Гітара — гэта заўсёды модна і актуальна. Напэўна, кожнаму падлетку хоць раз прыходзіць думка ўзяць яе ў рукі і вывучыць хаця б некалькі акордаў, каб пасля казырнуць у кампаніі сяброў. Магчыма, такія думкі некалі ўзнікалі і ў настаўніцы па класе гітары гімназіі № 12 Мінска Святланы Ветушка, але яна здолела настолькі пранікнуцца гэтым інструментам, што адкрыла яго новыя межы як для сябе, так і для сваіх вучняў.
За плячыма Святланы Анатольеўны — Мінскае музычнае вучылішча імя М.І.Глінкі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры, які яна закончыла па спецыяльнасці “Мастацтвазнаўства”. Педагог з’яўляецца лаўрэатам Міжнароднага конкурсу імя І.І.Жыновіча.
Акрамя таго, Святлана Анатольеўна выпусціла 13 аўтарскіх і сумесных з іншымі беларускімі кампазітарамі зборнікаў для гітары. У 2009 годзе выйшаў першы аўтарскі зборнік С.Ветушка “П’есы для гітары”, які з’яўляецца вучэбным дапаможнікам для навучэнцаў 1—4 класаў (уключае і п’есы, і ансамблевыя творы). Трэба адзначыць, што зборнікі Святланы Анатольеўны з розным музычным матэрыялам выходзяць штогод. Апошнімі, якія пабачылі свет у 2015 годзе, з’яўляюцца “Запрашаем у казку” (лепшыя творы аўтара на казачныя сюжэты для гітары сола, дуэтаў і трыа), “Іграем і ствараем разам”.
Многія яе п’есы сталі абавязковымі для выканання на конкурсах. Кампазітар унесла важкі ўклад у стварэнне нацыянальнага гітарнага рэпертуару. Акрамя таго, многія п’есы С.Ветушка рэкамендаваны і ўключаны ў метадычны дапаможнік і праграму навучання для дзіцячых музычных школ Украіны. Безумоўна, такая папулярнасць робіць настаўніцу вельмі запатрабаваным педагогам, прычым як сярод вучняў, так і сярод калег. І яна ахвотна дзеліцца сакрэтамі свайго прафесіяналізму і эрудыцыі.
У сакавіку гэтага года ў гімназіі № 12 Мінска прайшоў творчы вечар Святланы Анатольеўны, на якім было выканана 30 п’ес аўтара для гітары сола і ансамбляў. У канцэрце ўдзельнічалі вучні гімназіі, а таксама выканаўцы і музычныя калектывы з дзіцячых музычных школ і іншых гімназій сталіцы. Найбольш таленавітыя вучні настаўніцы ахвотна пішуць асабістыя творы для ігры на гітары. Многія з іх, у тым ліку і гімназічныя ансамблі “Сугучча” і “Чароўныя струны”, неаднаразова станавіліся лаўрэатамі раённых і гарадскіх конкурсаў і фестываляў.
Святлана Ветушка раскрыла сябе і як метадыст. У гэтай ролі яна засяродзілася на развіцці творчых здольнасцей і творчага мыслення пачынаючых гітарыстаў. Па яе меркаванні, найбольш эфектыўнымі метадамі для развіцця творчага патэнцыялу юных гітарыстаў з’яўляюцца выкарыстанне яркіх, маляўнічых метадычных дапаможнікаў, правядзенне паралелей паміж музыкай і паэзіяй, музыкай і выяўленчым мастацтвам, заняткі рознымі формамі музіцыравання, тэатралізацыя. А зборнік Святланы Анатольеўны “Іграем і ствараем разам” і дапаможнік складаюць адзіную ў сваім родзе методыку для развіцця творчых здольнасцей пачынаючых гітарыстаў.
“Творчае музіцыраванне — неабходная частка ў структуры заняткаў пачынаючых гітарыстаў. Выкананне творчых заданняў стварае ўмовы для самарэалізацыі, самавыражэння дзяцей. Творчае музычнае мысленне можа праяўляцца ў самых розных відах і формах, асноўныя з якіх — стварэнне музыкі, самастойны аналіз музычных твораў, індывідуальна-самабытная трактоўка музычнага матэрыялу. Самастойная дзіцячая творчасць — вяршыня крэатыўнага мыслення. Кожны вучань — гэта асоба, здольная на асабістае, арыгінальнае мысленне, на выражэнне асабістага “я”,— заўважыла педагог.
Творчасць — гэта працэс, які прыводзіць да стварэння новых культурных і матэрыяльных каштоўнасцей. Мяркую, што, апроч кампазітарскіх здабыткаў, галоўнай каштоўнасцю Святланы Анатольеўны з’яўляюцца яе вучні, якія не проста раздзяляюць захапленне сваёй настаўніцы, а працягваюць жыць рытмамі гітары і пасля ўрокаў.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.