Глыбінёй разумення і сістэмнасцю мыслення

- 11:08Адукацыйная прастора

На трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, якую сёлета гасцінна прымалі ў Дзяржынску ў Абласным аграрна-тэхнічным прафесійным ліцэі, навучэнцы прысталічнага рэгіёна прадэманстравалі глыбокія веды, эрудыцыю, уменне арыентавацца ў прасторы, практычныя навыкі і заваявалі 37 дыпломаў: 6 — І ступені, 12 — ІІ ступені і 19 — ІІІ ступені.

Пераможцы алімпіяды А.Галаўня і У.Данілковіч.

Уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі адзінаццацікласнікі Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Уладзіслаў Данілковіч і Аляксандр Галаўня (настаўніца Л.Р.Альгамец), дзесяцікласнікі: навучэнец Нясвіжскай гімназіі Уладзіслаў Сідаровіч (настаўніца З.Б.Кліменцьева), навучэнец гімназіі № 1 Жодзіна Данііл Дзяшковіч (настаўніца І.М.Пічугіна), вучаніца 9 класа сярэдняй школы № 2 Мар’інай Горкі Дар’я Ількевіч (настаўнік А.П.Швачко), а таксама васьмікласнік гімназіі № 1 Слуцка Раман Пенязь (настаўніца М.Ф.Цвірко).

Дзесяцікласнік Нясвіжскай гімназіі Уладзіслаў Сідаровіч да запаветнага дыплома І ступені ішоў 4 гады — 4 гады карпатлівай працы на ўроках, факультатывах, індывідуальных занятках разам з настаўніцай Зояй Барысаўнай Кліменцьевай. Куды паступаць, хлопец яшчэ дакладна не вызначыўся, аднак не выключае і варыянт геафака БДУ.

Для Уладзіслава Данілковіча і Аляксандра Галаўні з Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя гэтая абласная алімпіяда стала таксама пераможнай: на рахунку хлопцаў дыпломы І ступені. Сакрэт паспяховасці — у напружанай рабоце разам з настаўніцай Людмілай Рыгораўнай Альгамец і самастойна. Асаблівых цяжкасцей алімпіядныя заданні не выклікалі. Па меркаванні хлопцаў, калі старанна займацца хаця б па дзве гадзіны на тыдзень на працягу двух гадоў, прымаць удзе­л у алімпіядным руху, то дыплом на абласным этапе алімпіяды забяспечаны. Прычым пасля некалькіх гадоў удзелу ў спаборніцтвах значна дапамагае вопыт: ты асабліва не хвалюешся, матываваны, ведаеш, што рабіць.

З году ў год дэманструюць высокія вынікі навучэнцы гімназіі № 1 Жодзіна (настаўнікі І.М.Пічугіна, І.В.Кісляк), сярэдняй школы № 6 Жодзіна (А.М.Каралькевіч), Нясвіжскай гімназіі (З.Б.Кліменцьева), гімназіі № 1 Капыля імя М.В.Рамашко (А.С.Роўбуць), гімназіі № 1 Слуцка (М.Ф.Цвірко), гімназіі № 6 Маладзечна (Л.А.Разанава), гімназіі Фаніпаля (А.А.Коршун, Д.В.Ка­­спорскі), гімназіі № 1 Барысава (А.Б.Аляксеева), МДАЛ (Л.Р.Альгамец) і інш.

Усяго ў алімпіядзе прынялі ўдзе­л 79 юных знаўцаў геаграфіі, з іх 26 дзевяцікласнікаў, 27 дзесяцікласнікаў і 26 адзінаццацікласнікаў. Сярод удзельнікаў спаборніцтваў 10% — прадстаўнікі школ сельскай мясцовасці, 1 навучэнец установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У сёлетняй алімпія­дзе прадэманстравалі свае веды як навічкі, так і масцітыя алімпіяднікі. Дарэчы, апошніх было каля 30%.

Традыцыйна алімпіяда складалася з трох тураў: тэарэтычнага, для якога заданні, раздрукаваныя на кожнага навучэнца, дастаўляліся ў ліцэй фельд’егерскай службай, мультымедыйнага, падчас якога на працягу адной гадзіны ўдзельнікі выбіралі правільныя рашэнні для няпростых задач: ад свячэння начных агнёў Нігерыі да становішча пашаў Ірландыі, ад лакальных пытанняў да праблем касмічных маштабаў, і практычнага. У аснове задачы практычнага тура было пастаўлена пытанне: як забяспечыць кожнаму жыхару доступ да прыродна-экалагічнай інфраструктуры гарадскога пасёлка Карма? Удзельнікам неабходна было выканаць шэраг заданняў, сярод якіх — вызначыць і нанесці на карту зону 150-метровай даступнасці зялёных тэрыторый гарадскога пасёлка, разлічыць долю тэрыторыі, якая не ўваходзіць у яе, а таксама, выкарыстоўваючы карту шчыльнасці насельніцтва пасёлка, разлічыць колькасць гэтых тэрыторый на долю насельніцтва ў агульнай колькасці насельніцтва. Затым навучэнцы прапаноўвалі і абгрунтоўвалі напрамкі аптымізацыі пасялковага асяроддзя, звязаныя з выкарыстаннем зялёных тэрыторый. Пры распрацоўцы прапаноў улічваліся экалагічныя, сацыяльныя і іншыя значныя аспекты.

Алімпіяднікам быў таксама прапанаваны дадатковы англамоўны тур, дзе яны па ўласным жаданні правяралі веданне геаграфіі на англійскай мове.

Чацвёрты дзень алімпіяднага тыдня быў прысвечаны разбору заданняў, дзе юныя знаўцы геаграфіі маглі паўзаемадзейнічаць з членамі журы, вызначыць напрамкі сваёй далейшай падрыхтоўкі.

— За апошнія тры гады Рэспуб­ліканская алімпіяда па геаграфіі значна наблізілася да міжнародных спаборніцтваў, — адзначыў старшыня журы трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі дацэнт кафедры геаграфічнай экалогіі факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Яўген Анатольевіч Казлоў. — Многія заданні, асабліва практычнага тура, былі карэнным чынам перапрацаваны. Тых заўваг, якія ўзнікалі ў мінулым, пазамінулым годзе, мы пазбавіліся. Прапанаваныя сёлета заданні складаныя, разнародныя, творчага ўзроўню. Вучням і педагогам варта зразумець, што заданні рэспубліканскай алімпіяды — гэта не заданні практычных работ прадмета “Геаграфія”, гэта заданні, якія па­трабуюць выпрацоўкі ацэнкі сваіх дзеянняў, ведання і разумення геаграфіі як прадмета. Творчы ўзровень практычнага тура — гэта ўяўленне пра тое, як пабудаваны свет, якое месца ў ім займае навучэнец, як яго актыўнасць трансфармуе гэты свет і як вучань разумее адказ гэтага свету на сваю актыўнасць. У прыватнасці, сёлета вучні займаліся тэрытарыяльным планаваннем пасёлка гарадскога тыпу, і ім гэта сапраўды ўдалося. Ацэньваць работы журы было адначасова і цікава, і складана, бо вельмі розныя падыходы сустракаліся ў вырашэнні праблем невялікага пасёлка.

У папярэднія гады некаторыя вучні адмаўляліся ад выканання заданняў, якія ім здаваліся непасільнымі, хаця і часу хапала, а вось сёлета ўсе ўдзельнікі выканалі ад 25% заданняў і больш, прычым больш як палова навучэнцаў справілася з 50% заданняў. Лідары ма­юць сур’ёзны ўзровень ведаў, аднак істотнага разрыву паміж вучнямі, якія атрымалі дыпломы, няма. Адзінаццацікласнікі паказалі самы лепшы вынік сярод усіх удзельнікаў: па працэнце выкананых заданняў, па глыбіні разумення, па сістэмнасці мыслення ў геаграфічным аспекце, бо гэта вынік назапашанага вопыту ўдзелу ў алімпіядным руху. А педагогам, якія працуюць з алімпіяднікамі, хочацца парэкамендаваць на сі­стэмнай аснове тлумачыць школьнікам і іх бацькам неабходнасць вучобы не толькі па кнігах.


Усяго на Міншчыне ў трэцім этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды прынялі ўдзел каля 900 навучэнцаў. Інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі на базе ўстаноў адукацыі Барысава, Вілейкі, Дзяржынска, Жодзіна, Мала­дзечна, Нясвіжа, Слуцка, Салігорска, Узды і Мінскага абласнога ІРА. Кожная прымаючая ўстанова па­клапацілася не толькі пра дастойнае правядзенне алімпіядных тураў, але і пра вольны час юных інтэлектуалаў. Для вучняў былі арганізаваны экскурсіі і культурныя мера­прыемствы, працавалі бібліятэкі і майстэрні, спартыўныя і трэнажорныя залы, рэсурсныя цэнтры і выставы. Па жаданні ўдзельнікі маглі атрымаць дапамогу і кансультацыю псіхолага.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.