“Глабальнае паліва” і лакальныя праекты

- 12:58Навука і інавацыі
Біяпаліва ў альтэрнатыўнай энергетыцы — тэма не новая. І чым даўжэй над ёй працуюць вучоныя, тым больш пераконваюць, што штучнае паліва з аднаўляльнай сыравіны рана ці позна прыйдзе на змену прыродным вуглевадародам.
Інтарэс да біяпаліва як паказчык кошту нафты

У Расіі, напрыклад, згадваюць некалькі ўсплёскаў цікавасці да вадкага біяпаліва — біяэтанолу. Кожны з іх быў звязаны з ваганнямі кошту нафты. Але да апошняга часу развіццё тэхналогій атрымання біяэтанолу (ці проста этылавага спірту) абмяжоўваў акцызны падатак, які прыраўноўваў яго да пітнога алкаголю і рабіў вельмі дарагім. З адменай акцызу стала б надзвычай выгадна займацца біяэтанолам. Чарговы віток цікавасці да гэтай тэмы паказала апошняя міжнародная канферэнцыя па альтэрнатыўных крыніцах сыравіны і паліва, што праходзіла ў Мінску ў мінулым месяцы. Напрыклад, вучоны з Інстытута нафтахімічнага сінтэзу РАН Валянцін Траццякоў публічна выказаўся аб тым, што ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе біяэтанол павінен ста ць “глабальным палівам”. Нехта з яго калег пажартаваў: маўляў, гэта паліва будучыні… для Бразіліі, намякаючы, відавочна, на багатую флору гэтай паўднёваамерыканскай краіны.
Мы вырашылі спытаць у беларускага эксперта, як ацэньваюць перспектывы біяпаліва ў нашай краіне, і як далёка рушылі вучоныя ў развіцці адпаведных тэхналогій?

“І ў нас аўтамабілі могуць ездзіць на 100-працэнтным біяэтаноле. Але…”

— Ці перспектыўнае біяпаліва для Беларусі? Давайце лічыць, — прапаноўвае намеснік дырэктара па навуковай рабоце НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ кіраўнік сектара альтэрнатыўных відаў паліва Уладзімір Сімірскі. — Наша сельская гаспадарка атрымлівае 10 мільёнаў тон саломы ў год. У лабараторыі мы даказалі, што з адной тоны гэтай дармавой сыравіны атрымліваецца 200 літраў 99,8- працэнтнага этылавага спірту. Такім чынам, у маштабах краіны можна было б атрымліваць 2 мільёны тон спірту ў год. Улічваючы, што Валерыя Пракошына і Ганна Зубава.ў нас штогод спажываецца каля мільёна тон маторнага бензіну, нашы аўтамабілі маглі б ездзіць на чыстым біяэтаноле, пры гэтым яшчэ палову можна было б прадаваць на экспарт. У Бразіліі і Індыі выкарыстоўваюць 100-працэнтны біяэтанол у якасці аўтамабільнага паліва, у Германіі паспрабавалі перайсці на паліва, якое на 80 % складаецца з біяэтанолу…
Любую крытыку падобных рашэнняў Уладзімір Сімірскі лічыць ні чым іншым, як інтрыгамі нафтавых лобі. Хаця і прызнае, што тэарэтычныя разлікі і практыка — розныя рэчы.
Ва ўмовах нашай краіны адмаўленне ад нафты пакуль выглядае фантастыкай. Трэба ўлічыць вельмі многае: пераарыентацыю структуры эканомікі, верагодныя сацыяльныя эфекты, камерцыйныя інтарэсы нафтаперапрацоўчых заводаў і г.д.
Таму пачынаць укараняць біяпаліва вучоны раіць з малога — з лакальных праектаў, якія мелі б асветніцкі, рэкламны вынік, павышалі экалагічную культуру маладога пакалення, погляд якога на энергетычныя і экалагічныя праблемы ўжо павінен адрознівацца ад нашага.
— Я за тое, каб у вытворчасці простага біяпаліва задзейнічаць школы, — гаворыць Уладзімір Віктаравіч. — На прышкольных участках дзеці могуць займацца зборам біямасы, а гэта што заўгодна: лісце, дошкі, галінкі, нават бытавыя адходы, макулатура. Далей — вырабляць паліўныя гранулы з дапамогай установак, якіх сёння дастатковы выбар, і выкарыстоўваць у школьнай кацельні. Вось вам прыклад энергазберажэння ў дзеянні, лакальнае рашэнне энергетычнага пытання.

Якасць сумесевага бензіну — гэта пытанне якасці біядабаўкі

Сектар альтэрнатыўных відаў паліва ў НДІ фізіка-хімічных праблем Белдзяржуніверсітэта створаны менш чым год назад. У штат набралі моладзь: выпускнікоў хімічнага, біялагічнага факультэтаў БДУ, а таксама Полацкага, Гродзенскага ўніверсітэтаў. Адзін з буйных праектаў, які вядуць маладыя навукоўцы пад кіраўніцтвам У.В.Сімірскага, — гэта распрацоўка і ўкараненне тэхналогіі атрымання біяэтанолу з сыравіны, што ўтрымлівае крухмал (бульбы, збожжавых). “Мы імкнёмся, каб новыя супрацоўнікі ўдзельнічалі ў інавацыйным “ланцугу” ад пачатку да канца: непасрэдна ад навуковага даследавання да камерцыялізацыі тэхналогіі. Магчыма, удасца Дзмітрый Лісоўсківырасціць спецыялістаў, якія рабілі б бізнес у навуцы”, — дзеліцца Уладзімір Віктаравіч.
Гаворка ідзе менавіта пра атрыманне абсалютызаванага, 99,8-працэнтнага этылавага спірту, прызначанага ў якасці дабаўкі для бензіну — дабаўкі, што зробіць аўтамабільнае паліва больш якасным. Гэта будзе першы беларускі прадукт такога кшталту, які адпавядае еўрапейскім стандартам. Спачатку плануецца пастаўляць яго ў краіны Еўрапейскага саюза.
Як вядома, у Еўрасаюзе дабаўляюць біякампаненты і ў дызель, і ў бензін у дырэктыўным парадку, што звязана з патрабаваннямі Кіёцкага пратакола аб ахове паветранага басейна. Доля біядабаўкі складае не менш за 10 %. А шэраг развітых краін, напрыклад, Данія, Швецыя ўвогуле маюць намер давесці працэнт біякампанента да 80 на 2020 год. “Словам, патрэба ў этылавым спірце як складніку маторнага паліва ў Еўропе вельмі высокая, таму актуальнасць змешанага паліва будзе толькі расці, — упэўнены эксперт. — Да слова: тона этылавага спірту на Ратэрдамскай біржы каштуе каля 700 еўра”.
У Беларусі нарматыўная база гарманізавана з еўрапейскай і спрыяе таму, каб выкарыстоўваць біядабаўкі ў паліўных сумесях. У дызелі — да 5 %, у бензіне — да 10 %. Але пытанне менавіта ў якасці (ці, як гавораць вучоныя, у кваліфікацыі) дабаўкі. Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод выпускае дабаўку алкілат, якая павышае якасць бензіну, але яна нафтавага паходжання. “Нашы заводы — Мазырскі НПЗ і полацкі “Нафтан” — пакуль не гатовы да вытворчасці бензінавых сумесяў з біядабаўкай у выглядзе абсалютызаванага этылавага спірту”, — канстатуе суразмоўца.
У той жа час на ўнутраным рынку мы назіраем тэндэнцыю адмаўлення ад нізкаякаснага маторнага паліва. А “падцягнуць” спажывецкія ўласцівасці бензіну да еўрапейскага ўзроўню можна простым спосабам: дадаваць этылавы спірт. Беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы маглі б выкарыстоўваць біяэтанол, напрыклад, у такой якасці.

Удыхнуць жыццё ў стагадовыя заводы

“Заўсёды, калі мы пачынаем новую навуковую распрацоўку, думаем аб канчатковым спажывальніку, — падкрэслівае У.В.Сімірскі. — Больш за тое, на працягу трох гадоў пасля яе камерцыялізацыі адсочваем, колькі і на якую суму выпушчана прадукцыі па нашай тэхналогіі, хто яе спажывае і г.д. Выручка павінна перавышаць аб’ём бюджэтнага фінансавання, выдзеленага на навукова-даследчую работу, не менш чым у чатыры разы”.
Менавіта пад канкрэтнага еўрапейскага пакупніка і пачалася “рэанімацыя” першага спіртзавода, які выступае сувыканальнікам інстытута па праекце. Ён належыць гаспадарцы “Кляновічы”, што ў Крупскім раёне Мінскай вобласці. Вызначылі наступнага партнёра — Эдуард Кудзелька.гэта завод “Азярцы” ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. У апошні час вучоныя пабывалі на васьмі такіх прадпрыемствах, каб ацаніць верагодныя перспектывы супрацоўніцтва.
Калі ўдыхнуць жыццё ў заводы ста-, а то і двухсотгадовага ўзросту, магчыма, вытворчасць першага беларускага біяэтанолу стала б перспектыўным бізнесам. Але сітуацыя пакуль вымушае таптацца на месцы: частка старых спіртзаводаў закрыта ці закансервавана. Іх прадукцыя не знайшла збыту ні ўнутры краіны, ні за яе межамі, а вось для вытворчасці этылавага спірту для паліва гэтыя прадпрыемствы маглі б быць прыдатнымі пры ўмове належнага аснашчэння. Каб давесці праект да паспяховага завяршэння, вучоныя НДІ ФХП не проста перадаюць сваю тэхналогію зацікаўленаму заводу. Яны распрацоўваюць тэхналагічны рэгламент вытворчасці біяэтанолу, праводзяць экспертную ацэнку абсталявання і нават шукаюць кадры.
“Наш вопыт работы з “Кляновічамі” і “Азярцамі” можна было б тыражаваць, — лічыць Уладзімір Сімірскі. — Такіх заводаў каля 75 у краіне, яны забяспечаны сыравінай са свайго рэгіёна. Некаторыя самі выходзяць на інстытут. Было б разумна іх падтрымліваць”.
Трэба дадаць, што тэхналогія, аб якой ідзе гаворка, — комплексная. Яна дазваляе з максімальнай карысцю выкарыстоўваць пабочную прадукцыю. Напрыклад, пасляспіртавая брага — гэта сыравіна для кармавых дабавак у жывёла-, птушкагадоўлі і рыбаводстве. Ёсць у даследчыкаў і ідэі, як пры вытворчасці біяэтанолу ашчадна спажываць ваду, як выкарыстоўваць вуглякіслы газ (яго ўтвараецца столькі ж, колькі і спірту). Усё пускаць у справу — у гэтым заключаецца адна з адметнасцей новай тэхналогіі. Да таго ж, яна лёгка адаптуецца пад розную сыравіну.

Будучыня біяпаліва… за саломай

Якая яшчэ сыравіна прыдатная для атрымання біяэтанолу?
“Вядома, што прыблізна на 30 % зямель краіны немэтазгодна весці сельскагаспадарчыя работы, бо не акупляюцца выдаткі, — адказвае У.В.Сімірскі. — На гэтых плошчах можна вырошчваць энергаэфектыўныя культуры, напрыклад, міскантус, тапінамбур. Адпаведныя эксперыменты мы вядзём у межах праекта “Энергетычны гектар”. З Батанічным садам выконваем праект па тапінамбуры. Клубні гэтай расліны ідуць на атрыманне этылавага спірту, лісце і сцябліны — на паліўныя гранулы, таму такія праекты вельмі хутка акупляюцца. Акрамя таго, у краіне шмат сапсаванага збожжа, якое не прыдатна для харчавання і нават для камбікармоў. А для вытворчасці этылавага спірту яно падыходзіць. Выдатная і вельмі перспектыўная сыравіна для атрымання біяэтанолу — салома збожжавых культур”.
Як ужо адзначалася, вучоныя ўпэўніліся, што з тоны саломы атрымліваецца 200 літраў этанолу. Зараз у сектары альтэрнатыўных відаў паліва пачынаецца праект, аналагічны таму, пра які мы расказалі, толькі ў якасці крыніцы для атрымання біяэтанолу ў ім разглядаецца лігна-цэлюлозная сыравіна, у прыватнасці, адзін з яе відаў — салома. НДІ ФХП ужо атрымаў бюджэтнае фінансаванне на гэтую распрацоўку.
Аб саломе ўвогуле асаблівая размова. Вучоныя інстытута навучыліся рабіць цвёрдае біяпаліва з гэтай сыравіны. Так, у 2012 годзе скончыўся праект па атрыманні паліўных гранул з рапсавай саломы. Пабудавана і працуе некалькі ўстановак, якія перапрацоўваюць салому ў цвёрдае паліва. Ідуць пастаўкі на экспарт. Уладзімір Сімірскі праводзіць паралель з новымі праектамі па біяэтаноле: маўляў, ёсць усе перадумовы для таго, каб ім таксама спадарожнічаў поспех.
Дарэчы, саламяныя гранулы — не толькі гатовае паліва, якое экспартуецца па 80 еўра за тону. Гэта яшчэ і сыравіна для абсалютызаванага этылавага спірту. Не забыліся вучоныя і пра пабочныя прадукты, якія выкарыстоўваюцца ў жывёлагадоўлі.
“У саломы ёсць неаспрэчныя перавагі, — канчаткова пераконвае Уладзімір Віктаравіч. — Кожны год яна ўзнаўляецца, яе колькасць вядома і гарантавана: каля 10 мільёнаў тон штогод, прычым бясплатна”.
Мара вучоных — камбайн, які адначасова выгружаў бы і збожжа, і грануляваную салому. А пакуль, лічаць яны, устаноўкі па выпуску цвёрдага біяпаліва гаспадаркі маглі б ставіць адразу на палях. Адсутнасць выдаткаў на сыравіну і яе перавозку — прыбытак звыш 100 працэнтаў! На думку Уладзіміра Сімірскага, ужо праз 2-3 гады сітуацыя з саломай карэнным чынам зменіцца. Калі пакуль гэтая сыравіна не запатрабавана аграрыямі, то хутка яе будзе не знайсці. Як зараз, напрыклад, драўнянае пілавінне, якое цалкам перапрацоўваецца.

Іна НІКІЦЕНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.