V пленум ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі адбыўся на бягучым тыдні. Прафсаюзныя лідары адукацыйнай галіны сабраліся, каб падвесці вынікі першага паўгоддзя 2022 года, намеціць задачы на другое паўгоддзе, а таксама ўнесці некаторыя змяненні ў склад Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза і г.д.
Гарачая пара
2022 год быў аб’яўлены Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі Годам якасці ў рабоце. Ён стаў лагічным працягам мінулага Года ўнутрыпрафсаюзнай дысцыпліны, што падкрэсліла старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Раманаўна Якубовіч. Першае паўгоддзе для членаў галіновага прафсаюза было вельмі насычаным. У гэты перыяд прафсаюзныя лідары ўключыліся ў маштабную работу па падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму, які адбыўся 27 лютага. А напярэдадні гэтай падзеі, 25 лютага, прайшло падпісанне дакумента аб прадаўжэнні тэрміну дзеяння Пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі і галіновым прафсаюзам на перыяд да 2025 года. У цяперашні час, па словах Таццяны Раманаўны, ва ўзаемадзеянні з міністэрствам ідзе работа над прывядзеннем актаў заканадаўства ў адпаведнасць з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.
Сярод галоўных задач, якія ставіць перад сабой галіновы прафсаюз, — своечасовая выплата заработнай платы педагагічным работнікам, працаўладкаванне работнікаў, якія вызваляюцца ў сувязі з аптымізацыяй галіны, а таксама аказанне матэрыяльнай дапамогі членам прафсаюза, калі арганізацыя, дзе яны працавалі, ліквідуецца, і іншыя.
Таццяна Раманаўна шмат гаварыла пра тое, што дробязей у рабоце прафсаюзнага лідара не бывае. Наша сіла — у салідарнасці і ўзаемападтрымцы. У гарачую пару жніва менавіта педагогі дапамагаюць айчынным аграрыям убіраць хлеб новага ўраджаю, часта ў складзе сямейных экіпажаў. На іх рахунку — ужо звыш 5 млн тон намалочанага збожжа! Вось такі важкі педагагічны ўклад у агульны каравай Беларусі.
Па прынцыпе нулявога траўматызму
На кантролі галіновага прафсаюза — пытанні заработнай платы педработнікаў. Як паведаміла Т.Р.Якубовіч, па выніках першага паўгоддзя 2022 года суадносіны сярэднемесячнай зарплаты ў сістэме адукацыі да агульнарэспубліканскага паказчыка склалі 70,5 працэнта (за 2021 год — 67,1 працэнта), у тым ліку настаўнікаў — 89,6 працэнта (за 2021 год — 80,3 працэнта). Пакуль ёсць праблемы з гэтым паказчыкам у сферы дашкольнай адукацыі.
У гарачую пару жніва менавіта педагогі дапамагаюць айчынным аграрыям убіраць хлеб новага ўраджаю, часта ў складзе сямейных экіпажаў. На іх рахунку — ужо звыш
5 млн тон намалочанага збожжа!
Педагогі краіны могуць заўсёды разлічваць і на прававую абарону з боку прававых інспектараў працы, а таксама на выкананне свайго права на бяспечныя ўмовы працы. Таццяна Раманаўна адзначыла, што зараз тэхнічныя інспектары працы ёсць у кожнай абласной, Мінскай гарадской арганізацыі і аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Кіраўнікам устаноў адукацыі варта ўзяць на ўзбраенне канцэпцыю нулявога траўматызму, бо няма нічога больш важнага, чым жыццё і здароўе чалавека.
Таксама на кантролі галіновага прафсаюза — работа дзіцячых аздараўленчых летнікаў і студэнцкіх атрадаў, вывучэнне сітуацыі па арганізацыі гарачага харчавання для работнікаў адукацыйнай галіны.
Новы час — новыя падыходы
Асаблівая ўвага — рабоце з моладдзю. Маладых лідараў адукацыі чакаюць на вучэбных курсах маладзёжнага прафсаюзнага актыву на базе Міжнароднага ўніверсітэта “МИТСО”. Таццяна Раманаўна ўпэўнена, што нашу моладзь неабходна чуць і падтрымліваць, каб выхаваць дастойную змену сапраўдных прафсаюзных лідараў. Без упартай працы не будзе і выніку. “Мы жывём у новы час, і нам трэба гэта ўлічваць, перабудоўвацца. Як было раней, ужо не будзе, — гэта трэба дакладна ўсвядоміць. У адзінстве — наша сіла. Мы разам!” — падагульніла Т.Р.Якубовіч.
Кіраўніка Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі падтрымала старшыня пярвічкі галіновага прафсаюза Бабруйскага дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага ПТК Валянціна Шадзейкіна. На прыкладзе сваёй установы малады прафсаюзны лідар паказала, што моладзь прывабліваюць сучасныя формы работы: яркія акцыі і чэленджы, дзейнасць у сацыяльных сетках і г.д. У каледжы добра наладжана валанцёрская работа, адгукаецца моладзь і на грамадзянска-патрыятычныя акцыі.
Асобнае пытанне — работа з педагогамі, якія толькі пачалі сваю прафесійную дзейнасць. Старшыня Пухавіцкай раённай арганізацыі галіновага прафсаюза Таццяна Іванаўна Шавель падрабязна расказала аб сацыяльна-эканамічнай абароне членаў прафсаюза, у тым ліку ў плане забеспячэння педагогаў жыллём, прадастаўлення інтэрната маладым спецыялістам. Увага да чалавека, яго праблем — вось складнік поспеху прафсаюзнага лідара. Напэўна, таму і лічбы замацаванасці маладых спецыялістаў у Пухавіцкім раёне так уражваюць — звыш 90 працэнтаў! Сапраўды ёсць чым ганарыцца. Іншым рэгіёнам варта раўняцца на пухавіцкіх калег.
Будзе і вынік
Напрыканцы работы пленума міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванавіч Іванец спыніўся на галоўных праблемах, якія акрэслілі прафсаюзныя лідары. У пытанні заработнай платы настаўнікаў сітуацыя нядрэнная, ёсць праблемы з узроўнем зарплаты выхавальнікаў і памочнікаў выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі. Па словах міністра, работа вядзецца, праз некаторы час будзе і вынік, які можна назваць сур’ёзным крокам наперад. А вось рэзервы павышэння зарплаты прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі — у нарошчванні экспарту адукацыйных паслуг, упэўнены Андрэй Іванавіч.
А.Іванец падрабязна спыніўся на праблеме замацаванасці маладых спецыялістаў. У гэтым плане ў лідарах — Мінская вобласць, пра Пухавіцкі раён ужо адзначалася вышэй, а вось у адстаючых — сталіца. Па словах А.Іванца, толькі 62% маладых педагогаў застаюцца працаваць на першым рабочым месцы. Куды ідуць астатнія амаль 40%? Добра, калі ў суседнюю школу, а не сыходзяць наогул з адукацыі, зазначыў міністр. Неабходна прыцягваць матываваную моладзь у рэгіянальныя ўстановы вышэйшай адукацыі, у тым ліку праз яе ўдзел і перамогі ва ўніверсітэцкіх алімпіядах менавіта ў рэгіянальных, а не сталічных УВА.
Мы жывём у новы час, і нам трэба гэта ўлічваць, перабудоўвацца. Як было раней, ужо не будзе, — гэта трэба дакладна ўсвядоміць. У адзінстве — наша сіла. Мы разам!
Закрануў Андрэй Іванавіч і пытанні грамадзянска-патрыятычнага выхавання ва ўстановах адукацыі. Па яго меркаванні, любоў да Радзімы пачынаецца з павагі да яе сімвалаў — гімна, герба, сцяга. Прычым гэта актуальна для кожнага навучэнца і кожнай сям’і.
Прафсаюзныя лідары пацікавіліся ў міністра, як вырашаецца праблема забеспячэння гарачым харчаваннем педагагічных работнікаў. Па словах А.І.Іванца, харчаванне настаўнікаў у школе — агульная практыка, аднак з гэтым не ўсё так проста. “Там, дзе школьнае харчаванне забяспечваюць камбінаты школьнага харчавання (КШХ), праблемы няма, бо ў гэтым выпадку калькулююцца ўсе выдаткі, — адказаў міністр. — А вось там, дзе школьнае харчаванне без КШХ, праблема ёсць. Аплата харчавання школьнікаў ажыццяўляецца толькі за прадукты, не ўлічваюцца іншыя выдаткі. Кантралюючыя органы задаюць нам справядлівае пытанне: на якой падставе настаўнікі атрымліваюць харчаванне ў школе па такой жа траекторыі, як і дзеці? Мы шукаем шляхі вырашэння гэтай праблемы, будзем абмяркоўваць яе з калегамі з міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, фінансаў. Думаю, мы выйдзем на прыняцце дакумента, у якім будзе рэгламентавацца арганізацыя гарачага харчавання для школьных настаўнікаў. Мы перажываем за нашых педагогаў і будзем іх падтрымліваць”.
Андрэй Іванавіч павіншаваў удзельнікаў пленума з хуткім пачаткам новага навучальнага года і пажадаў усім здароўя і плённай працы.
Наталля КАСТЭНКА.