Гісторыя ў лексемах

- 14:30Культура

На Тыдні роднай мовы ў сталічным магазіне “Акадэмічная кніга” адбылася сустрэча з аўтарамі “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”, створанага ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. У гэтым маштабным унікальным выданні змешчаны не проста апісанні 75 тысяч старабеларускіх лексем, а 500 гадоў беларускай гісторыі. Сёлета за фундаментальную працу па стварэнні слоўніка калектыў яго аўтараў вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі.

Амаль 60 гадоў спатрэбілася навукоўцам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, каб слоўнік у 37 выпусках пабачыў свет у завершаным выглядзе. “Наш слоўнік — гэта гістарычная аповесць жыцця і дзейнасці беларусаў. Яго роля вялізная не толькі для развіцця лінгвістычнай навукі, але і для ўсёй нашай культуры, паколькі слоўнік дазваляе рэканструяваць карціну свету і культуры этнасу, увасобленую ў мове, — адзначыла навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Ганна Федарэнка. — Наша выданне ўяўляе сабой шматтомны дыяхранічны слоўнік-даведнік тлумачальна-перакладнога тыпу, у якім змешчана лексіка старабеларускай пісьменнасці XIV—XVIII стаго­д­дзяў. Гэта першая завершаная работа ва ­ўсходнеславянскім мовазнаўстве, а таму яна з’яўляецца важкім укладам у замежную і айчынную мовазнаўчую і гуманітарную навуку, мае навуковую, практычную і сацыяльную вартасць, перспектыву далейшага выкарыстання, садзейнічае развіццю і пашырэнню навуковых сувязей паміж Беларуссю і замежнымі дзяржавамі”.

Ініцыятарам стварэння слоўніка выступіў член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аркадзь Жураўскі. Пад яго кіраўніцтвам у Інстытуце мовазнаўства ў 1960 годзе пачалася планамерная падрыхтоўка даведніка. “Праца над слоўнікам вялася ў два этапы і працягвалася 57 гадоў. Яе выконвалі некалькі пакаленняў моваведаў. Вынікам першага этапу, які доўжыўся з 1960 па 1972 год, стала вызначэнне храналагічных меж слоўніка, крыніц (каля 120 старабеларускіх помнікаў пісьменнасці), складанне картатэкі і выпрацоўка прынцыпаў напісання гістарычнага слоўніка, — расказала Ганна Уладзіміраўна. — Большая частка вызначаных для апрацоўкі крыніц прыпадае на канец ХV — сярэдзіну XVII стагоддзя. Картатэка слоўніка — культурная каштоўнасць, якая налічвае 1 мільён 60 тысяч картак. Сёння яна з’яўляецца ўнікальным сховішчам лексікі старадаўняй беларускай пісьменнасці”.

Другі этап работы над слоўнікам доўжыўся з 1973 па 2017 год і быў звязаны з лексіка-графічнай апрацоўкай сабранага матэрыялу і выданнем паасобных выпускаў, што выходзілі з 1982 па 2017 год у выдавецтве “Беларуская навука”. Усяго ў 37 выпусках апрацавана каля 75 тысяч слоў старабеларускай мовы, зафіксаваных у граматах, дагаворах, статутах, летапісах, хроніках, раманах і аповесцях, мемуарных, пуб­ліцыстычных, навуковых і рэлігійных творах. Асноўная структурная адзінка выдання — слоўнікавы артыкул, найважнейшым элементам якога з’яўляецца цытата з помніка, што дастаткова поўна характарызавала ўжывальнасць таго ці іншага слова і давала ўяўленне аб яго жанрава-стылявой прыналежнасці. Важкасць і разам з тым складанасць праведзенай работы вызначаецца аб’ёмам і спецыфікай апрацаванага матэрыялу, бо апрацоўка старажытных рукапісаў ускладнялася тым, што даследчыку часам самому даводзілася праводзіць разбіўку тэксту.

Ствараўся ўнікальны “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” пад кіраўніцтвам дактароў філалагічных навук членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі Аркадзя Жураўскага і Аляксандра Булыкі. Апошні расказаў, што такая фундаментальная праца мае важнае значэнне. “Слоўнік вельмі багаты як на ўласнабеларускія, так і на запазычаныя словы. У той час у адносінах запазычанняў наша мова апярэдж­вала іншыя ўсходнеславянскія мовы. Так, многія германскія словы таго перыяду праніклі ў рускую мову толькі ў Пятроўскую эпоху. А ў нас яны ўжо ўжываліся ў ХVІ стагоддзі, напрыклад, банкет, візіт, кур’ер, партфель, пратэст, феадал, шанс і многія іншыя, якія трапілі ў рускую мову праз беларускую”, — дадаў ён.

У шматтомным даведніку змешчана шмат уласнабеларускіх слоў, якія сёння могуць прэтэндаваць на вяртанне ў моўны ўжытак. “Лістоўня — ёмішча для захавання лістоў; раскошнік — чалавек, які любіць шыкоўнае жыццё; ваеннік — удзельнік ваеннага паходу, — прыводзіць прыклады даўно забытых слоў загадчыца аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Наталля Паляшчук. — Канечне, будучым даследчыкам варта звярнуць увагу на ўласнабеларускія словы і ўводзіць іх зноў ва ўжыванне”.

Дарэчы, “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” — першае і ­адзінае завершанае ва ўсходнеславянскім мовазнаўстве апісанне слоўнага запасу беларускай мовы XIV—XVIII стагоддзяў, якое выступае надзейнай крыніцай пазнання мінулага Беларусі і дае багатую інфармацыю аб сацыяльна-эканамічным і грамадска-палітычным жыцці, духоўнай і матэрыяльнай культуры нашага народа ў мінулым. Таму нядзіўна, што за фундаментальную работу “Лексiкаграфiчнае апiсанне слоўнага фонду беларускай мовы XIV—XVIII cтст. (“Гiстарычны слоўнiк беларускай мовы” ў 37 выпусках)” калектыў аўтараў — Аркадзь Жураўскі (пасмяротна), Аляксандр Булыка, Іван Крамко (пасмяротна), Валянціна Мяснікова, Ганна Федарэнка — вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Беларусі 2020 года ў галіне навукі і тэхнікі. “Гэты фундаментальны, акадэмічна вывераны слоўнік сведчыць пра вялікі моўны, культурны патэнцыял беларускага народа і дзяржавы, а таксама пра высокі прафесіяналізм айчынных лінгвістаў, філолагаў Інстытута мовазнаўства. А таму такі праект заслугоўвае Дзяржаўнай прэміі і падтрымкі”, — падкрэсліў дырэктар Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі Іван Саверчанка.

“Гістарычны слоўнік беларускай мовы” і надалей будзе актыўна выкарыстоўвацца і яшчэ дасць адказы на шматлікія пытанні. “На слоўнік абапіраюцца самыя разнастайныя даследаванні ў галіне беларускага мовазнаўства, напісаны сотні навуковых работ, прысвечаных гісторыі як асобных слоў, так і цэлых лексічных пластоў, — рэзюмавала Ганна Федарэнка. — Даведнік асабліва запатрабаваны ў асяроддзі пісьмен­нікаў, мовазнаўцаў, літаратараў, этнографаў, правазнаўцаў, культуролагаў — усіх, хто займаецца вывучэннем мінулага Беларусі, а таксама цікавіцца нашай гісторыяй”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.