласнога этапаў алімпіяды па грамадазнаўстве, трох пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па гэтым прадмеце.

Так, у 2010/2011 навучальным годзе Вадзім Сакалоўскі атрымаў дыплом ІІ ступені ў заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі (зараз сам працуе настаўнікам), у наступным годзе ў хлопца быў дыплом ІІІ ступені. У 2013/2014 навучальным годзе дыплом І ступені на такім жа этапе алімпіяды, толькі па грамадазнаў­стве, заваявала Надзея Палякова, яна ж стала ўладальніцай дыплома ІІ ступені па гэтым жа прадмеце праз год. Двойчы атрымліваў дыплом ІІІ ступені па гісторыі на заключным этапе рэспублікан­скай алімпіяды Аляксандр Лявончык — у 2017/2018 і 2018/2019 навучальных гадах.

Такія вынікі захапляюць, здзіўляюць, а галоўнае — матывуюць. Матывуюць калег і вучняў дабівацца самых высокіх вынікаў, удасканальвацца ў вучобе і рабоце. Вось што, напрыклад, пісала ў “Лідскай газеце” ў 2012 годзе адна з былых вучаніц І.І.Залескага, якая, між іншым, выбрала сваёй прафесіяй журналістыку, Вікторыя Кавальчук: “Магчыма, наша краіна страціла перспектыўнага навукоўца, але з упэўненасцю можна сказаць, што набыла цудоўнага педагога… Ніякія займальныя падручнікі, падрабязныя канспекты не могуць захапіць так, як таленавіты выкладчык. Іосіф Іосіфавіч адмыслова з гэтым спраўляецца”.

— Галоўнае ў рабоце настаўніка — не быць раўнадушным, адказна ставіцца да таго, што робіш, — гаворыць І.І.Залескі. — Гэта надзвычай важна.

Выдатна спраўляецца педагог, настаўнік вышэйшай катэгорыі і з даследчай работай, якой яму ўдаецца зацікавіць многіх вучняў. Пералік іх гісторыка-краязнаўчых работ вялікі, многія адзначаны дыпломамі раённага і абласнога, нават нацыянальнага ўзроўню. Назаву некаторыя: “Лідскія каталіцкія могілкі”, “Фартыфікацыйныя збудаванні Першай сусветнай вайны на Лідчыне”, “Сям’я Навіцкіх ля вытокаў школьнай адукацыі на Лідчыне (па матэрыялах Літоўскага нацыянальнага архіва)”.

Такім чынам, вопыт педагог назапасіў багаты, шкада было б, каб на яго не абапіраліся іншыя. Такога, канечне, не адбываецца, бо Іосіф Іосіфавіч праводзіць адкрытыя мерапрыемствы, выступае на педагагічных саветах, пасяджэннях раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства, семінарах рознага ўзроўню (адзін з іх — Рэспубліканскі семінар дырэктараў ліцэяў па развіцці інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу ліцэістаў у працэсе арганізацыі алімпіяднага руху), канферэнцыях, курсах павышэння кваліфікацыі, друкуецца ў прафесійных выданнях.

Ён неаднойчы быў стыпендыя­там спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, таксама неаднойчы атрымліваў розныя граматы і дыпломы, у тым ліку — Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. А гады тры назад атрымаў прэмію фінскага фонду OLVI, якую раз у год прысвойваюць камусьці з педагогаў і навучэнцаў Гродзеншчыны.

…Сказаць, што мне ўдалося вылучыць усе бакі работы педагога, раскрыць яго гісторыю поўнасцю, — значыць узяць на сябе надта многа. Сам Іосіф Іосіфавіч лічыць, што любое ўзнагароджанне — гэта таксама заслуга дзяцей, з якімі ён працуе і працаваў, а таксама адміністрацыі ліцэя, бо кіраўніцтва стварыла добрыя ўмовы для работы. Настаўнік, як ён сам кажа, ніколі не быў загружаны фармальнымі справамі, мог цалкам аддацца карпатлівай і мэтанакіраванай рабоце з дзецьмі. Вынікі яго работы ўражваюць, і работа працягваецца, гісторыя не заканчваецца, яна мае працяг —  у вучнях, справах, творчасці.

Марына ХІДДЖАЗ.