Гісторыя ў падарожжах

Ведаць гісторыю роднага краю патрэбна. Найцікавей адкрываць новыя старонкі гісторыі нашай радзімы праз падарожжы. Вось таму і адправіліся мы гэтым разам на Брэстчыну, каб на свае вочы ўбачыць яе славутасці.

А пачалі падарожжа з Белавежскай пушчы. Вёрткія куніцы, прыгожая рысь, стройныя грацыёзныя алені і, канечне ж, магутныя зубры доўга трымалі ўвагу хлопчыкаў і дзяўчынак, не адпускалі нас рухацца далей.

Працягнулі падарожжа, завітаўшы ў Камянец. Камянецкая вежа — помнік абарончага дойлідства ХІІІ стагоддзя — вельмі ўразіла маленькіх падарожнікаў веліччу і магутнасцю. І ніхто не мог бы падумаць, колькі цікавага чакае ўнутры збудавання: посуд, адзенне, зброя, макеты ўмацаванняў… і яшчэ шмат усяго іншага.

Пабываць на Брэстчыне і абмінуць Брэсцкую крэпасць-герой проста немагчыма. Спачатку нас чакала экскурсія па музеі, а потым на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці.

Колькі жахаў давялося перажыць яе абаронцам, колькі з іх загінула… Але памяць людская жыве праз вякі… Такія месцы патрэбна наведваць, каб дзеці помнілі, дзякуючы каму над нашай Радзімай мірнае неба.

Доўгая дарога дамоў ператварылася ў вечар успамінаў пра цудоўна праведзены дзень.

Настасся ГРЫГОР’ЕВА,
настаўніца гісторыі Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.