Глядзець наперад і не спыняцца на дасягнутым

- 9:30Людзі адукацыі

Дэлегатам VІ Усебеларускага народнага сходу была абрана настаўніца беларускай мовы і літаратуры Атраднаўскай сярэдняй школы Любанскага раёна Мінскай вобласці Ірына Аляксандраўна Ленская. У сваім рэгіёне і не толькі яе ведаюць як прафесіянала сваёй справы, дэпутата Рачэнскага сельвыканкама, клапатлівую маці і неабыякавага чалавека, які шчыра любіць свой родны край.

У працоўнай кніжцы Ірыны Аляксандраўны толькі адзін запіс. І гэта не збег шчаслівых абставін, а свядомы выбар чалавека, які захацеў звязаць свой лёс менавіта з малой радзімай і роднай школай. У прафесію педагога Ірына Аляксандраўна аднойчы і назаўсёды ўлюбілася яшчэ ў дзяцінстве дзякуючы сваёй настаўніцы пачатковых класаў Атраднаўскай школы Валянціне Аляксандраўне Трубчык. Дзяўчына ўпэўнена рухалася да сваёй мары. Пасля заканчэння 9 класаў перайшла ў любанскую сярэднюю школу № 3. Там на той момант якраз быў педагагічны клас. Пасля вучобы ў ім паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

Ужо 24 гады Ірына Аляксандраўна выкладае беларускую мову і літаратуру ў Атраднаўскай школе. Сёння з усмешкай прыгадвае: спачатку хвалявалася, як у новай якасці яе будуць успрымаць аднавяскоўцы, настаўнікі, вучні. Тады яна раз і назаўсёды засвоіла жыццёвую мудрасць: “Кадры вырашаюць усё”. Гэта сапраўды так: калі ў калектыве сабраліся прафесіяналы, справа спорыцца, а навічкам ёсць у каго пераймаць вопыт. Ірыну Аляксандраўну з самага пачатку прафесійнай дзейнасці ўразілі цеплыня, паразуменне і падтрымка з боку калег. Такія адносіны яшчэ больш натхнялі на тое, каб самааддана працаваць на роднай зямлі.

Жыццё ляціць год за годам, пакідаючы ў душы радасць і задавальненне ад любімай працы. Сёння ўжо Ірына Аляксандраўна дзеліцца сваім багатым вопытам. Яе прафесійнае крэда: “Вучыць з любоўю, глядзець наперад і не спыняцца на дасягнутым”. Адным з прыярытэтных кірункаў  яе педагагічнай дзейнасці стала даследчая работа. Яе вучні неаднаразова займалі прызавыя месцы на абласных конкурсах работ даследчага характару,  паспяхова прымалі ўдзел у рэспубліканскіх.

— З самага пачатку адной з важных задач, якую я імкнулася рэалізаваць на ўроках беларускай мовы і літаратуры, было фарміраванне лінг­вакультуралагічных кампетэнцый у вучняў, — расказвае настаўніца. — Нам нельга адрывацца ад самабытнай нацыянальнай культуры. Таму пачынаючы з 5 класа паступова ў­збагачаю лексіку дзяцей словамі, якія з’яўляюцца адметнымі і падкрэсліваюць нашу ўнікальнасць як народа. Акрамя таго, разам з вучнямі мы часта хадзілі ў этнаграфічныя вандроўкі і вывучалі краязнаўчы матэрыял. Запісвалі, як спяваюць бабулі, чым адрозніваецца гаворка прыезджых людзей…

З часам назапасілася шмат матэрыялаў краязнаўчага характару. Лагічным працягам гэтай дзейнасці стала даследчая праца, для якой у вучняў сфарміраваны неабходныя кампетэнцыі. Даследчыя работы былі прысвечаны пісьмоваму фальклору, каляндарна-абрадавай паэзіі, дыялектнай лексіцы, мікратапонімам, прозвішчам і мянушкам людзей свайго рэгіёна… Апошнім часам у цэнтры нашай увагі сучасная літаратура.

Ірына Аляксандраўна стараецца лёгка і неназойліва далучаць вучняў 5—8 класаў да сур’ёзнай даследчай працы. Выбар тэматыкі прадастаўляе дзецям, інакш ім не будзе цікава працаваць. Калі вучні ўжо ў першы год бачаць свае поспехі, адчуваюць задавальненне ад зробленага, то самі задаюць пытанні: “А што мы яшчэ можам даследаваць?  З чаго будзем пачынаць?”

Яшчэ адным важным кірункам дзейнасці Ірыны Аляксандраўны стала далучэнне высокаматываваных вучняў да алімпіяднага руху. Так, адзінаццацікласніца Валерыя Кіпель выдатна праявіла сябе ў даследчай дзейнасці і штогод паказвае добрыя вынікі яшчэ і на алімпіядах. Увогуле ж на працягу сямі апошніх гадоў вучні Ірыны Аляксандраўны з’яўляюцца пераможцамі другога этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і ўдзельнікамі трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. Сёлета радасць была двайной: дыплом ІІІ ступені абласной алімпіяды прывезла дачка настаўніцы Настасся.

— З 5 класа раблю акцэнт на падрыхтоўцы да алімпіяды дзяцей, у якіх ёсць асаблівая зацікаўленасц­ь у маіх прадметах, — расказвае настаўніца. — Імкнуся навучыць дзіця вучыцца, бо тут вельмі многае залежыць менавіта ад самастойнай працы. Я задаю кірунак, правяраю выкананыя заданні, звяртаю ўвагу на слабыя месцы і падказваю, як іх выправіць. Інакш, калі даць інфармацыю ў гатовым выглядзе, дзіця яе не запомніць у патрэбным аб’ёме. А калі яно прапусціць усё праз сябе падчас самастойнай працы, то яго здабыткам стануць трывалыя веды.

Немагчыма паспяхова працавац­ь у школе, калі не ўдалося знайсці агульную мову не толькі з вучнямі, але і з іх бацькамі. Ірына Аляксандраўна пераканана: заваяваць давер можна толькі ў тым выпадку, калі твае словы не разыходзяцца са справамі. Ва ўсіх дасягненнях сваіх вучняў яна бачыць не толькі заслугу дзіцяці і сваю, але і ўклад бацькоў, якія падтрымліваюць ва ўсіх пачынаннях свайго сына ці дачку.

Ірына Аляксандраўна сумесна з калектывам, да якога даўно прыкіпела душой, сваёй шматграннай, карпатлівай працай імкнецца да галоўнага — дапамагчы сённяшнім вучням паспяхова стартаваць у будучым сама­стойным жыцці, знайсці сваё месца ў грамадстве, рэалізавац­ь свае здольнасці. Так, традыцыйна лепшыя творчыя работы школьнікаў адпраўляюцца ў раённую газету “Голас Любаншчыны”. У выніку камусьці гэта дапамагае вызначыцца з прафесіяй. Адна з былых вучаніц, артыкулы якой у свой час пачалі друкаваць такім чынам, вырашыла стаць журналістам і зараз працуе ў мясцовай раённай газеце. Яшчэ адна выпускніца Атраднаўскай школы зараз набывае такую кваліфікацыю.

Як класны кіраўнік Ірына Аляксандраўна выпусціла тры класы. Ва ўсе часы прыярытэтнымі для яе былі тры вектары: маральна-этычнае, патрыя­тычнае і прафесійнае выхаванне.

Заўсёды радасная для Ірыны Аляксандраўны падзея — сустрэча з былымі вучнямі. Прыемна бачыць, што яны змаглі знайсці сябе ў жыцці, сталі добрымі людзьмі. Нярэдка ад выпускнікоў даводзіцца чуць, што яны памятаюць яе парады, што яе наказы засцераглі іх ад нейкіх памылак. У такія каштоўныя моманты ў настаўніцы быццам крылы вырастаюць, бо  прыходзіць разуменне: яна ўсё зрабіла правільна.

За гады працы ў скарбонцы настаўніцы назбіралася шмат узнагарод: і Любанскага райвыканкама, і галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. У мінулым годзе яна была адзначана граматай Міністэрства адукацыі. Для Ірыны Аляксандраўны гэта не толькі высокая ацэнка яе прафесіяналізму, а найперш  абавязак і далей працаваць гэтак жа плённа.

Як вясковы жыхар, дэпутат Рачэнскага сельвыканкама Ірына Аляксандраўна не па чутках ведае пра тое, што найбольш хвалюе яе аднасяльчан. Адной з самых вострых праблем яна лічыць замацаванне ў сельскай мясцовасці маладых спецыялістаў. На жаль, у большасці выпадкаў яны адпрацоўваюць неабходны тэрмін і імкнуцца ў вялікія гарады. Неабходна захоўваць і развіваць інфраструктуру, вырашаць жыллёвыя пытанні, адным словам, рабіць усё магчымае, каб моладзь пускала карані ў малых населеных пунктах. Для Ірыны Аляксандраўны вельмі важна, каб беларуская вёска жыла і ў ёй былі шчаслівыя, задаволеныя людзі.

Таццяна ШЫМКО.