Гісторыя прарастае будучыняй

У Год малой радзімы асабліва прыемна трымаць у руках такую кнігу, як гэтая, — “Шлях праз стагоддзі. Старонкі гісторыі Бараўскога краю” Тамары і Святланы Клепікавых (Мінск, “ТВЦ Мінфіна”, 2017). І тым больш прыемна ведаць, што асноўны аўтар кнігі — Тамара Арсенцьеўна Клепікава — па прафесіі настаўніца-славесніца і належыць да настаўніцкай дынастыі (усяго, па яе словах, агульны стаж педагагічнай працы яе роду, калі ўлічыць бацькоў, братоў, дачку, пляменнікаў і інш., налічвае каля 250 гадоў).

Тамара Арсенцьеўна нарадзілася і вырасла на Случчыне, скончыла ў 1970 годзе філалагічны факультэт Мінскага педінстытута імя А.М.Горкага, у тым жа годзе выйшла замуж за вайскоўца і апынулася на дзесяць наступных гадоў у далёкай Варкуце. А з 1980 года назаўсёды звязала сваё жыццё з Дзяржыншчынай: працавала загадчыцай дзіцячага садка калгаса імя Кірава (1980—1992), настаўніцай пачатковых класаў Касілавіцкай пачатковай школы (1992—1999), настаўніцай беларускай і рускай мовы і літаратуры ў Бараўскім яслях-садзе — сярэдняй школе (1999—2013), дзе больш за дзесяць гадоў, да выхаду на заслужаны адпачынак, кіравала гісторыка-краязнаўчым музеем (у 2010 годзе музей атрымаў званне “народны” і быў занесены ў залаты фонд музеяў Рэспублікі Беларусь). Мае шэраг пачэсных узнагарод ад Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Мінаблывыканкама і Дзяржынскага райвыканкама, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі; у 2008 годзе была ўдастоена звання “педагог года ў намінацыі “Кіраўнік музея”.

Суаўтар Тамары Арсенцьеўны — яе дачка Святлана Барысаўна Клепікава — атрымала мастацкую адукацыю (у Беларускім ліцэі мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў). Працавала мастаком-рэстаўратарам, амаль два дзесяцігоддзі выкладала ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А.К.Глебава. З’яўляецца сябрам РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”.

І вось гэтыя дзве жанчыны, маці і дачка, удала падзяліўшы між сабой ролі (Тамара Арсенцьеўна збірала і апрацоўвала матэрыялы: працавала ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, апытвала мясцовых доўгажыхароў, даводзіла да ладу даследчыя работы калег і конкурсныя краязнаўчыя работы навучэнцаў бараўской школы і інш.; Святлана Барысаўна перакладала польскія дакументы, фатаграфавала, займалася камп’ютарным дызайнам і вёрсткай), стварылі кнігу, якую іншая настаўніца-славесніца бараўской школы Тамара Чаранок у сваім прывітальным слове “Да чытача” назвала “падарожжам у мінулае”, “мясцовай энцыклапедыяй”, “фотаальбомам”, “запрашэннем прадоўжыць збор гістарычных матэрыялаў для выдання іншым аўтарам новай кнігі аб родным краі і сваіх сучасніках”.

Усе вышэйзгаданыя азначэнні вельмі трапныя. Хоць можна было сюды дадаць і такія словы, як “хроніка”, “летапіс”, нават “падручнік” (дарэчы, Тамара Арсенцьеўна Клепікава, акрамя ўсяго, з’яўляецца аўтарам шэрага вучэбных праграм і спецкурсаў па краязнаўстве, у тым ліку праграмы факультатыўнага курса “Спадчына”).

Кнігу лагічна пачынаюць раздзелы “Тапаніміка” (“Мікратапаніміка” і “Гідранімія”), “Прырода краю”, “Археалагічныя звесткі” і “Антрапанімія”, дзе падрабязна раскрываюцца асаблівасці Бараўскога краю ў гэтых галінах. Ужо самі назвы вёсак, рэчак і іншых топасаў, якія адносяцца да Бараўскога сельсавета, лашчаць беларускае вуха: Вапельня, Волма, Паланевічы, Касілавічы, Лучыцы (вёскі Бараўскога сельсавета), Барсукі, яны ж і Пацярабы (лес паміж вёскамі Грыцкаўшчына і Петрашэвічы), Доўбенькі (лес паміж вёскамі Янава і Латушкі), Печышча (мясціна за другім пасёлкам Новай Рудзіцы, якая атрымала сваю назву таму, што ў гэтым месцы раней здабывалі чырвоную гліну), Ялоўкі (лес за вёскай Бакінава), Рулька (малады бярэзнік з асінай і алешынай ля вёскі Новай Рудзіцы; мае форму, падобную да свіной рулькі), Перакуль, Ператуць, Самацеч, Нябелка (рэчкі ў Дзяржынскім і прыглеглых раёнах) і інш. А што тычыцца антрапаніміі, то цікава, напрыклад, што самым распаўсюджаным у Бараўскім сельсавеце з’яўляецца прозвішча Досін — не надта і характэрнае наогул для Беларусі. Досіны ёсць у кожнай вёсцы сельсавета.

Вялікі раздзел “Вехі гісторыі” складаецца з шэрага падраздзелаў: “Земляўласнікі”, “Койданава падчас войнаў”, “Дыбоўскія і Яленскія ў паўстанні 1863 года”, “Спаса-праабражэнская “Рудзіцкая” царква (1756—1932)”, “Касцёл”, “Побыт”, “Архітэктура і структура вёскі”, “Першая сусветная вайна 1914—1918 гг.”, “Койданаўшчына ў перыяд Лютаўскай і Кастрычніцкай рэавалюцый 1917 г., падчас грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—1929 гг.”. Тут, напэўна, найбольшую ўвагу прыцягваюць багата праілюстраваныя рэдкімі фотаздымкамі і дакументамі старонкі, прысвечаныя нашчадкам паяднаных шляхецкіх родаў Дыбоўскіх і Яленскіх, якія валодалі большасцю зямель, што цяпер уваходзяць у межы Бараўскога сельсавета. Тут жа асобна даведваемся пра лёс капліцы-пахавальні Дыбоўскіх. Дарэчы, у тэлефоннай размове з аўтарам гэтых радкоў Тамара Арсенцьеўна паведаміла, што зацікавілася гэтым аб’ектам ці не адразу ж пасля прыезду ў Бараўскі край. Пыталася ў мясцовых жыхароў пра яго, а тыя адказвалі, маўляў, склеп нейкі. “Які склеп з вокнамі ўверсе?” — не магла тады паверыць Тамара Арсенцьеўна. І, як урэшце высветлілася, гэтае незвычайнае збудаванне некалі было сапраўды капліцай-пахавальняй. За савецкім часам яна была разрабавана, цынкавыя труны павыцягвалі, пахаванні апаганілі. Ёсць сведчанні, што апошняе з разрабаваных пахаванняў было жаночым. У труне былі боцікі з высокімі абцасамі і фрагменты тканіны блакітнага колеру, але ад сутыкнення з паветрам усё імгненна спарахнела. На адной са старонак змешчаны ўнікальны фотаздымак: акурат пад мурамі капліцы ў пачатку 80-х гадоў сядзяць археолаг Мікола Чарняўскі і пісьменнік Уладзімір Караткевіч.

Асобна вылучаецца раздзел “Гісторыя Бараўскога сельскага Савета” з надзвычай цікавым падраздзелам “Калгасы”. Вось, напрыклад, які камічна-трагічны выпадак з перыяду станаўлення калгасаў запісала Т.А.Клепікава ад жыхара вёскі Новай Рудзіцы Аляксандра Сямёнавіча Юховіча (1929 г.н.): “Беднаму, неадукаванаму, амаль інваліду, абцяжаранаму вялікай сям’ёй Стрыгу пашчасціла наняцца пастухом. Пасвіў ён дзве каровы каля вёскі Паланевічы. Аднойчы адна з кароў збегла ў лес. Стрыга адправіўся яе шукаць і заблукаў. Яго затрымалі польскія жаўнеры. (У міжваенны час Койданава было цэнтрам савецкай памежнай воласці, пазней — раёна. — М.Ч.), выслухаўшы яго тлумачэнні, дапамаглі адшукаць карову і адпусцілі. Ён расказаў пра гэты выпадак аднавяскоўцам. У калгасе ўсё лета і восень Стрыга старанна працаваў і па выніках працы быў узнагароджаны падарункам. Калі ён ішоў да стала па падарунак, яго аднавясковец Антон Янушкевіч пакпіў: “За мяжу хадзіў, а яму яшчэ і падарунак даюць”. Суседзі, ведаючы пра яго хаджэнне за мяжу, толькі засмяяліся. А назаўтра з усходам сонца ў вёску прыехалі два вайскоўцы са стрэльбамі і накіраваліся ў хату да Стрыгі. Яго павялі па дарозе да ФАПа, прыставіўшы да спіны стрэльбу. Пасадзілі ў чорны аўтамабіль. Пра яго больш ніхто нічога не чуў. У спісах рэпрэсіраваных ён не значыцца”.

Не менш унікальнымі гісторыямі-ўспамінамі, а таксама, безумоўна, дакументамі і фотаздымкамі напоўнены і раздзел “Старонкі ваеннай гісторыі”. Дарэчы, жыхары Бараўскога краю не забываюць і заўсёды з гонарам адзначаюць, што менавіта на іх роднай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў створаны першы на Дзяржыншчыне партызанскі атрад, быў падбіты першы нямецкі танк і збіты першы варожы самалёт. Некалькі старонак кнігі адведзена ўрыўку з аповесці “Чалавек не здаецца” (1946) савецкага пісьменніка, удзельніка абарончых баёў на тэрыторыі Бараўскога сельсавета, ганаровага грамадзяніна вёскі Баравое Івана Фоціевіча Стаднюка. Гэтая аповесць была экранізавана на “Беларусьфільме” пад той жа назвай.

Асобна прасочваецца гісторыя бараўской, касілавіцкай, бакінаўскай школ, школьнага гісторыка-краязнаўчага музея ў вёсцы Баравое. Завяршаюць кнігу раздзелы “Этнаграфія і фальклор” і “Славутыя землякі”.

Кніга заканчваецца красамоўнымі радкамі (з невялікага “Заключэння”), якія не вымагаюць каментарыя: “Любоў да Радзімы мае перадумовай веданне мінулага свайго народа — яго перамог і паражэнняў, здабыткаў і страт, яго герояў, мысліцеляў, вялікіх майстроў, помнікаў духоўнай і матэрыяльнай культуры. Памяць патрабуе клопату. Гэта тым больш тычыцца мінуўшчыны нашага народа, які так часта апынаўся пад смерчам ваенных дзеянняў і цярпеў незаменныя страты людзей, каштоўнасцей, духоўных скарбаў. Гісторыя дазваляе ўбачыць у далёкай даўніне тое, што было для яе будучыняй: гэта і дазваляе вучыцца ў яе”.

Мікола ЧЭМЕР.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *