Глобус і экскурсія ў падарунак ад губернатара

Ранцы з усім неабходным для школы і салодкія падарункі сям’і Мушкавец з Гомеля ўручыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей прывёз падарункі для сям’і Мушкавец.

У сям’і чацвёра дзяцей. Дзіяна ідзе сёлета ў 6 клас, Рома — у 4-ты, а двайняткі Жэня і Ягор перахо­дзяць у 2 клас. Мама Таццяна Мікалаеўна выхоўвае іх адна. Кіраўнік вобласці дапамагае школьнікам не першы раз. Летась, як і цяпер, дзеці атрымалі новыя партфелі і добрыя пажаданні ад губернатара. Генадзь Салавей распытвае школьнікаў, як яны правялі канікулы, ці слухаюцца маму і бабулю, цікавіцца поспехамі кожнага і ўручае школьнікам партфелі, глобус, настольную гульню, іншыя прэзенты.

— Падраслі, пасталелі, — усміхаецца Генадзь Міхайлавіч. — Прыміце падарункі ад нашых спонсараў — арганізацый, якія матэрыяльна ўдзельнічаюць у акцыі “Збяром партфель першакласніку”.

Сям’я жыве ў адным з новых мікрараёнаў абласнога цэнтра. Кіраўнік вобласці расказаў, што тут ужо заклалі камень у падмурак новай школы. Гэта будзе сучасны, цікавы аб’ект з басейнам і рознымі пляцоўкамі. Завяршыць праектаванне плануецца ў лістападзе. Пасля гэтага адразу ж прыступяць да будаўніцтва такой неабходнай установы адукацыі. Дзеці прызналіся, што хацелі б у будучыні вучыцца ў новай школе.

— Такія візіты для нас — вялікае свята, — падзялілася ўражаннямі Таццяна Мушкавец. — Дзеці шчаслівыя, што ім столькі ўвагі. Я вельмі ўдзячна за падтрымку. Для нашай сям’і такая дапамога неацэнная. Удзячная і настаўнікам, і маім калегам, і кіраўніцтву на рабоце. Любое пытанне заўсёды вырашаецца. Вельмі радуе, што мнагадзетным сем’ям у нас столькі ўвагі.

Яшчэ адным падарункам для дружнай дзіцячай чацвёркі і іх мамы стала экскурсія ў інавацыйна-адукацыйны цэнтр бяспекі спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС.

Як расказалі ў галоўным упраўленні адукацыі Гомельскага аблвыканкама, акцыя “Збяром партфель першакласніку” накіравана на падтрымку дзяцей, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, цяжкай жыццёвай сітуацыі. Не застаюцца без увагі дзеці з мнагадзетных, апякунскіх, прыёмных сем’яў, інтэрнатных устаноў, дзеці-інваліды. Акцыя прадоўжыцца да канца жніўня. У яе актыўна ўключыліся структурныя падраздзяленні аблвыканкама, установы, арганізацыі, прадпрыемствы рэгіёна і прадстаўнікі бізнесу. Формы падтрымкі розныя. Гэта ўручэнне партфеляў, канцылярскіх прылад, школьнай формы, грашовая дапамога па месцы працы бацькоў. Акрамя таго, на 35 тысяч школьнікаў выплачана адначасовая матэрыяльная дапамога да навучальнага года. Выплаты працягваюцца.

Усяго ў рэгіёне 1 верасня за парты сядуць 17 262 першакласнікі, што на 650 дзяцей больш, чым у 2019 годзе.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Аляксея ГЕРАСІМЕНКІ, “Гомельская праўда”.