Больш як 78 тысяч рублёў на Гомельшчыне накіравалі для правядзення рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.
Па словах старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя, сёлета дабрачынны марафон аб’яднаў каля 40 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак Гомельскай вобласці. Губернатар дадаў, што стварэнне камфортных і бяспечных умоў для выхавання і адукацыі дзяцей — адна з прыярытэтных задач. Мінулы каляндарны і навучальны год стаў адным з самых “ураджайных” для Гомельскай вобласці ў развіцці і ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, будаўніцтве новых аб’ектаў.
Напрыклад, 1 верасня 2020 года вучняў сустрэла новая школа ў мікрараёне № 21 Гомеля, летась 1 чэрвеня адкрыўся яслі-сад “Вясёлка-град” у рэканструяваным корпусе аздараўленчага лагера “Чонкаўскі бор” у Гомельскім раёне. Наваселле адзначалі дзеці ў Петрыкаўскім і Кармянскім раёнах і Гомелі.
Многа было зроблена і падчас падрыхтоўкі да гэтага навучальнага года. На мадэрнізацыю, рамонт і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі дадаткова выдзелена 12,5 млн рублёў, у тым ліку 5,6 млн — гэта сродкі аблігацыйнай пазыкі, накіраваныя ва ўстановы адукацыі Мазыра. Вялікую падтрымку школам і дзіцячым садам аказалі прадпрыемствы і арганізацыі.
Нагадаем пра некаторыя самыя прыемныя для педагогаў і навучэнцаў Гомельшчыны моманты 2020-га года:
• педагог гомельскай сярэдняй школы № 19 Вадзім Лосеў стаў настаўнікам года Беларусі;
• па выніках цэнтралізаванага тэсціравання летась вобласць заняла першую пазіцыю ў рэспубліцы — атрымана 57 стабальных сертыфікатаў;
• 26 работ з Гомельшчыны перамаглі на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару па вучэбных прадметах — гэта найлепшы вынік сярод абласцей;
• навучэнцы ўстаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі Гомельшчыны ўзнагароджаны 14 медалямі рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.