Гісторыя праз пачуцці і эмоцыі

На пытанне, як зрабіць урокі гісторыі нясумнымі і цікавымі, змястоўнымі і эмацыянальна насычанымі, пазнавальнымі і карыснымі, шукалі адказ педагогі-практыкі на семінары “Сучасны падручнік гісторыі: новыя падыходы і новыя магчымасці”, які прайшоў у Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Аўтары новых вучэбных дапаможнікаў па гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі — дэкан факультэта прафесійнага развіцця кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі МАІРА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Марына Аляксееўна Краснова і прафесар кафедры гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Сяргей Веніямінавіч Паноў — прадставілі асноўныя прынцыпы будовы і зместу дапаможнікаў, сэнсавую структуру вучэбнага тэксту, кампанент ведаў і дзейнасны кампанент у іх, асаблівасці рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў падрыхтоўцы выпускнікоў сярэдняй школы. Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць задаць пытанні аўтарам.

С.В.Паноў.

Сучаснае грамадства, якое характарызуецца ўзрастаючым аб’ёмам інфармацыі і ведаў, прад’яўляе новыя патрабаванні да адукацыйнай падрыхтоўкі навучэнцаў. Школа павінна рыхтаваць людзей, якія ўме­юць хутка прымаць рашэнні ў крытычных сітуацыях, здольны засвойваць вялікія масівы інфармацыі, працаваць у камандзе, якія гатовы да пастаянных змен і навучання на працягу ўсяго жыцця. Сёння многія даследчыкі адзначаюць зрушэнне акцэнтаў на самаадукацыю і самастойную работу навучэнцаў, развіццё нетрадыцыйных форм вучэбных заняткаў, у першую чаргу інтэрактыўных, якія спрыяюць развіццю здольнасцей да самавызначэння, самастойных дзеянняў, адказнасці, камунікатыўнасці. Таму галоўныя мэты гістарычнай адукацыі — фарміраванне інтэлектуаль­ных уменняў і асобасных якасцей навучэнцаў, развіццё іх гістарычнага мыслення, ініцыятывы, самастойнасці.

Да 2019/2020 навучальнага года былі выдадзены новыя вучэбныя дапаможнікі для 9 класа “Гісторыя Беларусі, 1917 г. — пачатак ХХІ ст.” аўтараў С.В.Панова, У.Н.Сідарцова, В.М.Фаміна і “Сусветная гісторыя найноўшага часу, 1918 г. — пачатак ХХІ ст.” аўтараў У.С.Кошалева, М.А.Красновай, Н.У.Кошалевай, па якіх сёння ў школах краіны вядзецца навучанне.

Па словах аўтара дапаможніка па су­светнай гісторыі М.А.Красновай, неабходнасць правядзення семінара выклікана шэрагам праблем. Сярод іх — стэрэатыпы педагагічнай свядомасці: жаданне настаўнікаў даць той жа аб’ём вучэбнага матэрыялу, што і па ранейшых вучэбных праграмах і дапаможніках, арыентацыя на прадметныя веды (педагог павінен разумець, што ў вучня, акрамя гісторыі, ёсць і іншыя прадметы, ды і большая частка школьнікаў не пойдзе вучыцца на гістарычныя факультэты, гісторыя ім патрэбна менавіта для жыцця), несупа­дзенне функцыянальных магчымасцей і чаканняў настаўніка (педагогі не бачаць і не выкарыстоўваюць многія новыя функцыянальныя магчымасці падручніка).

М.А.Краснова.

М.А.Краснова засяродзіла ўвагу педагогаў на пытаннях рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу да выкладання сусветнай гісторыі. Ён можа быць выяўлены праз разуменне таго, для чаго вывучаецца той ці іншы матэрыял, праз жыццёвы кантэкст, шырокія ўнутры- і міжпрадметныя сувязі, фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці, арганізацыю самастойнай работы навучэнцаў, а таксама асабістую зацікаўленасць і выкарыстанне кампетэнтнасна арыентаваных заданняў. Так, на паспяховую сацыялізацыю і фарміраванне метапрадметных кампетэнцый накіравана заданне § 4 “Сусветны эканамічны крызіс і краіны Захаду”: “Разгледзь­це фотаздымак “Падчас гіперінфляцыі ў Германіі ў 1921—1923 гг. дзеці гулялі з банкнотамі замест цацак” і адкажыце, ці адбываюцца эканамічныя крызісы ў наш час”.

Для разумення вучнямі неабходнасці ў вывучэнні таго ці іншага матэрыялу ўве­дзена спецыяльная рубрыка “Сувязь часоў”. Так, дзевяцікласнікам прапаноўваецца разгле­дзець ілюстрацыю карціны С.Дудніка “Падпісанне дагавора аб утварэнні СССР 30 снежня 1922 года на І Усесаюзным з’ездзе Саветаў” і правесці паралелі з падзеяй, якая адбылася 8 снежня 1991 года, калі кіраўнікі трох рэспублік-заснавальніц СССР (Расіі, Украіны і Беларусі) падпісалі Пагадненне аб спыненні існавання савецкай дзяржавы.

Міжпрадметныя сувязі прасочваюцца ў заданнях § 8 “Навука і культура Заходняй Еўропы і ЗША ў міжваенны перыяд” (дзевяцікласнікам прапаноўваецца партрэт Нікала Тэсла, выдатнага інжынера-электратэхніка і вынаходніка, і пытанне “Чаму Н.Тэсла часам называюць чалавекам, які вынайшаў ХХ стагоддзе?”) і § 32 “Навука і культура Заходняй Еўропы і ЗША” (даецца гістарычны партрэт Ле Карбюзье, і вучням неабходна выказаць свае меркаванні наконт таго, чаму яго летняя рэзідэнцыя на беразе Міжземнага мора мела памеры 3,66 х 3, 66 м). Асабістая зацікаўленасць навучэнцаў выходзіць на першы план у пытаннях “Якое ваша ўражанне ад твораў мадэрнізму?” (§ 8 “Навука і культура Заходняй Еўропы і ЗША ў міжваенны перыяд”), “Адным з сімвалаў Кастрычніцкай рэвалюцыі з’яўляецца чырвоны гваздзік. Што яшчэ вы аднеслі б да палітычных сімвалаў гэтай гістарычнай падзеі?” (§ 10 “Грама­дзянская вайна”).

“Агульнавядома, што перадаць веды немагчыма, можна толькі навучыцца. Калі чалавек сам штосьці не спрабуе рабіць, то ён і не навучыцца. Адзін з сусветных трэндаў адукацыі — самастойная дзейнасць навучэнцаў. Гэта навучанне і праз даследаванне (як навукоўцы), і праз расследаванне (як дэтэктывы). У новым дапаможніку ўведзена рубрыка “Заданні для самастойнага даследавання”. Гэтыя заданні розныя па складанасці. У некаторых з іх асобасна-эмацыянальны кампанент выходзіць на першы план. І гэта зроблена знарок, бо ніколі не ведаеш загадзя, што больш зачэпіць вучня. Педагогам варта тыя ці іншыя падзеі разглядаць з пазіцый сённяшняга дня, праводзіць паралелі з сучаснасцю. Бо адна справа, калі мы з’яўляемся носьбітамі свайго сацыяльнага вопыту, які мы імкнёмся трансліраваць на школьнікаў з пазіцыі каштоўнасці гэтага вопыту толькі для нас, і зусім іншая — для вучняў, для якіх гэта проста факталогія”, — падкрэсліла М.А.Краснова.

У якасці самастойнай работы вучням прапаноўваецца высветліць, чаму днём нара­джэння Чырвонай Арміі лічыцца 23 лютага (мэта — уменне шукаць дадатковую інфармацыю), або скласці спіс з 10 вядомых архітэктурных збудаванняў другой паловы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя і растлумачыць свой выбар (мэта — фарміраванне ўменняў выказваць уласнае меркаванне, аргументаваць яго).

Адным з эфектыўных спосабаў дзейнасці з’яўляецца праблемнае навучанне. Асноўнымі яго перавагамі выступаюць высокая асабістая матывацыя і самастойнасць навучэнцаў у працэсе здабывання новых ведаў. Формы і метады праблемнага навучання могуць быць вельмі разнастайнымі. Гэта і праблемная лекцыя, і эўрыстычная гутарка, і аналіз канкрэтных сітуацый (case-study), і дыспут, і дзелавая (ролевая) гульня. Пры вывучэнні § 3 “Заходняя Еўропа і ЗША ў 1918—1929 гг.” навучэнцам прапаноўваецца праблемнае заданне: “У свой час Генры Форд быў прызнаны лепшым бізнесменам ХХ стагоддзя. Высветліце, якія новыя элементы былі пакладзены ў аснову арганізацыі вытворчасці на заводах Форда. Які ўплыў на развіццё вытворчасці і сучаснага грамадства аказалі новаўвядзенні Г.Форда?”.

На стымуляванне пазнавальнага інтарэсу навучэнцаў накіраваны заданні накшталт “Р.Тагор у гасцях у А.Эйнштэйна (ілюстрацыя). Паміж імі адбылася размова, якую называюць адной з самых захапляючых гутарак у гісторыі. Як вы лічыце, пра што яны размаўлялі?”. Дарэчы, ілюстрацыйны матэрыял прадстаўлены ў дапаможніку фотаздымкамі, карыкатурамі, плакатамі, рэпрадукцыямі мастацкіх твораў. І калі ў ранейшай вучэбнай літаратуры ілюстрацыі насілі суправаджальны характар, то зараз большасць з іх прадстаўлена ілюстрацыямі вядучага тыпу, гэта значыць тымі, якія нясуць не толькі дадатковую, але і асноўную інфармацыю.

Абноўлены змест вучэбнага дапаможніка па гісторыі Беларусі з’яўляецца лагічным працягам новага пакалення вучэбных дапаможнікаў, арыентаваных на рэалізацыю кампетэнтнаснага падыходу да падрыхтоўкі вучняў, і завяршае першы канцэнтр навучання, які ажыццяўляецца пераважна на падзейна-храналагічным узроўні засваення зместу вучэбнага матэрыялу.

Паводле слоў С.В.Панова, характэрнай асаблівасцю вучэбнага дапаможніка з’яўляецца рэалізацыя ў ім гістарычна-антрапалагічнага падыходу да дыдактычнага канструявання зместу навучання, што прадугледжвае асвятленне гісторыі краіны праз персанальную гісторыю з выкарыстаннем біяграм, накіраваных на характарыстыку думак і пачуццяў, паводзін і ўчынкаў удзельнікаў гістарычных падзей. Такі падыход улічвае магчымасць паступовага фарміравання і развіцця асабістага вопыту вучняў на аснове іх індывідуальных пазнавальных здольнасцей і жыццёвых эмацыянальных уражанняў.

“У межах культуралагічнай парадыгмы адукацыі вылучаюцца 4 кампаненты: веды, вопыт дзейнасці па вядомых узорах ці спосабах, вопыт творчай дзейнасці і вопыт эмацыянальна-каштоўнасных адносін да вывучаемага, — заўважыў Сяргей Веніямінавіч. — Эмацыянальны кампанент вельмі важны. Тое, што вы ў сваім жыцці перажылі, вамі дакладна прысвоена. Дапаможнік працуе на эмацыянальна-каштоўнасны кампанент асобы. Каштоўнасці, з якімі асоба знаёміцца і прысвойвае як свае ўласныя, з’яўляюцца ў далейшым рэгулятарамі сацыяльных паводзін.

Праз прадстаўленне так званых культурна аформленых узораў паводзін чалавека ў гісторыі (культурна-гістарычных аналагаў), якія служаць асновай для выпрацоўкі вучнямі сваіх індывідуальных жыццёвых практык, рэалізоўваецца эўрыстычны патэнцыял вучэбнага дапаможніка. Выкарыстанне культурна аформленых узораў паводзін чалавека ў розных гістарычных абставінах спрыяе ідэнтыфікацыі асобы вучня ва ўзросце 15—16 гадоў. Такія ўзоры паводзін з’яўляюцца адным з кампанентаў сацыяльнага вопыту беларускага народа, які трансліруецца ў вучэбным працэсе як змест гістарычнай адукацыі і прадстаўлены, напрыклад, праз біяграмы З.Жылуновіча (Цішкі Гартнага), А.Чарвякова, А.Куляшова, Міхася Чарота, Я.Скурко (Максіма Танка), М.Шмырова і іншых”.

На думку С.В.Панова, сучасны вучань пастаўлены ў сітуацыю разарваных сувязей паміж пакаленнямі, пры якой ён знаходзіцца ў адкрытым сацыяльным асяроддзі, інфармацыйная прастора якога з прычыны перавагі ў ёй негатыўных падзей вя­дзе да назапашвання моладдзю негатыўнага эмацыянальнага вопыту і нават прысваення ўзораў паводзін, далёкіх ад нашай культуры. Таму мэтазгодна канструяванне ў сучаснай вучэбна-інфармацыйнай прасторы сродкамі гісторыі цэласнага комплексу пазітыўных вобразаў гістарычнага мінулага.

“Варта пры гэтым улічваць, што рэальна чалавекам успрымаецца толькі сегмент сучаснага, а мінулае ўяўляецца ў выглядзе воб­разаў, якія лакалізуюцца ў пэўнай прасторы і актуалізуюцца ў часе. Таму пры вызначэнні дыдактычных магчымасцей стварэння вобразаў гістарычных падзей і іх удзельнікаў найбольш эфектыўным з’яўляецца магчы­масць выкарыс­тання дасягненняў духоўнай і матэрыяльнай культуры ў дзейнасці сучаснага чалавека. Вобразы гістарычных асоб, умоўна кажучы, не складзіруюцца ў нейкую віртуальную галерэю партрэтаў, а абумоўліваюць магчымасць карыстацца іх ідэямі і вынаходкамі, вызначаць уласныя адносіны да тактыкі і вынікаў іх дзейнасці”, — падкрэсліў С.В.Паноў.

Важным кампанентам канструявання вобразаў з’яўляецца іх эмацыянальны складнік, бо захаванне і аднаўленне звестак пра мінулае адбываецца на падставе пачуццяў, выкліканых сучаснасцю. Сімвалы гістарычных падзей фарміруюцца праз пачуццё супе­ражывання, у тым ліку з суайчыннікамі — удзельнікамі і сведкамі мінулых падзей. Менавіта ў іх асабістых гісторыях аб’ядноўваюцца грамадскія і індывідуальныя выпрабаванні, адбываецца суаднясенне індывідуальных рашэнняў з навакольным кантэкстам, што важна для разумення матывацыі паводзін людзей у гісторыі. Прычым вопыт эмацыянальна-пачуццёвых адносін не з’яўляецца ў прамым сэнсе прадуктам навучання, а выступае як вынік перажывання і асэнсавання асабіста значных падзей у сучаснай жыццядзейнасці навучэнцаў. Як магчымасць прысваення старшакласнікамі ўзораў паводзін чалавека ў гісторыі можа разглядацца супастаўленне вучнёўскай пазіцыі (адносін да гістарычных асоб) з пазіцыяй удзельнікаў падзей, уменне паставіць сябе на месца іншага, выкарыстанне метадычнага прыёму персаніфікацыі. А на аснове засваення вобразаў гістарычных асоб і іх спосабаў паводзін могуць фарміравацца асобасныя ідэалы вучняў.

Пры арганізацыі працэсу навучання аўтары рэкамендуюць улічваць прынцыпы даступнасці, нагляднасці, культурна-гістарычнага асяроддзя, антрапалагізацыі навучання, ­адзінства выхавання і навучання, адзінства змястоўнага і працэсуальнага бакоў навучання. Так, прынцып антрапалагізацыі абумоўлівае засваенне зместу вучэбнага матэрыялу па алгарытме “чалавек — культура — гісторыя” з актуалізацыяй ідэй і каштоўнасных арыентацый чалавека ў гісторыі (суайчыннікаў і равеснікаў вучняў) пры ўліку матывацыйнага кампанента асобы. Дадзены прынцып рэалізаваны праз змест рубрыкі “Таленты беларусаў і перакрыжаванні лёсаў”, якая прысвечана грамадскім і творчым дасягненням ураджэнцаў Беларусі, гістарычных асоб, дзеячаў навукі і культурыі. Прынцып ­адзінства змястоўнага і працэсуальнага бакоў навучання прадвызначае рэалізацыю кампетэнтнаснага падыходу да падрыхтоўкі вучняў праз рэалізацыю прыёмаў вызначэння ключавога слова, мадэлявання сваіх верагодных паводзін у прапанаваных гістарычных сітуацыях, умоўнага інтэрв’юіравання гістарычных асоб, пошуку супярэчнасцей у візуальных вобразах. Гэты прынцып рэалізоўваецца праз змест рубрыкі “Ключавое слова”.

Як бачым, новыя вучэбныя дапаможнікі арыентаваны на развіццё інтэлектуальнай і эмацыянальна-каштоўнаснай сфер асобы вучня з актуалізацыяй калектыўнай і індывідуальнай гістарычнай памяці, нацыянальнай і грамадзянскай ідэнтычнасці, аптымальных для іх паспяховай інтэграцыі ў існуючае сацыякультурнае асяроддзе.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.