Гісторыю трэба ведаць, а ў “Жывой гісторыі” трэба ўдзельнічаць

- 13:57Навіны рэгіёнаў

Спачатку была ідэя. Ініцыятыва студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, рэалізаваная ў праекце “Жывая гісторыя”, сёння з’яўляецца сапраўднай гісторыяй Горада і яго Жыхароў. Гэтыя словы напісала з вялікай літары, таму што ўдзельнікамі ўсіх незвычайных дзеянняў, якія ажыццяўляюцца на працягу пяці гадоў, сапраўды з’яўляюцца горад і яго людзі.

Ідэя ажывіць гісторыю з’явілася ў студэнтаў ГрДУ ў 2009 годзе на Міжнародным маладзёжным форуме. Удзельнікі форуму абмяркоўвалі розныя кірункі дзейнасці маладзёжных арганізацый, шукалі новыя падыходы. Студэнт філалагічнага факультэта ГрДУ член патрыятычнага гуртка “Радзіма” ўніверсітэта Раман Талалуеў прапанаваў вярнуць на вуліцы роднага горада яго знакамітых жыхароў. Расказаць гродзенцам аб вядомых земляках, іх дзеяннях у гарадскім асяроддзі, запрасіць да ўдзелу ў актыўнай дзейнасці. Гродзенцы станавіліся не проста гледачамі, а ўдзельнікамі свята. Паглядзець, паўдзельнічаць мог кожны, без абмежавання па ўзросце, прафесіі. Галоўнае — жаданне і цікавасць да роднага горада і яго гісторыі.
Праект накіраваны на пашырэнне ведаў аб Беларусі з выкарыстаннем сацыяльных сетак і інтэрнэту, а таксама практычнае ўключэнне моладзі ў рэканструкцыю знакавых гістарычных падзей. Ідэя выкарыстоўваць факты беларускай гісторыі для патрыятычнага выхавання моладзі, правядзення інфармацыйных і ідэалагічных кампаній паспяхова рэалізоўваецца на працягу пяці гадоў.
“Гісторыя краіны — гісторыя людзей” — гэтыя словы сталі дэвізам праекта. Пяць гадоў назад ініцыятыва студэнтаў-купалаўцаў атрымала падтрымку кіраўніцтва вобласці і горада. “Без гэтай падтрымкі, — гаворыць кіраўнік праекта па Гродзенскай вобласці Сяргей Іваноў, — было б цяжка, а можа, і наогул немагчыма рэалізаваць задуму. Правядзенне кожнага мерапрыемства патрабуе вялікай арганізацыйнай работы, каардынацыі дзеянняў шматлікіх гарадскіх службаў. Шмат робіцца на энтузіязме ўдзельнікаў, валанцёрскай працы”.
За пяць гадоў існавання да падтрымкі “Жывой гісторыі” далучыліся і ўстановы адукацыі, і гродзенскія прадпрыемствы, якія сталі аказваць спонсарскую дапамогу.
Спачатку моладзь канструявала некаторыя падзеі. Напрыклад, у Дзень яднання Беларусі і Расіі па горадзе хадзілі гістарычныя персанажы, расказвалі і раздавалі лістоўкі аб агульных падзеях нашай гісторыі. Потым прыйшло разуменне, што трэба рабіць удзельнікамі мерапрыемстваў гараджан.
Адным з першых “з’явіўся” ў Гродне Напалеон Орда, які жыў тут у 1862—1863 гадах. Галоўная вуліца стала мастацкай галерэяй, дзе былі прадстаўлены біяграфія і рэпрадукцыі малюнкаў знакамітага мастака, які ў сваіх работах адлюстраваў архітэктурнае багацце Беларусі ХІХ стагоддзя. Былі арганізаваны выставы гродзенскіх майстроў жывапісу і фатаграфіі, сучаснага мастацтва, напрыклад, паказ бодзі-арту з намаляванымі пейзажамі Гродзеншчыны. На плошчы Савецкай выступалі музыканты, фокуснікі, танцоры. Вядомыя мастакі і фатографы праводзілі майстар-класы па тэхніцы малюнка і фатаграфіі.
На вуліцы Савецкай гродзенцы ўбачылі выставы “Горад будучыні”, “Горад, які жыве ў стагоддзях”, “Гродна ў тварах”, “Гродна вачыма дзіцяці” — усяго больш за трыста работ.
Абавязковым лічаць для сябе арганізатары праекта “Жывая гісторыя” ўдзел у мерапрыемствах дзяцей, якія павінны не толькі даведацца аб гісторыі, але і стаць прадаўжальнікамі яе лепшых традыцый. Ужо на першым мерапрыемстве была арганізавана выстава малюнкаў выхаванцаў дзіцячых дамоў, а каля цэнтральнага ўнівермага разгарнулася дзіцячая пляцоўка.
Сярод шумнага і шматлюднага свята гродзенцы сустракалі Напалеона Орду — гэта шэсць пераапранутых і загрыміраваных студэнтаў Гродзенскага ўніверсітэта расказвалі аб акцыі і праекце “Жывая гісторыя”.
У сацыяльнай сетцы “УКантакце” былі падзведзены вынікі конкурсу фатаграфій. А галоўным прызам для пераможцы стаў палёт на паветраным шары.
Гэтае мерапрыемства, правядзенне якога выклікала трывогу ў арганізатараў — ці прыйдуць людзі, ці будзе ім цікава, як справяцца арганізатары? — прадэманстравала, што гараджанам гэта цікава, што яны з задавальненнем удзельнічаюць у суботнім мерапрыемстве цэлымі сем’ямі, што тут ёсць чым заняцца і аб чым даведацца. Дарэчы, адна з вуліц у новым мікрараёне Гродна носіць імя Напалеона Орды. Напэўна, і жыхары новай вуліцы ў той дзень пазнаёміліся са знакамітым гістарычным персанажам.
— Эмоцыі, адчуванне вялікага задавальнення — як гэта ўсё атрымалася! — перапаўняюць пасля кожнай акцыі. Усё ж робіцца на энтузіязме, — расказвае супрацоўнік аддзела падтрымкі і рэалізацыі маладзёжных праектаў і ініцыятыў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю ГрДУ імя Янкі Купалы, а ў 2011 годзе, калі далучыўся да праекта “Жывая гісторыя”, студэнт педагагічнага факультэта ГрДУ Сяргей Іваноў. — Я вельмі шмат атрымаў ад удзелу ў гэтым праекце. У мяне з’явіліся сапраўдныя сябры — Раман Талалуеў і Ксенія Абрамава. Я навучыўся многаму ў арганізацыйным плане, убачыў, што моладзь сёння актыўная і неабыякавая. Так, гімн і лагатып праекта стварыў Пётр Гжымайла, тады студэнт фізіка-тэхнічнага факультэта. Актыўна ўдзельнічаюць у кожнай акцыі студэнты педагагічнага факультэта, факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, пярвічная студэнцкая арганізацыя ГА “Белая Русь”, кіраўніком якой я з’яўляюся.
Потым “ажывалі” герой Айчыннай вайны 1812 года Сяргей Ланскі, які пахаваны на гродзенскіх могілках, і Эмануіл Жылібер, стваральнік Батанічнага саду ў Гродне, Барбара Радзівіл і кароль Сігізмунд Аўгуст.
У гарадскім транспарце сталі гучаць ролікі аб знакамітых гродзенцах.
Адным з самых шматлюдных мерапрыемстваў стала акцыя “Крылы любові”. 14 лютага ў Гродне закаханыя запускалі ў неба ліхтарыкі. На адну з такіх акцый сабралася звыш пяці тысяч гродзенцаў. Першымі запусцілі свае ліхтарыкі гістарычныя асобы Барбара Радзівіл і Сігізмунд Аўгуст, у выкананні сучасных гродзенцаў Сяргея і Евы Фінскіх, а таксама сям’я Галавенка — пераможцы конкурсу “Лепшая мнагадзетная сям’я Гродзенскай вобласці”.
І тут з’явіліся элементы дабрачыннасці — частка сабраных ад продажу ліхтарыкаў грошай была пералічана дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў.
Паступова да “Жывой гісторыі” далучалася ўсё больш гродзенцаў і арганізацый.
— Адзін з філіялаў нашай бібліятэкі размешчаны ў доме, дзе жыла Эліза Ажэшка. Знакамітая пісьменніца ладзіла тут святы для дзяцей-сірот, — расказвае дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага Лідзія Мальцава. — Мы вырашылі адрадзіць гэтую традыцыю, пачалі праводзіць дабрачынную акцыю “Каляды ў Элізы Ажэшкі”. Калі ж аб’ядналі свае намаганні з “Жывой гісторыяй”, то гэтае мерапрыемства набыло новы кантэкст і маштаб. У студэнтаў столькі ідэй і энтузіязму! Яны дапамагалі нам рэалізаваць ідэю — выканаць запаведнае жаданне дзяцей. Грошы на выкананне гэтых жаданняў валанцёры збіралі ў гандлёвых цэнтрах, навучальных уста-новах горада. І дзеткі атрымалі мабільныя тэлефоны, веласіпеды, цацкі. Ад моладзі ідэі проста ляцелі! Вось так з’явілася свята вуліцы Элізы Ажэшкі, у якім гродзенцы не проста ўдзельнікі, але і арганізатары выстаў, канцэртаў.
“Зараз усе нашы мерапрыемствы, — працягвае Лідзія Васільеўна, — мы праводзім разам з “Жывой гісторыяй”. Незабыўныя святы арганізоўваем на Дзень Перамогі. І ў гэтым годзе такое ўрачыстае свята ў нас абавязкова адбудзецца. Галоўнае ў ім тое, што аб’ядноўваюцца моладзь і ветэраны: яны разам спяваюць, разам танцуюць, разам святкуюць.
Тыдзень моды Fashion Week Grodno таксама быў арганізаваны ў рамках праекта “Жывая гісторыя”. У мерапрыемстве ўдзельнічалі тэатры моды ўсіх ВНУ горада, а таксама прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці і каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва. Калекцыі вопраткі разам са студэнтамі навучальных устаноў прадставілі швейныя прадпрыемствы Гродна.
Гродзенцы таксама маглі азнаёміцца з гарадской модай ХІХ і ХХ стагоддзяў, праслухаць лекцыі спецыялістаў па гісторыі моды.
Fashion Week Grodno стаў традыцыйным мерапрыемствам, як і Міжнародны фестываль вулічнага мастацтва GRAND TEATRO. Першы з іх быў прысвечаны знакамітаму тэатральнаму мастаку ўраджэнцу Гродна Льву Баксту. І зноў гістарычны вобраз “прымяралі” студэнты Гродзенскага ўніверсітэта — адказная за гістарычны кірунак праекта Вераніка Кузьміч і студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы Вольга Кірысава і Ілья Хоцім. Гэтае свята сабрала больш за 15 тысяч удзельнікаў і гледачоў.
Амаль кожная акцыя “Жывой гісторыі” далучае да імпрэз дзяцей. Выпускніца педагагічнага факультэта ГрДУ, а зараз настаўнік-дэфектолаг базавай агульнаадукацыйнай школы № 14 Гродна Вікторыя Навагродская — адказная за дзіцячыя пляцоўкі на кожным мерапрыемстве. Вікторыя адзначае, што такі вопыт вельмі карысны. Ён даў вялікую практыку работы з дзецьмі, самарэалізацыю, упэўненасць у сваіх сілах.
Начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Паўла Скрабко ўдзельнікі “Жывой гісторыі” лічаць сапраўдным анёлам-ахоўнікам праекта. Ён удзельнік, памочнік, дарадчык.
— У гэтых няўрымслівых маладых людзях я ўбачыў сябе ў маладосці, — гаворыць Павел Канстанцінавіч. — У час маёй работы ў камсамоле мы таксама праводзілі шмат цікавых мерапрыемстваў: дабрачынныя аўкцыёны, вернісажы гродзенскіх мастакоў у парку Жылібера, адкрылі першы начны клуб “Сава”. Захацелася падтрымаць “Жывую гісторыю”. Быў бачны патэнцыял праекта, які аб’ядноўвае і згуртоўвае гродзенцаў розных пакаленняў, дае магчымаць нефармальных зносін, выхоўвае патрыятычныя пачуцці, гонар за свой горад і сваю краіну.
Адна з найбліжэйшых задумак, расказвае П.К.Скрабко, — акцыя “Цягнік часу”, а ў красавіку будзем працягваць пачатую ў мінулым годзе акцыю “Канцэрт на балконе”. Але хочам развіць яе так, каб гродзенскія музыканты выконвалі творы гродзенскіх кампазітараў. У грамадскім транспарце ў Год моладзі будуць гучаць ролікі пра маладых гродзенцаў, якія праявілі сябе ў спорце, творчасці, вынаходніцтвах.
Адна з апошніх ініцыятыў — сумесны з Ленінскай раённай арганізацыяй ГА “Белая Русь” інтэрнэт-праект “Мы — унукі пераможцаў” у сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Арганізатары прапаноўваюць у акаўнце спецыяльна створанай групы vk.com/mup1945 размясціць сваё фота з бабулямі і дзядулямі, якія былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, і напісаць некалькі радкоў аб ветэране, яго жыцці і подзвігу. Можна таксама даслаць асобнае фота, якое валанцёры “Жывой гісторыі” ўключаць у фотакалаж. Так з дапамогай сямейных архіваў будзе створаны своеасаблівы банк фотаздымкаў ветэранаў, захавана памяць аб іх.
Далучайцеся і вы да “Жывой гісторыі”!

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.