“Глядзi, бяры, чытай, кнiгу далей перадай!”

“Буккросiнг” — новы падыход да чытання i выбару кнiгi. Праект быў заснаваны 21 красавiка 2001 года. За гады iснавання набыў амаль 2 мiльёны ўдзельнiкаў. Вялiкая колькасць прыхiльнiкаў буккросiнгу — i сярод беларускай моладзi.

Напярэдаднi дня святкавання 17-й гадавiны праекта “Буккросiнг” вучнi сярэдняй школы № 27 Гродна прадставiлi праект “BooksBox”. Праект заснаваны i дзейнiчае ў адпаведнасці з правіламі мiжнароднага руху “Буккросiнг”.

“BooksBox” — гэта кнiжная палiца, заснаваная вучнямi ў адным з вучэбных кабiнетаў школы з мэтай папулярызацыi чытання кнiг, у тым лiку i на англiйскай мове. Вучнi школы з задавальненнем удзельнічаюць у новым праекце. Цяпер палiца налiчвае каля трох дзясяткаў кнiг мастацкай лiтаратуры на англiйскай мове. Праект мае мабiльны дадатак, распрацаваны вучнямi школы, якi прапаноўвае яго ўдзельнiкам адпаведную iнфармацыю пра кнiгі на палiцы, кнiгi для анлайн-чытання i старонку для абмену каментарыямi, меркаваннямi.

Ганна МIКЛАШЭВІЧ,
настаўніца сярэдняй школы № 27 Гродна.