Год дзіцячых наваселляў

Гэтая будоўля была вельмі чаканай у Навагрудку. А калі дакладна, то 27 гадоў. Менавіта столькі часу прайшло ад будаўніцтва апошняга дзіцячага садка. І ў знамянальныя дні, калі Навагрудчына святкавала 220-годдзе з дня нараджэння Адама Міцкевіча, дашкаляты і іх бацькі з раёна жылых новабудоўляў Паўднёвы Захад — 2 святкавалі таксама значную падзею — тут адкрыўся новы дзіцячы сад на 190 месцаў.

Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Ірына Барыкіна, дашкольная ўстанова мае ўсе ўмовы для рознабаковага развіцця дзяцей і іх бяспечнага знаходжання: басейн, спартыўную, музычную, харэаграфічную залы, камп’ютарны клас, утульныя групавыя пакоі. У медыцынскім блоку ёсць магчымасць праводзіць масаж і інгаляцыі. Харчаблок аснашчаны сучасным абсталяваннем, а гатовыя стравы на паверхі ў групы будуць паднімацца на спецыяльным ліфце. У шафкі для адзення ўбудавана сістэма цеплазабеспячэння, што дазволіць высушыць верхнюю вопратку і абутак. На гульнявых пляцоўках устаноўлена нетраўманебяспечнае гульнявое абсталяванне, а спартыўная пляцоўка мае спецыяльнае палімернае пакрыццё.

Падзялілі з навагрудчанамі радасць ад наваселля намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Лісковіч, старшыня Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Анатоль Маркевіч, начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Альбіна Давідовіч, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін, начальнік упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Алег Анікевіч.

Загадчыца дзіцячага сада № 12 Святлана Каткова атрымала ад дырэктара Навагрудскага СМУ Валерыя Сербіна сімвалічны крыштальны ключ. В.А.Лісковіч ад імя Гродзенскага аблвыканкама перадаў дзіцячай установе сертыфікат на набыццё камп’ютарнай тэхнікі, а А.М.Маркевіч — сертыфікат на набыццё цацак.

У Гродзенскай вобласці ў гэтым годзе адкрыты чатыры новыя дашкольныя ўстановы. У наступным годзе плануецца адкрыццё яшчэ 3 садкоў.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі Навагрудскага райвыканкама.