Глыбокія веды, эрудыцыя і крыху шанцавання

- 12:20Адукацыйная прастора
Дзяржынскі раён у лідарах

Стала добрай традыцыяй, што ў першай палове студзеня на Дзяржыншчыну з’язджаюцца лепшыя знаўцы роднай мовы з усёй Мінскай вобласці. Вось і сёлета трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры прайшоў на базе Абласнога аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя ў Дзяржынску. Арганізатары алімпіяды і гаспадары ліцэя зрабілі ўсё магчымае, каб стварыць удзельнікам інтэлектуальнага спаборніцтва, кіраўнікам каманд і членам журы спрыяльныя для работы і адпачынку ўмовы.

Паспрачацца за званне лепшых знаўцаў роднай мовы, прадэманстраваць эрудыцыю, моўнае чуццё сабраўся 81 навучэнец. Прычым установы адукацыі новага тыпу — ліцэі і гімназіі — прадстаўляў 41 навучэнец, школы сельскай мясцовасці — 23. Сярод удзельнікаў — 1 прадстаўнік Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа. Больш за ўсё навучэнцаў прадаставілі Дзяржынскі, Нясвіжскі, Барысаўскі і Мінскі раёны і Жодзіна.

На вопыт спадзявайся, але ж не расслабляйся

Традыцыйна ўдзельнікаў інтэлектуальнага спаборніцтва чакалі тры конкурсныя выпрабаванні: водзыў на лірычны твор, комплексная работа па беларускай мове і літаратуры і вуснае выказванне. Для напісання водзыву вучням былі прапанаваны тэксты: дзевяцікласнікам — “Верны крэўнаму брацтву” Ю.Свіркі, дзесяцікласнікам — “Дзівак-чалавек” А.Вярцінскага, адзінаццацікласнікам — “Спее дзень над гаем і над борам…” Г.Пашкова.

Дзяржынскі раён у лідарахУдзельнікам алімпіяды неабходна было правесці аналіз зместу верша, вызначыць тэму, ідэю, аўтарскую пазіцыю, праблематыку, паказаць асаблівасці формы і г.д. Журы ўлічвала творчы характар работы, самастойнасць думкі, агульнакультурную эрудыцыю школьнікаў. Комплексная работа па беларускай мове і літаратуры складалася з 10 заданняў, якія ўключалі як моўную, так і літаратурную часткі. Заданні па мове ахоплівалі літаральна ўсе раздзелы. Для вуснага выказвання юным знаўцам беларускай філалогіі прапаноўвалася выцягнуць білет, кожны з якіх уключаў у сябе дзве тэмы, адну з іх і трэба было выбраць удзельніку. У вусным выказванні ацэньваліся змест, пабудова, моўнае афармленне, а таксама творчы характар выказвання. Навучэнцы прадэманстравалі свае ўменні разважаць, будаваць лагічныя выказванні.
Прааналізаваць падрыхтоўку навучэнцаў да алімпіяды мы папрасілі членаў журы.

Старшыня журы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук, дацэнт БДПУ імя Максіма Танка Дзмітрый Васільевіч Дзятко:

— Удзельнікі алімпіяды дастаткова добра падрыхтаваныя. Больш высокія вынікі прадэманстравалі навучэнцы 11-х і 10-х класаў. Гэта і зразумела, большасці з іх удзельнічаць у алімпіядзе даводзілася не ўпершыню, а вопыт, як вядома, мае вялікае значэнне. Прыемна адзначыць, што сёлета за дзявяты клас выступалі і пяць васьмікласнікаў. Некаторыя з іх паказалі даволі высокі вынік: у ліку пераможцаў аказаліся двое. Гэта гаворыць аб высокім узроўні падрыхтоўкі школьнікаў у сярэднім звяне. Найлепш удзельнікі алімпіяды выконвалі заданні, якія не выходзілі за межы школьнай праграмы альбо выходзілі нязначна. Тыя ж заданні, якія патрабавалі творчага падыходу, дзе патрэбна было раскрыцца, праявіць эрудыцыю, моўнае чуццё, выклікалі большыя цяжкасці. Дарэчы, самі заданні былі падрыхтаваны на дастаткова высокім узроўні, яны былі сапраўды цікавымі, адназначнымі і не выклікалі розначытанняў.
У адзінаццацікласнікаў у лінгвістычным конкурсе найбольшыя цяжкасці выклікала заданне на веданне сінтаксісу, а таксама заданне, якое тычылася перакладу ўрыўкаў з твораў Францыска Скарыны са старабеларускай на сучасную беларускую літаратурную мову. Апошняе заданне было разлічана на лінгвістычную інтуіцыю школьнікаў. Што тычыцца вусных выказванняў, то многія навучэнцы прадэманстравалі камунікатыўныя навыкі, бліскучае веданне літаратуры і лінгвістыкі. Яны вобразна, разумна і паслядоўна выказвалі свае думкі. Склалася ўражанне, што частка ўдзельнікаў алімпіяды, карыстаючыся мінулагоднім вопытам, аслабілі падрыхтоўку менавіта да конкурсу вусных выказванняў. У навучэнцаў не заўсёды атрымлівалася выразная структура выказвання, у прыватнасці, дзеці нядрэнна ставілі праблему, раскрывалі яе і на гэтым заканчвалі сваю прамову, не робячы ніякага падагульнення, не праводзячы паралеляў з іншымі творамі. Адна справа — пералічыць, што на пэўную тэматыку пісалі тыя ці іншыя беларускія аўтары, зусім іншая — паказаць сябе, праявіць свой чытацкі вопыт, упісаць яго ў канву выказвання.
У далейшым хацелася б параіць педагогам асаблівую ўвагу звяртаць на адбор дзяцей – гэта павінны быць матываваныя людзі з лінгвістычнай інтуіцыяй. Калісьці мой навуковы кіраўнік даў вельмі слушную параду: чытаць слоўнікі нанач. Гэта б я і парэкамендаваў удзельнікам алімпіяды. Навучэнцам варта таксама звярнуць увагу на лексікалогію, фразеалогію, бо гэтыя раздзелы мовазнаўства дазваляюць падрыхтаваць найбольш цікавыя заданні, з якімі сапраўды прыемна працаваць не толькі членам журы, але і школьнікам.

Член журы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры гісторыі журналістыкі Інстытута журналістыкі БДУ Інга Дзмітрыеўна Воюш:

— З водгукам на верш філасофскай лірыкі А.Вярцінскага “Дзівак-чалавек” дзесяцікласнікі справіліся дастаткова добра. Усе вызначылі ідэйную накіраванасць твора, праўда, мастацкія сродкі былі ахарактарызаваны толькі тыя, якія вывучаюцца ў школе, — метафары, параўнанні, эпітэты, фразеалагізмы. Школьнікі выкладалі свае думкі лагічна, эмацыянальна, зразумела. Часам у іх сустракаліся маўленчыя і граматычныя памылкі.
На другім конкурсным выпрабаванні навучэнцы лепш за ўсё справіліся з заданнем на літаратурную эрудыцыю, дзе трэба было здагадацца, пра які гістарычны персанаж гаворыцца ў тэксце. Добра выканалі школьнікі і заданне на пераклад са старажытнабеларускай мовы. Цяжкасці выклікала заданне, якое тычылася гісторыі мовы, у прыватнасці, у якім парадку ў беларускай мове ўзнікалі знакі прыпынку. Але на тое яны і алімпіяднікі, каб цікавіцца такімі пытаннямі. Трэцяе алімпіяднае выпрабаванне — вуснае выказванне — жывы дыялог яе ўдзельнікаў з членамі журы. Дзесяцікласнікі ў параўнанні з дзявятым класам паказалі сябе намнога больш эрудзіраванымі, цікавымі, мова ў іх больш багатая. Адзінае — сустракаліся памылкі, у асноўным граматычныя.
Настаўнікам я параіла б пры падрыхтоўцы да алімпіяды звярнуць увагу на ўнікальнасць навучэнцаў, у кожнага з іх свае захапленні, хобі, свой унутраны свет і, вядома, рыхтаваць іх так, як сярэдняга навучэнца, які можа выказацца на тую ці іншую тэму, нельга. Калі яны вусна выказваюцца, лепш звяртацца да іх з уласнага вопыту, чым да добрых выказванняў мінулых гадоў альбо да зборніка лепшых сачыненняў. Калі дзіця, якое захапляецца рок-музыкай, расказвае пра тое, што яно любіць народныя песні, таму што так напісана ў падручніку, гэта адчуваецца. Чаму б не расказаць пра тое, што яго сапраўды цікавіць? Увагу навучэнцаў трэба звярнуць на арфаграфію і правапіс спалучэння галосных у запазычаных словах, на правапіс прыслоўяў. Яшчэ адна распаўсюджаная памылка — парушэнне межаў сказа. Навучэнцы любяць пачынаць наступны сказ з прычыннага злучніка: таму што, бо. А так не павінна быць.

Член журы метадыст вышэйшай катэгорыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Таццяна Віктараўна Батура:

— Дзевяцікласнікі зразумелі тэматычную накіраванасць верша “Верны крэўнаму брацтву”, вызначылі ідэю, нядрэнна выказвалі свае думкі, прыводзілі аргументацыю, спасылаліся на іншых аўтараў. Некаторыя праводзілі паралелі з іншымі творамі. Цяжкасці выклікала выяўленне мастацкіх сродкаў выразнасці. Праўда, хацелася б больш арыгінальнасці водзыву. За гэта найвышэйшы бал паставілі толькі некалькім навучэнцам. Парушэнне межаў сказа, няправільнае ўжыванне дзеепрыслоўных зваротаў, арфаграфічныя памылкі таксама сустракаліся.
Калі браць комплексную работу па беларускай мове і літаратуры, то навучэнцы лепш справіліся з літаратурнымі заданнямі, бо яны былі на аснове твораў, якія вывучаюцца ў школе. Напрыклад, удзельнікам алімпіяды былі прапанаваны прыказкі і неабходна было вызначыць, да якой байкі К.Крапівы яны падыходзяць. Яшчэ адно цікавае заданне: па ўрыўку з верша вызначыць аўтара твора, назву, вершаваны памер.
Цяжкасці ва ўдзельнікаў алімпіяды выклікала заданне, у якім навучэнцам да мужчынскіх імёнаў неабходна было падабраць беларускамоўныя размоўныя адпаведнікі, а таксама заданне па аднаўленні па значэнні прыказак, крыніцай якіх стала Біблія. Прыемна адзначыць, што да конкурсу вусных выказванняў навучэнцы былі добра падрыхтаваны. Аднак ёсць і некаторыя заўвагі: многія дзеці завучваюць тэкст і пасля яго агучваюць. Калі ж раптам яны збіваюцца, забываюць нешта, то ім складана працягнуць сваю думку. Педагогам варта рыхтаваць навучэнцаў так, каб яны свабодна валодалі словам, выказвалі свае меркаванні, не прывязваючыся да нейкага шаблону, які яны завучылі.

Па выніках алімпіяды шчаслівымі ўладальнікамі дыпломаў І ступені сталі дзевяцікласнікі: навучэнкі гімназіі № 1 Дзяржынска Дар’я Паўлюць (настаўніца Наталля Віктараўна Бушыла) і Наталля Чуйко (настаўніца Алена Чаславаўна Сяліцкая); дзесяцікласнікі: навучэнка Заямнаўскай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна Надзея Кухарчык (настаўніца Марыя Мар’янаўна Чуйко), навучэнка МДАЛ Юлія Васілевіч (настаўніца Лілія Нічыпараўна Казлоўская), навучэнка сярэдняй школы № 3 Вілейкі Алена Вансовіч (настаўніца Таццяна Аляксееўна Бруева). А таксама адзінаццацікласнікі: навучэнка сярэдняй школы № 4 Дзяржынска Настасся Савіч (настаўніца Тамара Аляксандраўна Цікунова) і навучэнец гімназіі № 1 Стоўбцаў Яраслаў Ларычаў (настаўніца Яніна Іванаўна Дрозд).

Усяго на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды юныя філолагі заваявалі 35 дыпломаў, з іх 7 — І ступені, 10 — ІІ ступені, 18 — ІІІ ступені. Найбольшую колькасць дыпломаў заваявалі навучэнцы Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя і навучэнцы Дзяржынскага раёна (па 6 дыпломаў). Чатыры дыпломы на рахунку Стаўбцоўскага раёна, па тры — у Мінскага і Нясвіжскага.
Як адзначылі юныя філолагі, складнікамі паспяховасці на алімпіядзе з’яўляюцца глыбокія веды, эрудыцыя, шырокі кругагляд і крыху шанцавання. Уладальніца дыплома ІІ ступені навучэнка гімназіі № 1 Дзяржынска Ганна Клімовіч прымала ўдзел у алімпіядзе ўжо трэці раз, а таму конкурсныя выпрабаванні былі для дзяўчыны звычайнай справай. Найбольшыя цяжкасці выклікала першае конкурснае выпрабаванне — водзыў на вершаваны твор. Як прызнаецца дзяўчына, і твор быў нескладаны, і сродкі выразнасці знаёмыя, але, мабыць, натхнення не было. Да алімпіяды Ганна рыхтавалася са сваёй настаўніцай Аленай Чаславаўнай Сяліцкай па індывідуальнай праграме. Калі-нікалі падрыхтоўка займала да 12 гадзін у суткі. У далейшым Ганна плануе звязаць сваё жыццё з гуманітарнымі навукамі, а пакуль будзе рыхтавацца да выступлення на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.

Для ўладальніка дыплома І ступені навучэнца 11 класа гімназіі № 1 Стоўбцаў Яраслава Ларычава сёлетняя алімпіяда таксама няпершая (у алімпіядным руху ён удзельнічае з 9 класа і трэці раз з’яўляецца пераможцам абласной алімпіяды). Для хлопца яна была цяжэйшай у параўнанні з папярэднімі, бо канкурэнцыя была большай і заданні больш складаныя. Па словах Яраслава, перамога на алімпіядзе стала магчымай дзякуючы намаганням настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Яніны Іванаўны Дрозд і мамы — настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Марыны Адольфаўны Ларычавай. Пасля заканчэння гімназіі хлопец марыць паступіць на юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта і стаць адвакатам.

 Вядомыя імёны і новыя зорачкі

Усяго ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прынялі ўдзел 870 навучэнцаў устаноў адукацыі Міншчыны, 485 з іх — навучэнцы ўстаноў адукацыі новага тыпу (56% ад агульнай колькасці удзельнікаў), 238 з іх сталі пераможцамі (69% ад агульнай колькасці пераможцаў). 7 удзельнікаў алімпіяды гэтага года, сярод якіх 2 пераможцы, — з’яўляюцца навучэнцамі ССНУ і ПТНУ вобласці.
Трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах быў праведзены ў васьмі рэгіёнах Міншчыны: Дзяржынскім, Нясвіжскім, Барысаўскім, Маладзечанскім, Слуцкім, Смалявіцкім раёнах, Жодзіне і Мінску. З гэтай мэтай былі задзейнічаны ліцэі, каледжы, гімназіі і абласны інстытут развіцця адукацыі.
“Лепшыя вынікі сёлета паказалі навучэнцы Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, а таксама Маладзечанскага, Лагойскага, Салігорскага і Дзяржынскага раёнаў, — гаворыць намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Уладзімір Леанідавіч Клюйко. — Сярод пераможцаў алімпіяды хочацца адзначыць Мікіту Бокшыца, дзесяцікласніка сярэдняй школы № 3 імя Г.Л.Сячко Любані, які не толькі цудоўна выканаў усе заданні па біялогіі, але і здзівіў сваімі ведамі членаў журы.
Вучань 8 класа гімназіі № 10 Маладзечна Георгій Іваноў, які выступаў за 10 клас, перамог у алімпіядзе па нямецкай мове і стаў удзельнікам заключнага этапу. Паліна Мейсак, навучэнка 9 класа гімназіі № 6 Маладзечна, якая выступала за 10 клас, дасягнула высокага выніку на алімпіядзе па англійскай мове і таксама замацавала за сабой месца ў камандзе на заключны этап.
Адзначаючы перамогі адораных навучэнцаў Мінскай вобласці, нельга не выказаць словы вялікай падзякі іх таленавітым педагогам. Сярод іх Ала Леанідаўна Бокшыц, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 3 імя Г.Л.Сячко Любані; Тамара Васільеўна Сіманенка, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі №7 Маладзечна; Іна Уладзіміраўна Хаванская, настаўніца рускай мовы і літаратуры Нясвіжскай гімназіі; Наталля Уладзіміраўна Пабойкіна, настаўніца матэматыкі гімназіі №1 імя У.А.Караля Чэрвеня; Яўген Яўгенавіч Валынец, настаўнік фізікі гімназіі №1 Барысава; Надзея Аляксандраўна Купрыянава, настаўніца інфарматыкі гімназіі №1 Барысава; Святлана Генадзьеўна Мельнікава, настаўніца хіміі Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя.
Для якаснай падрыхтоўкі школьнікаў Міншчыны да алімпіяд праводзяцца абласныя турніры юных фізікаў, матэматыкаў, хімікаў; спецыяльныя вучэбныя зборы па падрыхтоўцы да заключнага этапу алімпіяды; вучэбныя курсы па розных прадметах на базе УВА; заняткі з навучэнцамі профільнай змены “Максімум, ці 100%” у НДЛ “Зубраня”; абласныя дыстанцыйныя і інтэрнэт-алімпіяды. Добрай традыцыяй сталі III Мінскі абласны фізіка-матэматычны лагер, які дзейнічае ў складзе Рэспубліканскай летняй навукова-даследчай школы для навучэнцаў і педагогаў; профільная змена летняга аздараўленчага лагера па падрыхтоўцы навучэнцаў вобласці да рэспубліканскай алімпіяды па хіміі і інш.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.

kaliadich@ng-press.by
Фота аўтара.