Гісторыя, якую можна “перапісаць”

Сёння, калі вынікі размеркавання ўжо вядомы і выпускнікам універсітэтаў, для таго каб заняць сваё першае рабочае месца, засталося толькі абараніць дыплом, тыя студэнты, якія маюць высокія балы, ужо задумваюцца над магчымасцю працягнуць навучанне ў вышэйшай школе. Гэта дазволіць ім “адкласці” размеркаванне мінімум на год.

А як навучыцца сумяшчаць работу ў школе з вучобай у аспірантуры і напісаннем кандыдацкай дысертацыі? Ці можа аспірант прэтэндаваць на атрыманне службовага жылля? Колькі гадзін нагрузкі неабходна браць, каб атрымліваць сярэднюю зарплату? Думкамі пра ўсё гэта з намі згадзіўся падзяліцца аспірант БДПУ імя Максіма Танка малады педагог Аляксей САЦУТА.

Мара цікаўнага “чамучкі”

Восем гадоў назад, трымаючы ў руках атэстат аб заканчэнні Крытышынскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, Аляксей Сацута дакладна ведаў, што сваю будучыню звяжа з педагагічнай дзейнасцю, а менавіта з выкладаннем гісторыі. Любоў да гэтага прадмета ў сённяшняга аспіранта з’явілася яшчэ з першых урокаў па гісторыі Беларусі. Таму выбар прафесіі быў свядомым.

— Гісторыя для мяне заўжды была цікавай, — дзеліцца думкамі Аляксей Аляксандравіч. — У дзіцячым узросце любіў вывучаць гістарычныя з’явы, шукаць прычыны тых ці іншых падзей. Я быў адным з тых “чамучак”, хто на кожным уроку па гісторыі, цікавіўся, чаму людзі не маглі зрабіць інакш і прывялі сваю краіну да тых падзей, пра якія мы чытаем на старонках падручніка. Увогуле, у школе ніякіх цяжкасцей з вывучэннем прадмета не ўзнікала. І родная гісторыя, і сусветная даваліся вельмі лёгка. Акрамя гэтага, вывучаючы параграф, які задаваўся дадому, заўжды чытаў і дадатковую літаратуру. Гэта для мяне было настолькі цікава, што, калі прыйшоў час выбіраць прафесію, не сумняваўся ні хвіліны. Гэтаму садзейнічала і тое, што ў 2008 годзе перамог на алімпіядзе па гісторыі. Гэтая падзея і дала ўпэўненасць у тым, што мая мара — стаць гісторыкам — ажыццявіцца. Мама з татам падтрымалі мой выбар. І, ведаеце, зараз, калі ўжо тры гады працую ў школе і разам з гэтым сумяшчаю вучобу ў аспірантуры, я не расчараваўся ў сваім выбары. Педагогіка — гэта маё. А гісторыя — маё ўдвайне.

Пасля 5 курса Аляксей быў размеркаваны ў сярэднюю школу № 3 Смалявіч, чаму быў вельмі рады. Як адзначыў аспірант, у дзяцей, якія жывуць у вёсках, маленькіх гарадах, больш павагі да настаўнікаў. Правінцыяльныя дзеці больш старанныя і працалюбівыя. Але для таго, каб і з імі наладзіць кантакт, трэба ўмець правільна зацікавіць прадметам.

— Для таго каб прадмет выклікаў цікавасць, цікавым для дзяцей павінен быць менавіта настаўнік, а таксама яго методыка выкладання дысцыпліны, — дзеліцца развагамі Аляксей Аляксандравіч. — Увогуле, роля педагога ў развіцці грамадства вельмі вялікая. Той багаж літаратуры, якая была прачытана, пацвярджае, што ў розныя гістарычныя эпохі менавіта настаўнікі фарміравалі будучыню грамадства. І роля настаўніка вельмі значная хаця б па той простай прычыне, што менавіта ён выхоўвае моладзь, фарміруе будучае пакаленне, якое здолее працягнуць справу старэйшых, але ўжо на больш высокім узроўні развіцця грамадства. Таму я з упэўненасцю магу сказаць, што настаўнік “будуе” новыя погляды, новую навуку і культуру. Дарэчы, кожны выкладчык павінен не проста вучыць прадмету, але і ўвогуле здзяйсняць педагагічную дзейнасць. Зараз я маю на ўвазе тое, што настаўнік пастаянна знаходзіцца ва ўзаемадзеянні з дзецьмі, іх бацькамі, калегамі, іншымі людзьмі, і тым самым у штодзённым жыцці (не толькі на ўроках) выконвае неабходныя функцыі, сярод якіх творчая, інфармацыйная, выхаваўчая і інш.

Яшчэ адным вельмі важным момантам у педагагічнай дзейнасці з’яўляецца ўменне “перапраграмаваць” увагу навучэнца на прадмет. Для гэтага малады педагог выкарыстоўвае псіхалагічныя прыёмы.

— Найбольш цікавым метадам для таго, каб зацікавіць дзяцей прадметам, з’яўляецца “ўдзел” у гістарычных падзеях, — расказвае Аляксей Аляксандравіч. — У гэтай сітуацыі выкарыстоўваецца такі падыход, як дыдактычная гульня, дзе навучэнцы з’яўляюцца ўдзельнікамі гістарычных падзей. Сутнасць гэтай гульні ў тым, што дзеці самі прапаноўваюць вынік дадзенай гістарычнай падзеі. Прычым маім галоўным патрабаваннем з’яўляецца тое, каб, “перапісаўшы” гісторыю, дзеці абгрунтавалі сваё меркаванне. Дарэчы, менавіта гэтая методыка з’яўляецца самай эфектыўнай і дапамагае найбольш поўна прыцягнуць увагу навучэнца. Акрамя гэтага, выкарыстоўваю сумяшчэнне атрыманай на ўроку інфармацыі з сучаснай жыццёвай сітуацыяй. Назіраючы, з якой цікавасцю дзеці прыходзяць на заняткі, разумею, што ўсё раблю правільна.

Для таго каб не стаяць на месцы, а развівацца ў навуковым плане і тым самым даносіць дзецям больш цікавай інфармацыі, Аляксей вырашыў рухацца далей, уверх па навуковай лесвіцы. І, дарэчы, у маладога чалавека гэта выдатна атрымліваецца.

Зарплата ці вопыт: што галоўнае?

Пасля заканчэння 5 курса і атрымання дыплома Аляксей паступіў на завочнае аддзяленне на кафедру ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі і стаў магістрантам. А ўжо праз год паспяхова вытрымаў экзамены ў аспірантуру і заняўся напісаннем кандыдацкай дысертацыі. Прычым навуку гісторык сумяшчае з любімай работай — выкладаннем у школе. Як заўважыў Аляксей, работа для яго, як і для ўсіх людзей любой прафесіі, з’яўляецца галоўным інструментам, які дапамагае зарабіць на жыццё.
— Я заўсёды стараюся браць больш педагагічнай нагрузкі, — дзеліцца Аляксей. — Зразумела, чым больш выкладаю, тым больш вопыту атрымліваю, бо для мяне, акрамя памеру зарплаты, важнымі з’яўляюцца вопыт, набыты падчас работы, а таксама вынік, дасягненне пастаўленай мэты. І, безумоўна, прыемна, што бацькі і родныя падтрымліваюць мяне ва ўсім, да чаго імкнуся. Гэта надае сілы і веры ў сябе.

Некалькі разоў на тыдзень, пасля ўрокаў, Аляксей едзе ва ўніверсітэт, дзе кансультуецца з навуковым кіраўніком наконт кандыдацкай дысертацыі. Але, перш чым узяцца за напісанне гэтай работы, малады педагог прайшоў доўгі “гістарычны” шлях.

— Падчас вучобы ва ўніверсітэце я цікавіўся вывучэннем айчыннай гісторыі, філасофіі, псіхалогіі і педагогікі, абараніў курсавыя работы па жандармерыі і гвардыі ВКЛ, канцэпцыі сусветнай гісторыі Валерстайна і каштоўнасных арыентацыях падлеткавых субкультур, — расказвае пра свае дасягненні Аляксей Сацута. — Акрамя гэтага, былі апублікаваны тры артыкулы пад кіраўніцтвам кандыдата філасофскіх навук дацэнта Анатоля Уладзіміравіча Кузняцова, якія называюцца “Канцэпцыя сусветнай гісторыі ў працах Імануіла Валерстайна”, “Ідэйныя крыніцы і характэрныя рысы свет-сістэмнага аналізу”, “Беларусь у капіталістычнай свет-сістэме”. Але за мінулы перыяд самым значным дасягненнем стала абарона магістарскай дысертацыі па тэме “Развіццё капіталізму ў свет-сістэмным аналізе”. І пасля заканчэння магістратуры было прынята рашэнне заняцца навуковай практычнай дзейнасцю. Тэма маёй кандыдацкай дысертацыі “Паштова-тэлеграфныя ўстановы на тэрыторыі Беларусі канца XVIII — пачатку ХХ ст.: структура, функцыі, кадры”. Мэтай гэтай дысертацыі з’яўляецца выяўленне дынамікі структуры, функцый і кадравага складу паштова-тэлеграфных устаноў на тэрыторыі Беларусі ў канцы XVIII — пачатку ХХ ст. Гэтую тэму я выбраў нездарма. Справа ў тым, што яна мала даследавана і вельмі цікавая, паколькі дазваляе даведацца пра асаблівасці жыцця работнікаў пошты і тэлеграфа, а таксама структуру і функцыі пошты і тэлеграфа ў згаданы перыяд.

Са слоў Аляксея, за паўгода навучання ў аспірантуры ён правёў даследаванне ў гістарыяграфіі праблемы, а таксама сабраў мноства апублікаваных дакументальных крыніц.

— Навуковы кіраўнік маёй дысертацыі — доктар гістарычных навук прафесар Анатоль Паўлавіч Жытко, — дзеліцца Аляксей Сацута. — Гэты чалавек — вялікі вучоны, які падрыхтаваў мноства спецыялістаў і ад якога і я атрымаў фундаментальныя веды па метадалогіі гісторыі, гістарычнай інфарматыцы, псіхааналізе, гісторыі школы “Аналаў”. Што тычыцца тэмы дысертацыі, то выбар прыйшоў практычна спантанна. Мяне цікавіў перыяд гісторыі Беларусі ў складзе Расійскай імперыі, асабліва тэма, звязаная з паштовай і тэлеграфнай сувяззю, карэспандэнцыяй, срод-камі масавай інфармацыі. Анатоль Паўлавіч адобрыў ідэю, і я пачаў працаваць. Безумоўна, цяжка сумяшчаць работу ў школе і навуковую дзейнасць, але мне такі рытм падабаецца. Дарэчы, для развіцця навуковай дзейнасці ва ўніверсітэце створаны выдатныя ўмовы. Студэнты, магістранты і аспіранты прымаюць удзел у канферэнцыях, друкуюць свае работы ў перыядычных выданнях універсітэта, атрымліваюць за гэта гранты, імянныя стыпендыі. Акрамя гэтага, аспірантам і магістрантам можна друкавацца, а таксама прымаць удзел у навуковых канферэнцыях, якія праводзяць іншыя ўніверсітэты краіны.

Праблемы і прыярытэты: як правільна расставіць акцэнты?

Яшчэ адным актуальным пытаннем, пра якое мы размаўлялі з Аляксеем, стала жыллёвая праблема. Не ўсім маладым спецыялістам, магістрантам прадастаўляецца службовае жыллё, але Аляксей не засмучаецца наконт гэтага.

— На працягу пяці гадоў, пакуль быў студэнтам, жыў на наёмнай кватэры разам з малодшай сястрой, якая вучылася ў іншым універсітэце, — тлумачыць малады чалавек. — Безумоўна, менавіта бацькі дапамагалі аплачваць жыллё. Затое плюсоў было куды больш. Мы маглі спакойна рыхтавацца да заняткаў, адпачыць, калі хацелася, у цішыні. Што тычыцца будучыні, то зараз я задумваюся над тым, што было б цудоўна жыць у невялікім гарадку, але побач з Мінскам. Маю на ўвазе Смалявічы, куды штодня дабіраюся на працу на электрычцы. Сёння гэты горад з’яўляецца спадарожнікам сталіцы, а значыць, дабрацца адтуль у Мінск можна будзе без праблем. Што тычыцца жылля, магу сказаць толькі тое, што самым ідэальным варыянтам для мяне як для чалавека, які вырас у доме з бацькамі, з’яўляецца менавіта свой дом. Але для таго, каб яго пабудаваць, неабходна шмат рэсурсаў. Пакуль што гэтае пытанне адкладзём на другое месца, таму што на першым — абарона дысертацыі.

Што тычыцца педагагічнай кар’еры, Аляксей, які ўжо сёння з’яўляецца навуковым работнікам вышэйшай кваліфікацыі, плануе паспяхова абараніць сваю дысертацыю, стаць старшым навуковым супрацоўнікам і далей развівацца ў навуковым плане. Але і працу ў школе педагог не пакіне, ён будзе працягваць даваць грунтоўныя веды і шукаць новыя метады ў рабоце з дзецьмі. І ў Аляксея ўсё абавязкова атрымаецца, таму што ў яго ёсць бліскучы талент — талент быць настаўнікам.

Наталля ДУБІК.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *