Глабальная ўборка — на карысць пасёлка

- 11:42Навіны рэгіёнаў

Нядаўна па ўсёй краіне прайшла маштабная экалагічная акцыя “Зробім!”. Любы жадаючы мог арганізаваць уласную групу добраахвотнікаў і навесці парадак у тых месцах, дзе гэта патрэбна. Не засталіся ў баку ад добрай справы навучэнцы і настаўнікі нашай установы. У гэты дзень мы вырашылі навесці парадак у сваім родным аграгарадку Ходасы.

Пакуль адны групы працавалі недалёка ад школы, іншыя прыбіралі тэрыторыю ў паркавай зоне пасёлка. Не забыліся мы навесці парадак і на Алеі Дружбы, якая была пасаджана навучэнцамі і настаўнікамі ў Міжнародны дзень зямлі, і каля помніка на брацкай магіле воінаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. У гэты дзень чысцей стала на спартыўнай пляцоўцы, якая была абсталявана пры фінансавай падтрымцы мясцовага прадпрымальніка Юрыя Падгурскага, а таксама на тэрыторыі зялёнай зоны, якая была створана дзякуючы сумеснай дзейнасці мясцовых жыхароў.

Каб прыцягнуць увагу да наведзенага парадку, мы ўсталявалі шчыт “Мы тут прыбралі! А вам слабо?”. Бо мала знішчыць звалку, трэба выхаваць у насельніцтва беражлівыя адносіны да экалогіі роднага краю. Можна ладзіць бясконцыя суботнікі па ўборцы тэрыторыі, але самым важным і складаным з’яўляецца змяненне стаўлення чалавека да навакольнай прыроды.

Увогуле, мы спадзяёмся, што такая экалагічная акцыя не толькі дапамагла ачысціць наш пасёлак ад смецця, але і дасць магчымасць сфарміраваць у людзей адказныя адносіны да таго месца, дзе яны жывуць. У якім свеце нам жыць, мы выбіраем самі. Калі кожны жыхар выйдзе і ачысціць тэрыторыю нават каля свайго дома, гэта ўжо будзе перамога! Бо многа маленькіх людзей, у мностве маленькіх гарадоў і вёсак, робячы малыя справы, у выніку мяняюць свет.

Тарэса СЯМЁНАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Ходасаўскай сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.