Год пачынаем вельмі паспяхова

- 11:35Інфармацыйная гадзіна

ВУП Беларусі ў студзені 2019 года вырас на 0,7 працэнта, што вышэй за квартальны прагноз урада, паведаміў міністр эканомікі Дзмітрый Крутой.

“Эканоміка пачала 2019 год вельмі паспяхова. Паводле аператыўнай інфармацыі, наш ВУП вырас на 0,7 працэнта, што нават крыху вышэй за квартальныя ацэнкі ўрада. Хоць многія эканамісты, улічваючы высокую базу першага квартала мінулага года, прадказвалі ледзь не тэхнічную рэцэсію, аднак практычна ўсе галіны ў студзені пайшлі ў плюс. Мы расцэньваем гэта, безумоўна, як станоўчы момант”, — адзначыў Дзмітрый Крутой.

Галіна, якая пайшла ў мінус, — аптовы гандаль. Гэта тлумачыцца сітуацыяй па цёмных нафтапрадуктах, аб чым дамаўляліся з расійскім бокам, удакладніў міністр. Стрымальным фактарам часткова стала і сельская гаспадарка (з-за свінагадоўлі).

Прагноз па тэмпах росту ВУП Беларусі ў 2019 годзе на 4 працэнты захоўваецца. “Яго не пераглядалі з улікам пазітыўных вынікаў студзеня”, — дадаў Дзмітрый Крутой.

Што тычыцца драйвераў росту беларускай эканомікі ў 2019 годзе, то, на думку міністра, гэта ў першую чаргу ўнутраныя рэзервы.

“Гэта інвестыцыі, нашы нацыянальныя праекты, развіццё малога і сярэдняга бізнесу”, — растлумачыў ён. Міністр звярнуў увагу, што апошнім часам былі прыняты беспрэцэдэнтныя дакументы для лібералізацыі бізнесу. Адзін з вынікаў — доля падатковых паступленняў ад малога і сярэдняга бізнесу склала 36 працэнтаў ад агульнага аб’ёму паступленняў.