Падчас правядзення маладзёжнага фестывалю “Кіруй сваім лёсам!”, які праходзіў у Ходасаўскай сярэдняй школе ў рамках Тыдня ўстойлівага развіцця, многія з удзельнікаў выказалі жаданне арганізаваць у Ходасах свой кінаклуб.
І вось у госці да дзяцей з аздараўленчага лагера працы і адпачынку “Брыганціна” з трэнінгам “КінаДзень” прыехалі валанцёры маладзёжнай грамадскай арганізацыі нефармальнай адукацыі “Фіяльта” Аляксей Каваленка і Вікторыя Макей. Яны расказалі, як арганізаваць кінапаказы з наступнай дыскусіяй, як правільна падбіраць фільмы, якія маю ць сацыяльную значнасць і гуманістычную накіраванасць, высокі эстэтычны ўзровень і дыскусійны патэнцыял.
Аказваецца, глядзець кіно з сябрамі зусім няпроста. Трэба ведаць пра ўсе тэхнічныя дэталі кінапаказу, якія могуць быць тыповыя і экстрэмальныя сітуацыі падчас прагляду фільма. Неабходна мець уяўленне аб тым, як наладзіць дыскусію пасля паказу, аб ролі і функцыях фасілітатара. Усяму гэтаму будучыя кінаманы навучыліся падчас правядзення трэнінгу. Аляксей і Вікторыя вучылі моладзь не толькі глядзець кіно, але і знаходзіць у ім глыбокі сэнс, дзяліцца сваімі ўражаннямі з іншымі.Падчас дыскусіі наконт убачанага ў кінафільме маладыя людзі павінны імкнуцца выказваць асабістую пазіцыю, пункт гледжання на тыя або іншыя падзеі, аргументаваць яго, аналізаваць пададзеную ў фільме інфармацыю, крытычна да яе ставіцца.
Кінаклубы павышаюць узровень сацыялізацыі моладзі: не знаёмыя да таго ўдзельнікі праглядаў і дыскусій пазнаюць адно аднаго, абменьваюцца інфармацыяй, знаходзяць аднадумцаў або проста новых знаёмых. Для людзей слаба сацыялізаваных такая пляцоўка добразычлівых зносін становіцца эфектыўным спосабам пераадолець асабістыя бар’еры.
Удзельнікам трэнінгу вельмі спадабалася мерапрыемства. Яны сказалі, што гэта было крута, крэатыўна, весела, яны шмат чаму навучыліся, пазнаёміліся з цудоўнымі людзьмі і атрымалі масу станоўчых эмоцый.
Аляксандр СЯМЁНАЎ,
настаўнік інфарматыкі Ходасаўскай сярэдняй
школы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.