Глядзець на тое, што і ўсе, але па-свойму

Усе ведаюць, што новы год у эколагаў — даследчыкаў і абаронцаў прыроды — пачынаецца вясной, калі прырода робіць свой новы жыццёвы віток. Таму традыцыйна ў апошнія зімовыя дні Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства падводзіць вынікі работы юных эколагаў краіны за мінулы год. Сёлетні Рэспубліканскі конкурс навуковых біёлага-экалагічных работ (праектаў) навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі стаў ужо 31-м па ліку. Чым жыве сёння юннатаўская навука? Якія экалагічныя праблемы непакояць юныя розумы? Якія рашэнні прапануюць хлопчыкі і дзяўчынкі? Пра гэта даведваемся з месца экалагічных падзей.

Экалогія раслін, жывёл і гарадоў

Сёлета на конкурс было прадстаўлена 111 навукова-даследчых работ у 10 намінацыях: “Экалогія раслін і біяіндыкацыя”, “Экалогія жывёл”, “Экалогія ўрбанізаваных тэрыторый і рэсурсазберажэнне”, “Сучасныя агратэхналогіі”, “Вада і водныя экасістэмы”, “Эксперыментальная біялогія”, “Нана- і біятэхналогіі”. Новыя ў гэтым годзе секцыі — “Паветранае асяроддзе і змяненне клімату” і “Глебавыя рэсурсы і аграэкалогія”. Акрамя таго, прайшла традыцыйная абарона праектаў на англійскай мове па тэме “Навакольнае асяроддзе і экасістэмы”.

У секцыі “Экалогія раслін і біяіндыкацыя” было прадстаўлена 12 праектаў. У іх раскрыты тэмы вывучэння інвазіўных дрэў і кустоў у парках Брэста, асаблівасці росту і развіцця сумніку канадскага, пошук шляхоў захавання ўразлівых раслін: ландыша майскага, рэдкіх відаў архідэй, першацветаў, а таксама пошук раслін-вадалазаў (выпрабаванне розных відаў газона, здольных расці ва ўмовах падтаплення) і інш.

Пераможнае месца ў гэтай секцыі журы прысудзіла Міхаілу Шкурыну з Каменіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Асіповіцкага раёна (Магілёўская вобласць). Ён разам са сваёй настаўніцай біялогіі Алай Васільеўнай Шалыпінай некалі знайшоў недалёка ад свайго аграгарадка маленькую папуляцыю сон-травы. “Мы ўжо за гэтай сон-травой назіраем гадоў пяць, і з кожным годам яе становіцца ўсё менш і менш. Таму мы вырашылі не даць гэтай папуляцыі знікнуць і сталі збіраць насенне, высяваць яго і вырошчваць у сябе на прысядзібных участках у ёмістасцях і потым вяртаць у прыроду, рассаджваючы ў розных мясцінах”, — расказвае Міхаіл.

“У нас ужо 2 гады праводзяцца высадкі. У 2018 годзе мы высадзілі 42 расліны, а ў мінулым — ужо 212. У гэтым годзе чакаем, што расліны, якія высаджвалі першымі, зацвітуць, бо, толькі калі яны пачнуць самі рассявацца, мы спакойна выдыхнем”, — дадае настаўніца.

Пераможцы бягучага года атрымаюць магчымасць прадстаўляць сваю работу на міжнародных конкурсах і алімпіядах па экалогіі. У папярэднія гады пераможцы гэтага конкурсу дастойна выступалі ў Расіі, Грузіі, Нідэрландах, ЗША, Бразіліі, Інданезіі і Турцыі. Усяго з 1994 года ўдзельнікі міжнародных алімпіяд і конкурсаў па экалогіі і біялогіі заваявалі 71 медаль, у тым ліку 23 залатыя, 23 сярэбраныя, 25 бронзавых і адно гран-пры. Многія з аўтараў работ звязалі сваё жыццё з навуковай дзейнасцю.

Аркадзь Мікалаевіч Скуратовіч, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі, член журы ў гэтай секцыі, гаворачы пра галоўныя дасягненні дакладчыкаў у сваёй секцыі, заўважае: “У гэтым годзе ўжо не было “абарон кандыдацкіх дысертацый”, а былі работы годнага школьнага ўзроўню. Шмат было новага і цікавага — я спісаў сабе цэлы аркуш уборыстым почыркам. Гэта намёткі будучай работы і для мяне асабіста, і для навукі ў цэлым. Былі выказаны гіпотэзы, якія мы ў аўдыторыі вырашыць нават не змаглі — пакінулі на пасля”.

А вось эксперты з секцыі “Экалогія жывёл” былі крыху разгублены. Леанід Сцяпанавіч Чумакоў, кандыдат біялагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі, гаворыць: “У нашай секцыі было таксама 12 работ, але мяне гэтая лічба не радуе, бо літаральна некалькі гадоў назад на гэтым жа конкурсе колькасць работ дасягала 20 і нават 24 работ. Так, захапленні ў дзяцей розныя, ды і коль­касць секцый павялічваецца, але бяда ў тым, што змянілася структура даследчых работ. Я шмат гадоў выступаю членам журы на гэтым конкурсе, але сёлета ўпершыню не адзначыў для сябе нічога новага. Работы сталі намнога прасцейшымі, чым у папярэднія гады, кіраўнікі (а іх усіх я ўжо за столькі гадоў добра ведаю) узялі зусім нізкую планку. У шэрагу выпадкаў проста ідуць паўторы работ, пачатых раней іншымі дзецьмі. У гэтым годзе канкурсанты звярнулі ўвагу на насякомых, пераважна матылёў, былі водныя жукі, клапы і птушкі. У гэтым годзе пад увагу трапілі дамавы сычык, варона — аб’ект, мякка кажучы, патрапаны, але, тым не менш, былі знойдзены цікавыя факты з іх жыцця. Вось і ўсё. І гэта пры тым, што па птушках заўсёды было шмат работ, вельмі грунтоўных, асабліва з Барысава. Усё, што я магу выдзеліць на фоне іншых, гэта работа, у якой нам прадэманстравалі маленькі прыборчык, які фіксуе ўсе гукі кажаноў, і па гэтых гуках можна іх знайс­ці. Ня­дрэннай была работа па вывучэнні матылькоў у Мінску і наваколлі, у якой аўтар звярнуў і сваю, і нашу ўвагу на тое, што матылькоў у сталіцы засталося зусім мала”.

У секцыі “Экалогія ўрбанізаваных тэрыторый і рэсурсазберажэнне” сфера даследаванняў была шырэйшай. Тут разглядаліся ўплыў гарадскіх звалак на відавы склад птушак, паляпшэнне ўзаемаадносін птушак і гарадскога насельніцтва, спосабы рэгулявання колькасці грачоў у гарадах і інш. Было прадстаўлена цікавае адкрыццё: вусені матылёў агнёвак (разнавіднасць молі) могуць харчавацца поліэтыленам, таму тэарэтычна аўтар спадзяецца, што разгадка ўласцівасцей іх страўніка і стварэнне падобнага па складзе рэчыва можа стаць першым крокам да пазбаўлення ў перспектыве ад поліэтыленавага смецця на звалках.

Самай лепшай журы палічыла работу 11-класніцы Марыі Лаўрыва, навучэнкі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства (кіраўнік І.А.Русскіх). Яна прапанавала падаўжаць тэрміны прыдатнасці кісламалочных прадуктаў біятэхналагічнымі спосабамі. У прыватнасці, даказала, што малочнакіслыя бактэрыі могуць стаць выдатнымі біякансерватарамі малака, смятаны і прастаквашы.

Ад аднапакаёвак для пчол да саўны для смаўжоў

Сёлета вялікая ўвага была ўдзелена распрацоўкам у секцыі “Сучасныя агратэхналогіі”, якая з’яўляецца звязкай тэарэтычных даследаванняў і практыкі. Тут школьнікі параўноўвалі розныя спосабы вырошчвання гібрыдаў кавуноў і экалагічна чыстых таматаў, знайшлі хваробу, на якую кожнае лета хварэюць ружы ў разарыі Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі, высветлілі, якія пароды кур-нясушак самыя прадукцыйныя, і інш.

Адным з самых цікавых і практыка-арыентаваных быў праект Аліны Нупрэйчык з Заастравецкай сярэдняй школы Клецкага раёна. Разам са сваёй настаўніцай біялогіі Ліліяй Сцяпанаўнай Будко яна распрацавала інавацыйную тэхналогію апылення буякоў высакарослых — з дапамогай дзікіх адзіночна жывучых пчол осмій. Дзяўчынка дасканала даследавала гэтых насякомых, навучылася іх разводзіць у спецыяльных гняздоўях і даказала карысць ад іх апылення на плантацыі буякоў, тым самым прадставіўшы альтэрнатыву прывычным, але цяпер ужо рэдкім чмялям.

Самыя высокія ўзнагароды журы прысу­дзіла Ганне Владыка, навучэнцы РЦЭіК, за яе інавацыйны спосаб паставіць фітапатагенны грыб з яго інсектыцыднымі ўласцівасцямі на абарону раслін ад насякомых-шкоднікаў.

Экспертны склад у гэтый секцыі ўзначальваў Алег Георгіевіч Давыдзенка, доктар біялагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі, загадчык лабараторыі нехрамасомнай спадчыннасці Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі. “У нашай секцыі школьнікі прадставілі свае работы, якія так ці інакш уплываюць на павелічэнне вытворчасці раслінаводчай прадукцыі, што магло б быць вельмі карысным фермерам. Работы былі вельмі роўныя, складана было вызна­чыць пераможцаў, таму мы ўлічвалі і ўклад у работу аўтара, бо часам дакладчык усяго толькі расказаў пра работу, у якую была ўцягнута ўся школа. Напрыклад, цудоўная работа па вырошчванні суніц садовых у гімназіі № 5 Баранавіч. Там  вырошчваюць суніцы ў цяпліцах і за год атрымліваюць 3 ураджаі. Для гэтага выкарыстоўваюць цікавыя тэхналогіі: аўтаматычны паліў і інтэлектуальнае асвятленне, для абагрэву цяпліцы — сонечную энергію, выпрацаваную панэлямі на даху цяпліцы, а градкі ў іх — надземныя вертыкальныя калоны. Але відавочна, што гэта заслуга не толькі дакладчыка, але і настаўнікаў фізікі, біялогіі, якія шмат чаго па сваёй частцы зрабілі, іншых навучэнцаў і, канечне, спонсараў, якія для гэтых школьнікаў стварылі ўсе ўмовы для работы”, — гаворыць Алег Георгіевіч.

У секцыі “Вада і водныя экасістэмы” канкурсанты прадставілі работы па экалагічнай ацэнцы саджалак і азёр Беларусі метадам біяіндыкацыі, а таксама вынікі праведзенай ацэнкі забруджвання мікрапластыкам вадаёмаў і яго ўплыву на жывыя арганізмы. Цікавыя былі работы, у якіх даследавалася якасць пітной вады з розных крыніц водазабеспячэння. Самай грунтоўнай і карыснай журы палічыла работу Юльяна Ністара, 9-класніка з сярэдняй школы № 16 Пінска. Ён ужо 3 гады цікавіцца іхтыялогіяй і роўна столькі прысвяціў вывучэнню ратана-галавешкі.

“Гэта чужародны, інвазіўны від рыбы, які трапіў у вадаёмы ўсёй Беларусі. Толькі на вадаёмах Піншчыны мы даследавалі больш за 500 асобін — гэта мізэрная частка ад агульнай колькасці. Галоўная яго небяспека ў тым, што ён харчуецца моладдзю абарыгенных рыб і тым самым хутка выцясняе іх, а таксама з’ядае заапланктон, чым асуджае малькоў, якія засталіся ў жывых, на галодную гібель. Прычым ратан-галавешка з’ядае ўсіх малькоў без разбору, імкнучыся жыць у возеры з прадстаўніцтвам рыб толькі свайго віду. Сутнасць майго праекта ў тым, каб даведацца, як пазбавіцца гэтага чужака ў нашых вадаёмах. З 2017 года мы вядзём улік колькасці папуляцыі. Яна, на жаль, імкліва расце, бо нерастуецца некалькі разоў за вясну і да канца чэрвеня. Самы дзейсны спосаб, на нашу думку, — купіць драпежных рыб і запусціць іх у азёры. Ратан-галавешка з’яўляецца харчовым аб’ектам для драпежных відаў рыб, такіх як акунь, судак, шчупак, сом, мянёк. Таму на рыбаводчых прадпрыемствах можна выкарыстоўваць гэты інвазіўны від як кармавую базу для гэтых рыб. Для прыкладу можна прывесці вадасховішча Пагост, дзе ў 2018—2019 гадах адзначалася зніжэнне колькасці ратана-галавешкі ў пробах, а таксама ў рацыёне драпежных відаў рыб. У той жа час мы высветлілі, што значна ўзрасла колькасць папуляцыі судака ў гэтым вадаёме, для якога гэты інвазіўны від — аснова рацыёну. Але важна праводзіць зарыбленні, зыходзячы з аналізу тыпу вадаёма і ўмоў пражывання ў ім, а таксама ўлічваць ужо існуючы відавы склад іхтыяфаўны”.

Праблема ратана-галавешкі не адзінае, што хвалюе хлопца. Пад яго ўвагу трапіў і яшчэ адзін іншаземец — амерыканскі паласаты рак, які імкліва выцясняе ў нас абарыгенныя віды ракаў — шырока- і вузкапалага. Відаць, гэта будзе тэмай наступнай навуковай работы Юльяна.

Алена Уладзіміраўна Ануфровіч, дырэктар РЦЭіК: “У гэтым годзе наша ўстанова будзе святкаваць 90-гадовы юбілей. І гэты 31-ы па ліку конкурс — пэўнае дасягненне і нашай установы, і сістэмы экалагічнай адукацыі краіны ў цэлым. Штогод нашы канкурсанты становяцца лаўрэатамі і стыпендыятамі спецыяльнага фонду прэзідэнта. Толькі ў мінулым годзе тры нашы навучэнцы сталі лаўрэатамі і 40 школьнікаў атрымалі прэміі”.

Не сакрэт, што эксперымент — адзін з самых дзейсных метадаў даследавання ў любой навуцы. Менавіта дзякуючы яму, правяраюцца гіпотэзы, мадэлююцца сітуацыі развіцця і мы можам рухацца ў патрэбным кірунку. Таму секцыя “Эксперыментальная біялогія” традыцыйна ўразіла журы. Школьнікі расказалі і паказалі вынікі сваіх эксперыментаў па стварэнні біяўпакоўкі з крапівы, згатавалі закваскі і малочнакіслыя прадукты на аснове кавы, даказалі ўнікальныя ўласцівасці муцыну (ці слізі) смаўжа Ахаціна для загойвання і аднаўлення скуры і навучыліся яго здабываць для наступных этапаў развіцця праекта.

“Асноўны спосаб атрымання муцыну на вытворчасці ў касметалогіі — гэта фізічнае ўздзеянне на малюскаў (трасенне і кручэнне), што і прыводзіць да выпрацоўкі “стрэсавай” слізі. Залозы смаўжа пачынаюць інтэнсіўна выпрацоўваць муцын. Мы ж стварылі прыбор, які дазваляе атрымліваць муцын больш ашчадным спосабам. Доследным шляхам мы высветлілі, што эфектыўным будзе ўздзеянне на смаўжа высокімі тэмпературамі, што можна параўнаць з саўнай для людзей. У створаным прыборы мы паднімаем тэмпературу паветра і вільготнасць, што прыводзіць да стымулявання выпрацоўкі муцыну”, — гаворыць аўтар Надзея Дарашкова, 8-класніца з сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля.

Перамогу ў гэтай намінацыі аддалі Паліне Ціцішынай, 11-класніцы з сярэдняй школы № 47 Мінска, якая мадыфікавала светлавы рэжым культывавання гаспадарча каштоўных відаў водарасцей, падабраўшы аптымальны фотаперыяд і крыніцы асвятлення для павелічэння іх антыаксідантных уласцівасцей.

У секцыі “Нана- і біятэхналогіі” дзеці вывучалі ўласцівасці складаных комплексаў біялагічна актыўных рэчываў, стваралі порыстыя біяраскладаемыя і антымікробныя рэчывы, якія загойваюць раны, “настройвалі” глебавыя бактэрыі супраць узбуджальнікаў фітафтарозу, пераўтваралі грыбы ў біядызельнае паліва і на аснове грыбоў трыхадэрма стваралі “элексір урадлівасці”.

Неба і зямля

Удзельнікі секцыі “Паветранае асяроддзе і змяненне клімату” вывучалі ўплыў чыгуначнага транспарту на фарміраванне фітацэнозаў. Пасля вывучэння асаблівасцей ветравога рэжыму Брэсцкай і Віцебскай абласцей юныя навукоўцы зрабілі свае высновы наконт развіцця тут ветраэнергетыкі і інш. Напрыклад, Ганна Дзегцярова, 9-класніца з Гомеля, зрабіла аналіз мікрабіялагічнага стану паветра, якое падаецца электрычнымі сушылкамі ў туалетах вучэбных карпусоў Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, і даказала, што такія сушылкі ў грамадскіх туалетах — распаўсюджвальнікі розных тыпаў бактэрый.

Самай грунтоўнай журы палічыла работу Аляксея Богдана, юнага кліматолага з гімназіі № 5 Брэста, які прааналізаваў дынаміку змяненняў клімату ў Брэсце за перыяд з 1945 па 2018 год і выказаў свае прапановы, як гэтыя змяненні можна выкарыстоўваць з карысцю.

Канстанцін Фёдаравіч Саевіч, доктар біялагічных навук, прафесар кафедры фізіка-хіміі матэрыялаў і вытворчых тэхналогій БДЭУ, звяртаючыся да юных эколагаў са сцэны, сказаў: “Я больш за 20 гадоў у журы гэтага конкурсу і магу адзначыць, што ўзровень работ толькі павышаецца. У маёй секцыі зноў было шмат годных работ. Сваімі работамі вы нас, членаў журы, не проста парадавалі, а сваімі маленькімі далонькамі па сэрцы пагладзілі. І калі мой калега сказаў, што ў яго не было ніводнай “кандыдацкай”, дык вось у нашай секцыі была “магістарская”, і не адна. Хаця некаторым аўтарам трэба яшчэ шмат чаму павучыцца. Напрыклад, дзеці вывучалі дрэвастой у Мінску і яго прадукцыйнасць і звязвалі гэта з забруджваннем навакольнага асяроддзя. Так, вы яшчэ мала ў навуцы, таму можаце і не ведаць, што нельга вылучаць і даследаваць фактар, калі не вывучаны іншыя ўмовы: невядомы хімічны і механічны склад глебы, не ўлічана ружа вятроў, ды і спецыяльнага аналізу па розных рэчывах, якія забруджваюць атмасфернае паветра, не праводзілася. Тым не менш нават такая работа — гэта крок наперад. Няхай і першы”.

Як паменшыць колькасць харчовых адходаў і як змагацца з забруджваннем глебы свінцом? Якія народныя біялагічныя стымулятары росту павышаюць прыжывальнасць раслін? Як знізіць адмоўныя наступствы тэхнагенезу, палепшыць глебу і зрабіць яе прыгоднай для эказемляробства? На гэтыя і іншыя пытанні свае адказы давалі ўдзельнікі секцыі “Глебавыя рэсурсы і акаэкалогія”.

Пераможцай у гэтай секцыі стала Ксенія Барысавец, навучэнка 7 класа гімназіі Петрыкава. Яна расказала: “Мая мама і бабуля вельмі любяць гатаваць. Да іх паціху далучаюся і я. І летам, калі мы шмат гатуем з агародніны і садавіны, я стала заўважаць, колькі арганічных адходаў трапляе ў нашу сметніцу. Мы прывыклі ўжо асобна збіраць паперу, шкло, пластык, батарэйкі, а вось чамусьці пра харчовыя і бытавыя адходы забываем, і яны штодзень у вялізных маштабах папаўняюць нашы звалкі. Чаму мы знайшлі месцы для кантэйнераў для шкла, паперы і пластыку, адвялі гіганцкія тэрыторыі для звалак, але не можам знайсці месца для перапрацоўкі харчовых адходаў? Я вырашыла паспрабаваць у школьных маштабах зрабіць свае першыя крокі ў гэтым кірунку. Прапанавала як варыянт вермікампаставанне (ператварыць адходы ў кампост мне “дапамагалі” каліфарнійскія чэрві). Мы за перыяд з лістапада і да сённяшняга дня атрымалі больш за 300 кілаграмаў кампосту і развялі шмат саміх чарвей. На гэтай аснове заснавалі школьную бізнес-кампанію, толькі насельніцтву раёна мы прадаём не “рыбу”, а “вуду” — не кампост, а чарвей. І пры гэтым разгарнулі інфакампанію і расказваем мясцоваму насельніцтву ўсе тонкасці вермікультуры”.

У англійскай трактоўцы

Удвая складаней прыйшлося ўдзельнікам секцыі “Навакольнае асяроддзе і экасістэмы”, бо абарона тут праводзілася на англійскай мове. Журы ацэньвала не толькі навуковасць работы, але і яе практычную значнасць, уменне дакладчыка прэзента­ваць матэрыял правільна і адказаць на дадатковыя пытанні па тэме.

Настасся Рубніковіч, навучэнка РЦЭіК (педагог Алеся Аляксандраўна Шавялёва), другі год прадстаўляе ў фінале конкурсу ўласна распрацаваныя на аснове міцэлію грыбоў два інавацыйныя матэрыялы: мікаскуру, якая можа стаць экалагічнай заменай натуральнай скуры і скуразамяняльнікам, і мікабрыкеты з дабаўленнем пілавіння — экаальтэрнатыву ДСП, ДВП і пенапласту. Толькі гэтым разам Насця распрацавала калекцыі гэтых матэрыялаў і пратэсціравала іх на трываласць, вільгацеўстойлівасць, цеплаправоднасць, прасканіравала з дапамогай электроннага мікраскопа. “Я спадзяюся, што мой праект будзе дапамагаць развіваць экакультуру ў нашай краіне, трымаць яе на годным узроўні і дапаможа перайсці ад таксічных і шкодных матэрыялаў да больш экалагічных і біяраскладаемых”, — гаворыць даследчыца.

Пераможцам у гэтай намінацыі стаў Антон Карповіч, таксама навучэнец РЦЭіК, які пад кіраўніцтвам Івана Анатольевіча Русскіх працягнуў вывучэнне чорнанасенных культур (гэты кірунак ужо некалькі гадоў з’яўляецца брэндам у іх навуковым аб’яднанні па інтарэсах “Генетыка і селекцыя”). “Афарбаваная ў цёмныя адценні кукуруза — трэнд сённяшняга і заўтрашняга дня. Яна з’яўляецца асновай для функцыянальнага харчавання чалавека, калі ежа — крыніца не толькі калорый, але і цэлага комплексу карысных рэчываў. Цёмны колер кукурузы сведчыць аб высокім узроўні ўтрымання антацыянаў — пігментаў, якія таксама ўтрымліваюцца ў чарніцах, ажыне, вішні і многіх іншых карысных прадуктах. Чым цямнейшая афарбоўка кукурузы, тым больш у ёй карысці. Праект жа быў прысвечаны вывучэнню спосабу ацэнкі ўтрымання антацыянаў без разбурэння зярняўкі. Дастаткова яе проста сфатаграфаваць”, — гаворыць І.А.Русскіх.

З ліку пераможцаў і прызёраў секцыі “Навакольнае асяроддзе і экасістэмы” будзе створана каманда, якая прадставіць Беларусь на міжнародных конкурсах і алімпіядах па экалогіі ў бягучым годзе.

Пазнаёміўшыся са зместам конкурсных работ, Эдуард Валянцінавіч Тамільчык, начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі, адзначыў, звяртаючыся да канкурсантаў: “Дзякуй, што вы думаеце, развіваецеся, не стаіце на месцы, не абмяжоўваецеся першымі поспехамі (бо за плячыма многіх з вас ужо шмат перамог), а шукаеце новыя варыянты вырашэння розных экалагічных праблем. У сваіх даследаваннях вы чарговы раз прадэманстравалі свае інавацыйныя падыходы, якія, упэўнены, будуць актуальныя не толькі ў межах Беларусі, але і ў цэлым для вырашэння экалагічных праблем усяго свету”.

Паглядзець, як працуюць сапраўдныя вучоныя, юныя навукоўцы змаглі, наведаўшы з экскурсіямі Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах, Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя, Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі, Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, а таксама Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

Алег Георгіевіч Давыдзенка падкрэсліў, што высокі навуковы ўзровень работ школьнікаў у многім заслуга і самой сістэмы экалагічнай адукацыі краіны: “Магчымасці ў сённяшніх школьнікаў намнога большыя, чым раней. Мы 20 гадоў назад не маглі паставіць ніводнага мікрабіялагічнага доследу, бо нічога не было: ні кубкаў Петры, ні асяроддзя, ні мікраскопаў. І мы ха­дзілі ў інстытуты, у сябе рабілі тэарэтычна, а там — практычна. Зараз усё можна зрабіць у большасці школ, не кажучы ўжо пра экалагічныя цэнтры. Ні ў адной краіне свету няма нічога падобнага да іх, і асабліва да Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Дзякуючы такім конкурсам і канферэнцыям, мы і гадуем вучоных. Напрыклад, сярод членаў журы гэтага конкурсу пяцёра — выпускнікі майго гуртка, былыя юннаты. Цяпер яны — кандыдаты навук, узначальваюць розныя навуковыя кірункі і ўжо самі пра­цуюць з дзецьмі”. Звяртаючыся са сцэны да аўдыторыі, А.Г.Давыдзенка сказаў: “Асаблівая мая ўдзячнасць сельскім настаўнікам, якія падрыхтавалі сённяшніх дзяцей з такімі добрымі работамі, паказалі ім, як рабіць навуковую работу нават на простых рэчах, якія ў іх ёсць. Няма лабараторыі — затое ёсць вуллі з пчоламі, што таксама дазваляе выка­наць грунтоўную і цікавую работу”. Юным навукоўцам Алег Георгіевіч даў такую параду: “Глядзіце на тое, на што глядзяць усе, але толькі сваім, адметным позіркам, позіркам навукоўца”.

Наталля Паўлаўна Максімава, старшыня журы, доктар біялагічных навук, прафесар і загадчык кафедры генетыкі біялагічнага факультэта БДУ, расказала: “Я шмат гадоў прымаю ўдзел у такіх конкурсах, у свой час 12 гадоў узначальвала журы рэспубліканскай біялагічнай алімпіяды сумесна з Міністэрствам адукацыі Беларусі, разам з яе пераможцамі 12 гадоў ездзіла на міжнародныя алімпіяды. За гэты час мы атрымалі каля 30 залатых медалёў, каля 60 сярэбраных і не менш бронзавых. Мы прадэманстравалі ўсяму свету, што ёсць наша краіна, а ў ёй шмат вучоных-біёлагаў і шмат таленавітых школьнікаў. Беларусь уваходзіць у дзясятку лепшых краін свету па выступленнях на міжнароднай біялагічнай алімпіядзе. Упэўнена, што і сярод вас шмат такіх зорак. Але, акрамя перамог, якія, упэўнена, вас чакаюць, хачу пажадаць вам у далейшым прысвяціць сваё жыццё экалогіі і біялогіі і папоўніць нашу вялізную кагорту біёлагаў і эколагаў Беларусі. У вас шмат дарог у нашу навуку, але хачу звярнуць увагу на самую вузенькую, але такую неабходную для айчыннай навукі, сцежку, дзе трэба наладзіць сувязь экалагічнай навукі з геномікай і малекулярнай генетыкай. Такой цеснай сувязі пакуль у нас няма, і я спадзяюся, што менавіта вы праз некалькі гадоў пракладзяце дарожку ў гэты новы кірунак экалогіі”.

Поўны спіс пераможцаў і прызёраў конкурсу глядзіце на сайце РЦЭіК.

Святлана НІКІФАРАВА.